Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Праўда, гэта адбылося не адразу, бо, як ужо адзначалася, з 1357 г. пачалося ўмяшанне Альгерда ва ўзаемаадносіны паміж Маскоўскім і Цвярскім княствамі. Тым не менш у 1362 г. Альгерд ажыццявіў свой імклівы рэйд на Падолле. Яно у той час знаходзілася пад татарскаю ўладай, але ўжо было незалежным ад Залатой Арды, якая знаходзілася ў стане распаду. Мы ўжо ведаем, што ў 1356 г. падольскія татары былі на баку Альгерда, гэтак жа як і ў 1351 г. Прычынаю такіх дружалюбных адносін з’яўлялася тое, што Польшча прэтэндавала не толькі на Галіцыю, але і на Падолле. I гэта, вядома, рабіла татарскіх уладароў саюзнікамі Альгерда. Аднак у 1356 г. Казімір пачаў перамовы з татарскімі князямі Падолля, задобрыў іх багатымі дарункамі, і гэта дало свае вынікі: сем татарскіх уладароў Падолля перайшлі на бок Польшчы супроць Альгерда. Такая рэзкая змена ў пазіцыі татараў і дала Альгерду падставу таксама змяніць адносіны да іх, што і выявілі падзеі 1362 г. На жаль, гэтая важная падзея вельмі скупа, а то і заблытана (як у «Хроніцы Быхаўца») пададзена ў крыніцах. Больш поўнае і дэталёвае яе асвятленне мы знаходзім у «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай».

У шэрагу крыніцаў сказана толькі, што Альгерд у гэтым паходзе атрымаў вырашальную перамогу на р. Сінія Воды над трыма татарскімі князямі Падолля: Кутлубугам, Хаджыбегам і Дзмітрыем (незразумела, чаму гэты апошні насіў хрысціянскае імя; магчыма, зразумеў, што над хрысціянамі лягчэй будзе ўладарыць, перайшоўшы ў іх веру). У «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай» гэтая падзея перададзена так: «Ольгерд… выправился против татаров в Поля Дикие; тягнули теж з ними и чотыри его сыновци Кормятовичи: Александр, Константин, Юрий, Феодор — Кормята, князя новгородского сынове. А гды пришли до Синей Воды, минувши Канев и Черкасы, указалася им в полю великая орда з трома цариками на три обозы разделеныи, то есть Котлубая, Катибея, Бекера и Дмитра солтана. То обачивши, Ольгерд, же до войны готовы татаре, разшиковал войско свое на шесть гуфов закривленных з боков и на чоло розсадивши, абы их татаре танцами звыклыми огорнути и стрелами шкодити не могли. А потом з великою запалчивостю татаре град железный з луков на литву густо пустили, але им стрэлбою не зашкодили, для порядного ушиковання и прудкого розступеня. Литва зас з русю скочила зараз з копиями и шаблями, потыкаючися, чоло им перервали и танцы помешали, другие зас з куш белтами, а звлаша новогорожане з Корнятовичами и валили их з коней, напираючи на них з боков, летали не иначе як снопы от гвалтовного ветру татаре разбурены, а не могучи болш литве на чоль вытрвати, почали мешатися и утекати по широких полях. Там же цариков их трох: Котлбая, Катибея, Бекера — забито, от Мурзов и уланов побито велми много, трупов тежь татарских полны поля и реки были, стад килкадесят, верблюдов, обозы их, в которых всю маетность звыкли свою татаре з пши на пашу возити…»

Мы падалі гэтую вытрымку з летапісу, бо яна найбольш поўна і праўдзіва сведчыць аб выдатнай падзеі нашай гісторыі. Апрача таго, яна дае нам дэталёвае апісанне бітвы, тактыкі бою як Альгерда, так і татараў, што можа мець вялікую цікавасць для гісторыкаў вайсковай справы. Характэрна і тое, што тут татарскія ўладары называюцца царыкамі, што вельмі добра адлюстроўвае мізэрнасць абсягаў іхняе ўлады.

Але для нас асабліва важна звярнуць увагу на тое, што ў паходзе ўдзельнічалі новагародскія князі Карыятавічы — Аляксандр, Юрый, Канстанцін і Фёдар. У «Хроніцы Быхаўца» таксама паведамляецца аб гэтым, але вельмі заблытана. Паводле гэтай крыніцы, Альгерд узяў толькі трох Карыятавічаў, а чацвёрты, Фёдар, з’явіўся ў Падоллі толькі пасля смерці трох сваіх братоў, але быў выгнаны князем Альгердам. Аднак у сапраўднасці ў паходзе разам з Альгердам бралі ўдзел усе Карыятавічы. I самае важнае, што яны складалі галоўную апору Альгерда і адыгралі галоўную ролю ў перамозе. Таму становіцца зразумелым, чаму Альгерд, вяртаючыся дадому з часткаю войска, «другю часть в Подолю оставил, под которым войском приложил сыновцов своих князей новгородских Корнятовичей Александра, Константина, Юрия и Феодора, и все крины Русские с Подолем поручил им и дал в панованне». Усё паказвае, што названы паход, як і барацьба за Валынь, быў найперш у інтарэсах Новагародка, і таму ў ім удзельнічалі новагародскія князі са сваім войскам, якім і былі аддадзены ва ўладанне ўсе заваяваныя землі. Такім чынам, хаця Новагародак і страціў сваё сталічнае становішча, аднак ён не страціў дзяржаўнай значнасці. Нездарма ж і цяпер прызначэнне князя на новагародскі пасад суправаджалася яго каранаваннем, як гэта было з Карыятам у 1327 г. Новагародак, як і Полацк, дыктаваў сваю палітыку вярхоўнай уладзе, вынікам чаго і з’явіўся паход Альгерда ў Падолле.

Дарэчы, і тут летапіс паказвае, што пад назваю «Літва» хаваецца не сучасная Літва, а Новагародчына. Гэта добра бачна з таго што Карыятавічы адначасова называюцца і новагародскімі, і літоўскімі князямі — як, напрыклад, там, дзе гаворыцца пра будаўніцтва ў Падоллі замкаў.

Заваяванне Падолля вызначыла і лёс Кіеўскага княства. Акружанае з усіх бакоў уладаннямі Альгерда, і яно, натуральна, павінна было перайсці пад яго ўладу, што і адбылося без барацьбы. Аб гэтай падзеі гаворыцца вельмі коратка і то толькі ў Густынскім летапісе: «Сей Ольгерд и иншия Русские державы во свою власть принят, и Киев под Фёдором князем взят, и посади в нем Володимера сына своего, и начина сим владета». Заваяванне Альгердам Кіеўшчыны было адначасова і вызваленнем яе, як і Падолля, ад татарскай няволі. Летапіс паведамляе пра тое, што Альгерд гэтым землям «от татаров вольность учинил». Менавіта князь Фёдар, якога замяніў Альгердаў сын Уладзімір, быў фактычна падручным хана Залатой Арды. Аднак тая ўжо занепадала, таму і не зрабіла ніякіх захадаў у адказ на тое, што Альгерд адабраў ад яе «ўлусы». Гэта добра сведчыць, наколькі прадбачлівым палітыкам быў Альгерд, наколькі ўдала ён мог выбраць момант для дзеянняў.

Калі барацьба за Падолле і Кіеўшчыну закончылася паспяхова, то змаганне за Валынь зноў аднавілася. Польскі кароль Казімір, выкарыстоўваючы ўдзел Альгерда ў цвярскіх справах, у 1366 г. зноў зрабіў паход на Валынь з мэтаю яе падначалення Польшчы. Спачатку яму ўдалося заняць Белу і Холм, князь якіх Юрый Нарымонтавіч, не маючы дастатковых сіл для супраціўлення, вымушаны быў прызнаць уладу Казіміра. Потым польскія войскі занялі і іншыя гарады Валыншчыны — Уладзімір і Крамянец былі таксама аддадзены ў палон Аляксандру Карыятавічу, і толькі Луцк з акругамі застаўся за Любартам. Для нас асабліва важна адзначыць, што па ўмове, якая была заключана ў гэты час, польскі кароль назаўсёды прызнаваў Берасцейскую зямлю ўладаннем ВКЛ.

Аднак і на гэтым барацьба за Валынь не закончылася. Яна працягвалася яшчэ доўгі час у выглядзе спусташальных набегаў войск Вялікага княства на суседнія польскія землі. I толькі ў 1377 г., калі новы польскі кароль Людовік зноў са сваім войскам прыйшоў на Валынь, у час доўгай аблогі Белзы быў заключаны мір, па якому Берасцейская, Уладзімірская і Луцкая землі прызнаваліся за ВКЛ, а Холмская і Белзская — за Польшчай.

Асоба Альгерда

3 разгледжанага вышэй выразна відаць, што Альгерд як да 1345 г., калі ён быў крэўскім і віцебскім князем, так і пасля, калі ён стаў вялікім князем літоўскім, найперш і галоўным чынам выступае як беларускі дзяржаўны дзеяч. 3 гэтым шчыльна звязана і пытанне аб яго веравызнанні. У ранейшай гістарычнай літаратуры большасць аўтараў схілялася да думкі, што Альгерд быў язычнікам. Падставаю былі паведамленні храністаў Г. Вартберга і Я. Длугаша аб яго язычніцтве да самай смерці і аб спаленні яго цела на вогнішчы. Але заходнія аўтары былі зацікаўленыя ў пашырэнні ўяўлення пра ВКЛ як пра язычніцкую дзяржаву і пра яе вялікіх князёў — як язычнікаў, што апраўдвала экспансіянісцкія дзеянні Ордэна і Польшчы, якія прыкрываліся лозунгамі пашырэння хрысціянства. Аднак абсурднасць сцверджанняў аб язычніцтве Альгерда найперш выяўляецца фактам ягонага 25-гадовага княжання ў Віцебску. Вядома, што ў гэтым горадзе, як і ў Полацку, ці іншых беларускіх гарадах, не мог уладарыць язычнік. Ва ўсялякім разе, крыніцы не даводзяць да нас ніводнага такога факта. Апроч таго, як паведамляе Ніканаўскі летапіс, на просьбу пскоўцаў хрысціцца і быць у іх князем Альгерд адказваў, што ён ужо хрышчоны. Малаверагодна, што пры нараджэнні Альгерд не быў ахрышчаны. Яго маці была праваслаўная і наўрад ці магла яна пагадзіцца з тым, каб яе сын быў нехрысцем. Ды і язычніцтва самога Гедзіміна, як ужо адзначалася намі раней, з’яўляецца вельмі праблематычным.

Пра язычніцтва Альгерда не можа сведчыць і яго імя. Мы ўжо ведаем, што ў княскіх родах, у тым ліку і полацкіх, дзецям давалі па два імені: княскае і хрысціянскае. Дык вось імя Альгерд і было княскім, а не язычніцкім. Хрысціянскае ж імя Альгерда было Андрэй (заслугоўвае ўвагі, што свайму першаму сыну, будучаму полацкаму князю, ён даў гэткае ж імя). А перад смерцю, па настаянню жонкі Юльяны, Альгерд прыняў схіму, а з ёй і імя Аляксей.

Вядома ж, і стаўшы вялікім князем, ён не мог перайсці ў язычніцтва, бо ў тым не было ніякай патрэбы. Ён па-ранейшаму быў выразнікам інтарэсаў усходняй хрысціянскай часткі дзяржавы. Факты пацвярджаюць, што як у Віцебску, так і ў Вільні ён паводзіць сябе як хрысціянін, чаму не ў малой ступені садзейнічала і тое, што яго жонкі Марыя Віцебская і Юльяна Цвярская былі вельмі набожнымі хрысціянкамі. Гэта наглядна выявілася ў будаванні праваслаўных храмаў. Так, у Віцебску ім былі пабудаваныя цэрквы Дабравешчанская і Святога Духа. Не выключана, што пазней дзякуючы падабенству імёнаў Ольгі і Альгерда пабудова цэркваў у Віцебску была прыпісана княгіні Вользе, тым больш што ў 974 г. яна гэтага зрабіць не магла, бо яе ўжо не было ў жывых. Пераезд Альгерда ў Вільню таксама адзначаны пабудоваю двух храмаў, прычым першы з іх быў узведзены на месцы язычніцкага капішча. Ніяк не можа сведчыць пра язычніцтва Альгерда і гісторыя з трыма язычнікамі. Яны былі пакараныя смерцю не па загадзе Альгерда, а паводле патрабавання да яго язычнікаў. Раней ужо адзначалася, што язычніцкія імёны гэтых людзей, якія пасля былі абвешчаны святымі — Кумец, Круглец і Няжыла — сведчаць аб прыналежнасці іх носьбітаў да славян. Трэба думаць, што на тэрыторыі BKЛ, дзе яшчэ мелася нямала язычнікаў, у тым ліку і ў Вільні, былі язычнікі-славяне з заходніх славянскіх земляў, што ўцякалі ад анямечвання і хрысціянізацыі. Менавіта яны маглі найбольш фанатычна берагчы веру сваіх продкаў і таму так жорстка абышліся з адступнікамі.

Бясспрэчна, што Альгерд з’яўляецца адным з найвыдатнейшых дзеячаў у нашай гісторыі. Гэтаму адпавядае нават яго знешні выгляд, апісанне якога знаходзім у адной нямецкай хроніцы: «Князь мае велічны выгляд, твар яго румяны, прадаўгаваты, нос яго вызначаўся сваёй велічынёй, вочы блакітныя, вельмі вострыя, бровы густыя, светлыя, валасы і барада светла-русыя з сівізною, лоб высокі, росту ён вышэй сярэдняга, не тоўсты, не худы, гаворыць голасам гучным, разборлівым і прыемным, ён выдатна ездзіць верхам, але ходзіць накульгваючы на правую нагу, таму звычайна апіраецца на кій ці на отрака; па-нямецку разумее выдатна, можа свабодна гаварыць, аднак заўсёды гаворыць з намі праз перакладчыка».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: