Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Аднак узаемаадносіны з Галіцка-Валынскай зямлёй былі хоць і галоўнай, але не адзінай знешнепалітычнай праблемай Новагародскай дзяржавы. На захадзе яе інтарэсы сутыкаліся з інтарэсамі Польшчы. I таму зразумела, чаму ў 1278 г., калі не прадбачылася галіцка-валынскае ўварванне ў яго зямлю, Трайдзень робіць паход на ляхаў. Упамінанне (дарэчы, вельмі няяснае) яцвягаў у сувязі з гэтай падзеяй можа пэўным чынам сведчыць, што ў паходзе ўдзельнічалі і яны. Нездарма ж у пазнейшых беларускіх летапісах XVI ст. Трайдзень называўся яцвяжскім князем. Паход Трайдзеня і яго брата Сірпуцыя, накіраваны пад Люблін, прынёс вялікую ўдачу. Гэта перш за ўсё выявілася ва ўзяцці шматлікага палону, што і з’яўлялася тады галоўнай мэтай паходу. Трэба было ж кампенсаваць страты, у тым ліку і людскія, нанесеныя ў 1274 і 1277 гг.

Хоць Новагародская зямля і была дамінуючай у дзяржаве і забеспячэнне яе ўнутраных і знешніх інтарэсаў з’яўлялася галоўнай задачай Трайдзеня, аднак пад уладай яе знаходзіліся іншыя землі і іх інтарэсы таксама нельга было ігнараваць, тым больш што ўлада над імі не была яшчэ трывалай, як, напрыклад, у Нальшчанах, дзе прыйшлося распраўляцца з непакорнымі феадаламі. Адзін з іх — Суксе — уцёк у Ордэн, дзе прыняў каталіцтва і скора быў выкарыстаны рыцарамі для барацьбы са сваімі былымі суайчыннікамі. Дзесьці ў прамежку 1272–1274 гг. ён прыняў удзел у паходзе на землі Аўкштайціі і Нальшчанаў, дзе і загінуў. Менавіта крыжацкая агрэсія заставалася галоўнай пагрозай для паўночна-заходніх земляў дзяржавы. Рыцары імкнуліся ўсё глыбей па Дзвіне пранікнуць на ўсход. Асабліва гэта выявілася са збудаваннем імі крэпасці Дынабург (Дзвінск, лат. Даўгаўпілс), у якім засеў моцны гарнізон. Усё гэта не магло не выклікаць рашучых дзеянняў з боку новагародскага ўрада. I вось недзе каля 1277 г., паводле Рыфмаванай хронікі, Трайдзень са сваімі войскамі аблажыў нямецкую крэпасць. Асабліва тут вызначыліся беларускія стралкі (russen Schutzen), якія перабілі многіх рыцараў, што абаранялі крэпасць. Аднак яна была так добра ўмацавана, што аблога, якая цягнулася чатыры тыдні, не была паспяховай, і Трайдзень вымушаны быў адступіць. Забягаючы наперад, зазначым, што пазней, у 1281 г., Трайдзень змог захапіць Герцыге (колішнюю полацкую крэпасць у Ніжнім Падзвінні) і гэтым самым адрэзаў Дынабург ад Лівоніі, што і прымусіла Ордэн абмяняць захопленую ў яго крэпасць на Дынабург. Праўда, у 1313 г. рыцары зноў вярнулі яго сабе. I ўсё ж, нягледзячы на няўдачу, дзеянні Трайдзеня прынеслі немалую шкоду крыжакам, і яны вырашылі адпомсціць яму ўварваннем зімою 1278 г. у сучасныя літоўскія землі. Ім удалося пранікнуць аж да Кернава (на беразе Віліі). Горад крыжакамі не быў узяты, але тэрыторыя вакол яго была страшэнна спустошана. Супраціўлення ніякага не было, і ордэнскія атрады ішлі ад вёскі да вёскі і знішчалі ўсё, што траплялася на іх шляху. 3 вялікай здабычай у лютым 1279 г. пайшлі крыжакі назад. Але яны не былі пакінуты без пакарання. Мясцовыя насельнікі, сабраўшыся ў вялікае войска і пайшоўшы ўслед за рыцарамі, 5 сакавіка 1279 г. пад Ашэрадэнам нанеслі ім паражэнне. На жаль, гэты поспех не быў замацаваны далейшымі ўдарамі па крыжаках, што і выратавала іх разам ад катастрафічнага разгрому.

Крыніцы ў асноўным данеслі да нас звесткі аб вайсковай дзейнасці Трайдзеня. Але ў іх мы знаходзім і паведамленні, праўда, адзінкавыя і вельмі цьмяныя, пра яго дыпламатычныя захады. Так, можна меркаваць па ўскосных сведчаннях, што ім у прамежку 1273–1278 гг. быў заключаны гандлёвы дагавор з Ордэнам. Вядомы таксама і яго дагавор 1279 г. з плоцкім князем Баляславам, што ўстанавіла мір паміж ім і Мазовіяй і дало магчымасць яму ўзмацніць барацьбу з Ордэнам.

Як бачым, перыяд княжання Трайдзеня (1270–1282) быў часам умацавання Новагародскай дзяржавы, якое праходзіла і ў барацьбе з унутранай рэакцыяй і асабліва ў пераадольванні знешняй пагрозы, якая ішла з поўдня ад галіцка-валынскіх князёў і з захаду — ад Ордэна. Усё гэта і не дало магчымасці Новагародку значна пашырыць тэрыторыю сваёй дзяржавы ў параўнанні з тым, што было зроблена пры Войшалку. Толькі з позняга Васкрасенскага летапісу мы даведваемся, што Трайдзень далучыў да сваіх уладанняў яцвягаў. I гэтаму можна верыць. Далучэнне часткі яцвяжскай тэрыторыі непасрэдна павялічвала тэрыторыю Новагародскай зямлі, забеспячэнне інтарэсаў якой было, як мы бачылі, галоўным клопатам Трайдзеня.

Заняпад Новагародка i новае ўзвышэнне Полацка

У далейшай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, асабліва ў дзесяцігоддзе пасля смерці Трайдзеня, маецца таксама нямала цёмных месц. Мы нават не можам упэўнена сказаць, хто змяніў Трайдзеня на велікакняскім пасадзе. У П. Дузбурга пад 1291 г. упамінаецца пра Лютувера, князя літоўскага, як бацьку Віценя. 3 гэтага можа вынікаць, што ён пасля смерці Трайдзеня стаў вялікім князем. Аднак у Іпацьеўскім летапісе пад 1289 г. паведамляецца: «Тогда же Литовский князь Будикид и брат его Будивид даша князю Мстиславу город Волковыеск, абы с ним мир держал». Дык вось другі з гэтых князёў Будзівід выступае ў некаторых нямецкіх крыніцах пад імем Путувера. У сваю чаргу Лютувера некаторыя нямецкія крыніцы называюць Путуверам. Усё гэта дае пэўную падставу атаясаміць з Будзівідам Лютувера і лічыць яго побач з Будзікідам вялікім князем, што змяніў Трайдзеня. Нічога нельга сказаць, ці належалі гэтыя князі да яго роду. Бясспрэчна толькі, што як яго, так і іх імёны сведчаць пра іх славянскае паходжанне. Застаецца незразумелым, чаму Ваўкавыск быў уступлены ад імя двух братоў, чым тлумачыцца такі дуумвірат. 3-за адсутнасці інфармацыі на гэтыя пытанні немагчыма знайсці адказ.

Больш пэўнае меркаванне можна выказаць пра факт перадачы Ваўкавыска валынскаму князю Мсціславу. Прызначэнне гэтай ахвяры ясна ўказана: для ўстанаўлення мірных адносін з Валынню, якая побач з Галічам была да гэтага часу заўсёдным праціўнікам Новагародка. I што самае важнае, уступка была зроблена за кошт яго зямлі. А гэта ўжо сімптаматычна, бо магло азначаць паступовую страту ёю свайго дамінуючага значэння, што ў далейшым яскрава і выявілася.

Калі Будзікід і Будзівід з’яўляюцца найменш вядомымі нам князямі, то іх наступнік Віцень належыць да ліку самых вядомых і славутых імёнаў у нашай гісторыі. Мы ўжо ведаем, што гаварыў пра яго паходжанне П. Дузбург. Аднак у іншых крыніцах пра гэта гаворыцца інакш. Так, у летапісах XVI ст., прасякнутых ідэяй услаўлення жамойцкіх князёў, Віцень таксама адносіцца да іх роду. Тут даводзіцца, што нібыта яго, яшчэ малога, убачыў Трайдзень, праязджаючы праз належачую яму Эйраголу, разгледзеў яго розум і кемлівасць і ўзяў да сябе, дзе ён вызначыўся сваёй рупнасцю, дабрачыннасцю і ўмельствам, за што і быў пастаўлены маршалкам, а пасля смерці свайго патрона заняў яго месца. Заслугоўвае здзіўлення тое, што ў гэтых летапісах пасля такога дэталёвага апавядання аб перадгісторыі Віценя нічога не гаворыцца пра яго справы як вялікага князя. Тлумачылася гэта тым, што Новагародскі летапіс заканчваўся часам Трайдзеня, і таму складальнікі пазнейшых летапісаў не мелі патрэбных звестак пра Віценя. Але з гэтым нельга пагадзіцца, бо пра Трайдзеня звесткі браліся не з Новагародскага, а з Галіцка-Валынскага летапісу, як і ўсё пра ранейшых вялікіх літоўскіх князёў. Менавіта таму, што апошні летапіс абрываўся 1292 г.,г. зн. часам, калі Віцень не быў яшчэ вялікім князем, і тлумачыцца, чаму ў складальнікаў пазнейшых летапісаў не было нічога пра Віценя, і яны змаглі выдумаць толькі яго перадгісторыю. Праўда, у Густынскім летапісе, у якім адбіўся і пазнейшы час, мы знаходзім паасобныя звесткі пра Віценя, але яны запазычаны з замежных крыніц. Для складальнікаў летапісаў XVI ст. важней за ўсё было паказаць у інтарэсах тых магнатаў, якія адносілі сябе да роду Калюмнаў, што з гэтага роду паходзіць Віцень і ўсе далейшыя за ім вялікія князі. Выдуманая гісторыя пра паходжанне Віценя і з’явілася падставай для многіх даследчыкаў лічыць яго пачынальнікам новай дынастыі вялікіх літоўскіх князёў. Але ж фактычна новая дынастыя пачыналася з Трайдзеня, і таму невыпадкова складальнікі летапісаў XVI ст. імкнуліся нейкім чынам звязаць з ім і Віценя, толькі прыпісаўшы яму жамойцкае паходжанне.

Зазначым таксама, што ў «Сказании о князьях владимирских», складзеным у першай палове XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве, Віцень (яго імя тут «Віцянец») паказаны як адзін са смаленскіх князёў, якому ўдалося выратавацца ад татарскага пагрому і ўцячы ў Жамойцію (так тут называецца Літва). Беларускія гісторыкі XIX ст. М. Без-Карніловіч i А. Кіркор выказвалі думку, што Віцень, як і Гедзімін, быў сынам полацкага князя Гердзеня. Пры такой разнастайнасці звестак і думак аб паходжанні Віценя зноў такі вырашальнае значэнне мае яго славянскае імя.

У адносінах Віценя, як і Трайдзеня, вельмі мала захавалася сведчанняў пра яго унутраную палітыку. Дарэвалюцыйныя гісторыкі (Б. Антановіч, М. Дашкевіч, М. Любаўскі) супрацьпастаўлялі нібыта літоўска-язычніцкай палітыцы Трайдзеня руска-хрысціянскую палітыку Віценя і Гедзіміна, але і тыя адзінкавыя факты без ніякага выключэння гавораць, што Віцень, як і ранейшыя князі, змагаўся за ўнутранае ўмацаванне дзяржавы, праціўнікамі чаго былі феадалы балцка-літоўскіх земляў, у прыватнасці Жамойціі. Нямецкія крыніцы захавалі і прозвішча аднаго з заклятых ворагаў Віценя — Пялюзы. Ён як быццам з'яўляўся нават сынам Трайдзеня, скінутым з княскага пасада Лютуверам (па іншых звестках ён быў сынам Даўмонта, што больш верагодна). Пасля гэтага ён у 1286 г. уцёк да крыжакоў і на працягу многіх гадоў рабіў свае разбойніцкія напады на пагранічныя землі былой радзімы. У адзін з такіх набегаў у Нальшчанах ён захапіў і забіў 70 старэйшын, якія сабраліся на вяселле. Важна падкрэсліць, што справа тут не ў асабістых амбіцыях Пялюзы, але, гэта галоўнае, у падтрымцы яго з боку жамойцкіх вярхоў. Яму нават удалося схіліць да здрады трох вайсковых начальнікаў (Драйка, Спуда і Світрыла), якія здалі свае крэпасці крыжаносцам. Толькі ў 1314 г. Пялюза быў захоплены Гедзімінам і пакараны смерцю. Або вось яшчэ больш яскравы факт. У 1294 г. у час нападу крыжакоў на Жамойцію яе старэйшыны схілялі народ да саюзу з немцамі і паднялі паўстанне супраць Віценя. Хоць яно і было задушана, аднак Віценю так і не ўдалося схіліць жамойтаў да згоды і супольнай барацьбы з крыжакамі.

Як бачым, па меры далейшага прасоўвання Новагародскай дзяржавы ў глыб балцка-літоўскіх земляў працягвалася і іх супраціўленне. У той жа час як пры Міндоўгу, Войшалку, Трайдзені, так і пры Віцені мы не знаходзім у крыніцах ніводнага факта супраціўлення ўладзе вялікіх князёў у беларускіх землях.

Паколькі дзейнасць (і выключна вайсковая) Віценя адбівалася толькі ў заходніх крыніцах, то мы ведаем у цэлым толькі пра яго барацьбу з крыжакамі і часткова з палякамі. Менавіта першае ўпамінанне пра Віценя ў 1291 г., калі ён не быў вялікім князем, і гаворыць пра яго паход на Польшчу. Там сказана, што Лютувер паслаў яго супроць палякаў у зямлю Берасцейскую. Берасце ў гэты час знаходзілася ва ўладзе валынскага князя Мсціслава. Трэба зазначыць, што ён перад гэтым вёў упартую спрэчку са сваім пляменнікам Юрыем Львовічам за Берасце. Жыхары гэтага горада выказалі былі сваю сімпатыю да яго саперніка, і яны былі за гэта пакараны. Мсціслаў, не хочучы праліваць іх крыві, вырашыў абкласці іх цяжкай данінай, аб чым і загадаў пісцу запісаць у летапіс: «…уставляю ловчее на Берестьяны и в векы за их коромолу: со ста по две лукне меду, а по две овце, а по пятннадесять десятков льну, а по сто хлебов, а по пяти цебров овса, а по пяти цебров ржи, а по 20 куров, а по горожаны 4 гривны кун, а кто мое слово порушить, а станет со мною перед богом. А вопсал есмь в летописець коромолу их». Вядома, усё гэта не магло выклікаць прыхільнасці берасцянаў да валынскіх князёў і ў далейшым мела ўплыў на ўваходжанне Берасцейскай зямлі ў склад BKЛ. Іпацьеўскі летапіс пад 1291 г. апавядае аб дапамозе Льва Галіцкага польскім князям Баляславу, Кандрату, Лакотку пад Кракавам, але там Віцень не ўпамінаецца. Аднак магчымасць барацьбы Віценя за Берасце нельга выключыць. Берасцейская зямля, у склад якой уваходзілі апроч Берасця Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, клінам урэзвалася паміж Мазовіяй і новагародскімі ўладаннямі, і таму барацьба за яе была жыццёва неабходнай для дзяржавы. Да таго ж гэтая зямля была адгароджана ад Валыні балотамі і пушчамі. Усё гэта аблягчала яе ўключэнне ў склад ВКЛ, што і адбылося ў 1315 г. Цікава, што ў познім Васкрасенскім летапісе ў заслугу Віценю, які там называецца сынам Трайдзеня (Прайдзеня), і ставіцца якраз тое, што ён «прибавил земли Литовские много и до Бугу». Магчыма, што далучэнне Берасцейскай зямлі было найбольшым тэрытарыяльным прырашчэннем у час Віценя. На жаль, крыніцы не даюць магчымасці ўстанавіць, ці пашыралася ўлада Віценя на Тураўскую і Пінскую землі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: