Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
Рэзідэнцыяй вялікіх князёў служыў вялікакняскі палац – Верхні замак. У сакавіку 1387 года Вільня першай у Княстве атрымала магдэбургскае права. У 1387 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла ахрысціў жыхароў горада язычнікаў па каталіцкаму звычаю, на месцы капішча збудаваў касцёл святога Станіслава, які стаў кафедральным. Тут у 1392, 1440, 1492, 1506, 1529 гадах адбываліся каранацыі вялікіх князёў літоўскіх. 17 лютага 1387 года Ягайла выдаў прывілей аб заснаванні ў Вільні лацінскага біскупства (адміністрацыйная адзінка рымска-каталіцкай царквы). З пачатку ХV стагоддзя ў Вільні знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага міртапаліта кіеўскага і ўсяе Русі, ягоная кафедра была ў Прачысценскім саборы. З 1413 года горад з’яўляўся цэнтрам Віленскага ваяводства. У 1492 годзе тут заснаваны Віленскі манетны двор. У горадзе мелі свае палацы Сапегі, Радзівілы, Астрожскія, Хадкевічы, Кішкі і іншыя вялікалітоўскія магнаты.
З ХV стагоддзя ў Вільні адбываліся вальныя соймы Вялікага княства Літоўскага, пазней – галоўныя з’езды Княства. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Вільня апынулася ў Расійскай імперыі.
Крэва – мястэчка на рацэ Краўлянка ў Ашмянскім павеце. Цяпер вёска ў Смаргонскім раёне. Першая згадка знаходзіцца ў нямецкіх хроніках у ХІІІ стагоддзі як пра сталіцу напаўлегендарнай балта-славянскай дзяржавы Нальшчанаў (Нальшанаў) – незалежнае княства племені нальшы ў сярэдзіне таго ж стагоддзя. Уладарыў там князь Даўмонт, таму Крэва часта называлі Даўмонтаў горад.
У 1260-ыя гады Крэва ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. У 1338 годзе па спадчыне перайшло да князя Альгерда. Калі ў 1391 годзе загінуў апошні крэўскі князь Вігунд, Крэва атрымала статус староства. У 1507 годзе Крэва наведаў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары. З 1559 года горад меў магдэбургскае права. У 1564 годзе Крэва атрымаў Андрэй Курбскі, які ўцёк у Вялікае княства Літоўскае ад рускага цара Івана ІV Жахлівага. З 1569 – у складзе Рэчы Паспалітай, з 2-ой паловы ХVІ стагоддзя мястэчка з’яўлялася каралеўскай (дзяржаўнай) уласнасцю. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе – у складзе Расійскай імперыі.
Крэўскае княства – удзельнае княства, якое існавала ў ХІV стагоддзі, цэнтрам было Крэва. Вялікі князь літоўскі Гедымін у 1338 годзе перадаў княства сыну Альгерду. Калі княства перастала існаваць, замест яго было ўтворана староства Віленскага ваяводства.
Крэўскі замак – першы цалкам мураваны замак тыпу кастэль у Вялікім княстве Літоўскім.
Нальшаны (Нальшчаны) – гістарычная вобласць на беларускіх землях (цяперашнія Смаргонскі, Астравецкі, Ашмянскі, часткова Мядзельскі, Валожынскі раёны), насельнікамі якой здаўна былі балты. Але сюды раней, чым на іншыя землі, праніклі крывічы, якія вялікім племянным аб’яднаннем жылі з ІХ – Х стагоддзяў у вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера, і асімілявалі мясцовых жыхароў. У Х – ХІІІ стагоддзях у Нальшанах існавалі гарады Крэва, Свір і Гальшаны. З першай паловы ХІІІ стагоддзя згодна з некаторымі сведчаннямі гісторыкаў Крэва з’яўлялася сталіцай Нальшан. Нальшанскім князем быў Даўмонт, які падтрымаў Жамойць у барацьбе з Літвой і ў 1263 годзе забіў караля літоўскага Міндоўга. Пасля таго, як у 1264 годзе слугамі Міндоўга быў забіты вялікі князь літоўскі Транята, на пасадзе стаў сын Міндоўга Войшалк, які далучыў Нальшаны да Вялікага княства Літоўскага.
Гальшаны – сёння вёска ў Ашмянскім раёне. Раней Гальшаны былі мястэчкам у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. Пасля смерці Свінтарога на вялікі пасад літоўскі, жамойцкі, новагародскі і рускі заступіў ягоны сын Скірмант. Скірмантаў сын Гілігін княжыў на зямлі літоўскай і рускай, пакуль не памёр. Затым княжыць пачаў Гілігінаў сын Раман (Рамунт). Калі Раман памёр, разышліся пяць яго сыноў княжыць у розных землях. Сярэдні Гальшан (Гольша) пайшоў за раку Вяллю.
Гэта і быў той далёкі продак, якому зямля гальшанская сваёю назвай абавязана. Сярод прыгожых гор знайшоў Гольша гару найпрыгожую, што над ракою Вільняй. Збудаваў там горад і назваў яго сваім імем – Гальшаны. А калі ехаў аднойчы на ловы, за дзесяць міль ад свайго горада ўбачыў у пушчы гару яшчэ больш прыгожую ды велічную, раўнінамі вялікімі аблеглую ды багаццем поўную. І спадабалася яму, і пасяліўся ён там, і на той гары над ракою, што Караблём называлася, учыніў горад. І перанёсся туды, і там пачаў княжыць. І назваўся князем Гальшанскім…
Так паведамляе пра заснаванне Гальшанаў у ХІІІ стагоддзі і паходжанне князёў Гальшанскіх Хроніка Быхаўца.
Павел Альгімонтавіч Гальшанскі – біскуп луцкі з 1530, а з 1536 віленскі быў апошнім уладаром Гальшан. Падчарка Алена Сямёнаўна з роду Дубровіцкіх атрымала Гальшаны ў спадчыну, а калі яна пашлюбілася (1558) з Паўлам Іванавічам Сапегам, Гальшанамі сталі валодаць Сапегі.
Гальшанскі замак – існаваў у ХVІІ–ХХ стагоддзях. Узведзены ў канцы ХVІ – першай палове ХVІІ стагоддзя на левым беразе р. Гальшанкі. Моцна нагадвае сваёй планіроўкай Мірскі. Мае прамавугольную форму 88,6 х 95,6 м, на вуглах стаялі 4 шасцігранныя вежы, жылыя памяшканні знаходзіліся ў двары – так і ў Мірскім. Уязная брама размяшчалася ў цэнтры аднае сцяны. Насупраць яе была каплічка, убудаваная ў жылыя памяшканні. Напачатку, пакуль не было гэтага замка, княская рэзідэнцыя была размешчана на правым беразе р. Карабель, прытоку Гальшанкі, непадалёк ад Гальшан. Пазней Багдан Сапега перанёс яе на новае месца. Замак шмат пацярпеў за сваю гісторыю, быў перабудаваны ў другой палове ХVІІІ і на пачатку ХХ стагоддзяў, моцна змяніўся ягоны першапачатковы выгляд. Тут у 1440 і 1492 гадах адбываліся з’езды феадальнай знаці Вялікага княства Літоўскага.
Друцк – сёння гэта вёска ў Талачынскім раёне. Знаходзіцца на р. Друць. Калісьці быў горадам. Заснаваны на месцы паселішча ІV стагоддзя. Першая згадка ў летапісах адносіцца да 1092 года. Друцк ляжаў на вядомым гандлёвым шляху з варагаў у грэкі – яго заходнім адгалінаванні. Тут існаваў сухапутны “волак”, па якім купцы перапраўляліся з басейна Заходняй Дзвіны ў басейн Дняпра. А таму ў горадзе жылі таксама валачане. Пасля смерці ў 1101 годзе полацкага князя Усяслава Брачыславіча Чарадзея ягоныя сыны падзялілі ўладу. У Мінску княжыў Глеб, у Полацку – Давыд, а Друцк дастаўся князю Барысу. Ад яго пачалася лінія князёў Барысавічаў. Друцк належаў князям Друцкім. Тут пасля смерці свайго бацькі Андрэя Гальшанскага выхоўвалася разам з сёстрамі гальшанская князёўна Соф’я, якая стала чацвёртай жонкай караля польскага Ягайлы. Сястра князя Сямёна Друцкага Аляксандра, у якога Вітаўт сватаў Соф’ю за Ягайлу, была ейнай маці. У Хроніцы Быхаўца пра гэта сказана: Ягайла і Вітаўт вярталіся са смаленскага паходу, заехалі ў Друцк і былі гасцямі – абедалі – у князя Сямёна Дзмітравіча Друцкага. Там і заўважылі маладых князёўнаў гальшанскіх.
Друцкае княства – існавала ў ХІІ – ХVІ стагоддзях, да гэтага ўваходзіла ў склад Полацкага княства. Князі друцкія і князі мінскія змагаліся за полацкі пасад. У 1345 годзе ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. Калі пачалі знікаць асобныя галіны роду князёў Друцкіх, княства дзялілася і па частках пераходзіла да іншых гаспадароў. У 1566 годзе ўвайшло ў склад Аршанскага павета.
Друцкі замак – знаходзіўся на ўзвышэнні (22 метры над узроўнем ракі) на правым беразе р. Друць, існаваў у ХІV – ХVІІ стагоддзях. Яго акружаў вялікі вал, які і сёння выглядае велічна, і глыбокі роў. Меўся таксама падзамак, што дадавала абарончых магчымасцяў самому замку. Пляцоўка замка мела 140 х 80 м. У 2-ой палове ХVІ стагоддзя польскі гісторык Аляксандр Гваньіні (гэта ён выдаў у 1578 годзе “Хроніку Еўрапейскай Сарматыі”, дзе маецца шмат матэрыялаў пра Княства), які служыў у Віцебскім гарнізоне ротмістарам, пісаў пра Друцк, у якім “быў замак драўляны на гары высокай”.