Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
Згадайма хоць бы Менск. Колькі ў ім было прадмесцяў – Траецкае, Ракаўскае, Татарскае. Прадмесце называлася яшчэ пасадам, які ў буйных гарадах мог мець некалькі зон. Аднак усё адно знаходзіўся ён за замкавымі сценамі альбо вакол умацаванага дзядзінца. Асобныя зоны пасада напачатку мелі назву канца – як, напрыклад, Пятніцкі канец у Менску, які стаў пасля Татарскім канцом, а яшчэ пазней – Татарскім прадмесцем, Татарскімі агародамі, Татарскай слабадой. Ды ўсё ж у любым горадзе галоўную ролю адыгрывала ўмацаваная і абароненая частка – крэпасць альбо замак.
ЗАМКАВАЯ МОЦ
Безумоўна, кожны замак выконваў найперш абарончую функцыю. Таму заўсёдную неаслабную ўвагу гаспадары і дзяржаўныя службоўцы надавалі ягонай моцы і непрыступнасці. Дзеля гэтага скарыстоўвалі розныя хітрыкі і прыдумкі. Акрамя высокіх вежаў часта майстравалі таемныя лесвіцы, патайныя выхады, падземныя лёхі-тунэлі, байніцы і парахавыя паграбы, умацоўвалі артылерыяй і іншай сучаснай на той момант зброяй. Назапашвалі і такі назвыклы боезапас, як смала, камяні-валуны.
Асаблівую ўвагу звярталі на ўваход у замак, які, як правіла, быў адзіным. Якіх толькі хітрыкаў не скарыстоўвалі, каб зрабіць уваход бяспечным для сваіх і недаступным для чужых. Пра адно гэта можна напісаць цэлае даследаванне. І будзе яно нйцікавым і найзаймальным, бо з ўваходам у замак, з ягонымі варотамі звязана шмат легендаў, трагедый, выпадкаў і здарэнняў. Адно бясспрэчна – уваход мусіў быць надзейным. Таму яго перакрывалі моцныя, часта падвойныя, дубовыя дзверы ці вароты, брамы, якія замыкаліся спецыяльнымі заваламі. У Менскім замку, напрыклад, было, як сведчаць, не менш за трое дзвярэй-варот.
Пазней у беларускіх замках акрамя варот з’явіліся рашоткі-герсы. Гэта такія магутныя канструкцыі з дубу накшталт варот-рашотак з завостранымі ўнізе каламі, абабітымі жалезнымі палосамі альбо пікамі. Яны да пары да часу – пакуль няма небяспекі, падымаліся ў спецыяльныя нішы высока ўгары, а ў выпадку раптоўнай небяспекі надзейна блакіравалі ўваход у замак, імгненна падаючы зверху. Калі ж нехта незнарок паспяшаўся і трапіў на лінію варот, сваю злосную справу рабіла тая самая герса з вострымі пікамі. А каб заўважыць ворага яшчэ на падыходзе і прыняць неабходныя апераджальныя меры, узводзілі пляцоўкі для назірання і спецыяльныя навясныя байніцы, якія называліся машыкулі. Меліся так званыя “варавыя вокны”, за якімі “варылася” для ворага небяспечнае смаловае варыва, а пасля гарачая смала лілася на іхнія галовы, праз “варавыя вокны” падалі на іх важкія камяні.
Такая вось існавала навука ўмацавання замкаў, навука, выкліканая неабходнасцю абараняцца, а значыць – жыць. Сярод старадаўніх магутных абаронцаў беларускай зямлі адным з першых лічыўся і Крэўскі замак. Сёння ад яго засталіся толькі руіны. Але і яны пакідаюць моцнае ўражанне, даюць уяўленне пра колішнюю моц і магутасць.
Без гэтага замка нельга ўявіць гісторыю не толькі тутэйшых мясцін, але і ўсяго Вялікага княства Літоўскага, ды і Рэчы Паспалітай таксама. Як дзейсны ўдзельнік галоўных тагачасных падзей, замак прысутнічае ў шмат якіх дакументах, з ім цесна знітаваны лёс многіх гістарычных асоб і тагачасных дзяржаўных дзеячаў. Так было наканавана, што ў крэўскіх мурах спеліліся і запачаткоўваліся важнейшыя, часам лёсавызначальныя падзеі не толькі для нашай зямлі, а і для ўсёй Еўропы. Але найперш Крэўскі замак стаў сімвалам магутнасці і дзяржаўнай моцы вялікакняскіх уладароў. У ім станавілася на крыло наша гісторыя.
Калі б старадаўнія муры раптам набылі здольнасць гаварыць, колькі неверагоднага і непаўторна цікавага, займальнага і нават жудасна-страшнага даведаліся б мы сёння. За сваё размаітае амаль 700-гадовае жыццё Крэўскі замак зведаў славу і няслаўе, шум вялікіх бясед і галас ведзьміных шабасаў, разбурэнне і аднаўленне, багацце і заняпад, візіты знаных гасцей і дзяржаўных асоб. Для добрых людзей ён дэманстраваў шчырую і шчодрую гасціннасць, а для ворагаў станавіўся непрыступнай крэпасцю. Не без таго – давялося замку стаць сведкам і непамысных, неапраўданых злачынстваў ягоных гаспадароў.
Дарэчы, кожны беларускі замак меў падобны лёс. А іхняя таямнічасць, загадкавасць звязаны, магчыма, з тым, што просты люд не заўсёды меў свабодны доступ не толькі ў княскія пакоі, але і ў вежы, за пад’ёмныя масты і дубовыя вароты, на саму тэрыторыю замка. Таму дамалёўваў замкавы побыт на свой лад. А мо проста ўсе беды і нястачы абяздоленых сялян і месцічаў, якія мусілі сваёй працай узводзіць і ўтрымліваць замкі, звязваліся з бязмежным багаццем князёў і баяр, поўнаўладных гаспадароў не толькі шыкоўных палацаў, а і тутэйшых зямель з усімі іхнімі насельнікамі.
Як ужо згадвалася, для будаўніцтва замка выбіралі такое месца, якому самой прыродай былі нададзены абарончыя функцыі. Высокая гара, як у Лідскім замку. Сутокі рэк Няміга і Свіслач і вялікае балота на подступах, як у Менску. Узвышанае месца і рака, як у Крэве. Там, дзе надзейнай прыроднай ахоўнасці не ставала, выручалі магутныя сцены і высокія вежы, як у Мірскім замку. Часта ахоўную функцыю выконвалі штучныя ўмацаванні: земляныя валы, вадзяныя равы, як ля Нясвіжскага замка. А сам Радзівілаўскі замак быў абкружаны цэлай сістэмай азёр, цераз якія вяла толькі вузкая грэбля. У выпадку неабходнасці яе можна было хутка разбурыць, надаўшы замку астраўны характар.