Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
10 жніўня 1382 года памёр бацька Ядвігі кароль венгерскі і польскі Людвік. У выніку розных пературбацый праз два гады Ядвіга была каранавана на караля польскага – іменна так называлі яе: кароль, а не каралева. Але паколькі была малалеткай, ёю апекаваліся і ад яе імя кіравалі Каронай малапольскія магнаты.
З волі польскіх рыцараў і шляхты 18 лютага 1386 года Ядвіга стала жонкай вялікага князя літоўскага Ягайлы. У 1392 годзе ажыццявіла падарожжа разам з мужам на літоўскія землі, дзе брала ўдзел у сустрэчы з Вітаўтам. Было заключана Востраўскае пагадненне (у Востраве каля Ліды) аб падзеле ўлады і гарантаванні самастойнасці Княства ў саюзе з Каронай. Ягайла прызнаў асобнасць Вялікага княства Літоўскага пад уладай Вітаўта і надаў яму пажыццёвы тытул вялікага князя (magnus dux), а сабе пакінуў тытул найвышэйшага князя (supremus dux). Вітаўт з Ганнай прысягнуў на вернасць Кароне і самой каралеве Ядвізе. Гэта спыніла іхнія міжусобныя сутычкі.
Пры Пражскім універсітэце ў 1397 годзе арганізавала бурсу для літоўскіх клірыкаў. Разам з Ягайлам стала фундатаркай у Кракаве кляштара славян-бенедыктынаў з Прагі. Садзейнічала аднаўленню Кракаўскага універсітэта, якому адпісала амаль усе свае багацці.
22 чэрвеня 1399 года ў Ядвігі і Ягайлы нарадзілася дачка Эльжбета, якую назвалі ў гонар Ядвізінай маці. Яна мела і другое імя – Баніфацыя, па хросным бацьку, якім быў папа рымскі Баніфацый ІХ. Ягайла выслаў у многія сталіцы Еўропы ганцоў, каб яны паведамілі аб гэтым, як раней такім жа чынам абвясціў ім пра цяжарнасць сваёй жонкі. У Кракаў з’ехаліся высокія госці з розных краін. Быў тут і Вітаўт з жонкай Ганнай. Аднак лёс распарадзіўся іначай: 13 ліпеня 1399 года Эльжбета-Баніфацыя памерла.
Памерла Ядвіга 17 ліпеня 1399 года ва ўзросце 25-ці гадоў. Перад смерцю яна зрабіла духоўнае распараджэнне. Даручыла, каб усе каштоўнасці, усе ўборы, усе наяўныя грошы яе казны, уся рухомая маёмасць пайшлі на дапамогу бедным і на аднаўленне Кракаўскага універсітэта. А Ягайлу параіла, каб ён не страціў польскай кароны і таму ўзяў шлюб з Ганнай Цылейскай, забытай унучкай Казіміра Вялікага. Ядвігу пахавалі ў Вавельскай катэдры поруч з дачкой. Паны польскія паўторна склалі прысягу Ягайлу як каралю. Жалобу дэманстратыўна насіў у Вене і аўстрыйскі княжыч Вільгельм Габсбургскі. У 1997 годзе кананізавана як святая.
Соф’я Гальшанская (каля 1405 – 21.9.1461) – чацвёртая жонка Ягайлы, дачка Андрэя Іванавіча Вязынскага, князя Гальшанскага, і Аляксандры, князёўны друцкай, пачынальніца дынастыі Ягелонаў-Ягайлавічаў, мела сыноў Уладзіслава і двух Казіміраў. Уладзіслаў стаў каралём польскім і венгерскім, сярэдні Казімір памёр зусім маленькі, меншы Казімір быў вялікім князем літоўскім і кралём польскім. Калі Соф’і споўнілася пяць гадоў, памёр бацька (1410). Ягоных дзяцей Васілісу, Соф’ю і Марыю выхоўваў у сваім замку родны брат Андрэевай жонкі Аляксандры князь Сямён Дзмітравіч Друцкі. 24 лютага 1422 года Соф’я абвянчалася ў Новагародскім касцёле з каралём польскім і найвышэйшым князем літоўскім Ягайлам.
Каранацыя яе адбылася 5 сакавіка 1424 года ў Вавельскай катэдры. Як засведчылі відавочцы, гэта была самая ўрачыстая каранацыя ў гісторыі Польшчы.
Соф’я захоўвала добрыя стасункі са сваімі роднымі, з Княствам, у сваім атачэнні мела некалькі праваслаўных асобаў. Нават наказала, каб падчас яе пахавання не забыліся пра праваслаўныя звычаі, у якіх яна выхоўвалася ў Гальшанскім і Друцкім замках. Не цуралася кантактаў з гусітамі, нават сваім астролагам мела чэха. Была вясёлага характару і любіла забавы. Падтрымлівала культуру, спрыяла развіццю Кракаўскага універсітэта.
16 мая 1426 года нарадзіўся другі сын, якога 2 чэрвеня ахрысцілі Казімірам. З гэтай нагоды адбыўся рыцарскі турнір з высокімі ўзнагародамі ад Ягайлы. Але неўзабаве сын памёр. 30 літапада 1427 года Соф’я нарадзіла трэцяга сына, ахрышчанага на Казімірам Андрэем – у гонар ягонага дзеда Андрэя Гальшанскага.
Аднак яшчэ падчас цяжарнасці Соф’і разгарэўся шумны скандал. Яе абвінавацілі ў здрадзе мужу і паставілі пад сумненне праўдзівасць маючага быць Ягайлавага сына. Некаторыя сведчаць, што зрабіў гэта на з’ездзе ў Гародлі Вітаўт, які быў некалі Ягайлавым сватам і сватаў за яго Соф’ю. Іншыя кажуць пра іншых асобаў. Так ці інакш, а пагалоска выйшла далёка за межы Кароны і Княства. Ягайла паверыў гэтаму і пачаў пошук вінаватых. Дзве дваровыя служанкі каралевы – Шчукоўскія назвалі сямёра рыцараў, якія нібыта мелі інтымныя адносіны з Соф’яй. Кароль загадаў арыштаваць рыцараў. Некаторым удалося ўцячы, іншых зняволілі, у тым ліку Генрыка (Гінчу) з Рогава. Ён заяўляў, што каралева не здраджвала каралю. На судзе, які загадаў правесці Ягайла, Соф’я разам з сямю матронамі і адной паннай з двара мусіла прынесці ачышчальную прысягу вернасці каралю. Рыцараў апраўдалі.
Калі 5 жніўня 1461 года з’явіўся чацвёрты ўнук, яго па жаданні Соф’і назвалі Аляксандрам, у гонар Вітаўта, які меў другое імя Аляксандр і быў родзічам каралевы па ягонай другой жонцы Улляне – Соф’інай цётцы.
У жніўні 1461 года каралева Соф’я захварэла, а 21 верасня памерла. Яе сына караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра ў гэты час у Кракаве не было. Таму ў чаканні яго цела Соф’і 8 дзён стаяла ў касцёле святога Міхаіла. Пахавана па праваслаўнаму звычаю ў капліцы Вавельскай катэдры, якую некалі збудавала сама.
Уладзіслаў ІІІ Варненьчык (31.10.1424 – 10.11.1444) – першы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Кароль польскі ў 1434-1444 і венгерскі Ласла І у 1440–1444. Польскі каралеўскі пасад заняў у 10-гадовым узросце, каранаваны 25 ліпеня 1434. Да дасягнення паўналецця, што наступала ў 14 гадоў, знаходзіўся пад апекай Рады Кароннай і кракаўскага біскупа Збігнева Алясьніцкага, які разам з магнатамі практычна кіраваў дзяржавай не столькі ад імя караля, як за самога караля. Гэта ў сукупнасці з іншымі прычынамі, звязанымі з пазіцыяй Алясьніцкага па многіх пытаннях унутранай і знешняй палітыкі, і найперш у адносінах да гусітаў, выклікала незадаволенасць супраць яго, што вылілася нават у збройнае супраціўленне пад кіраўніцтвам Спытка з Мельштына. Аднак апазіцыянеры былі пераможаны – Алясьніцкі паслаў супраць іх войска. У выніку бітвы пад Гротнікамі ён атрымаў перамогу, Спытак быў забіты, а многія з апазіцыянераў перайшлі на бок Алясьніцкага.