Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
Многія абарончыя збудаванні дзеля большай непрыступнасці ўдала спалучалі і прыродныя ўмовы, і штучныя ўмацаванні. У самыя-самыя далёкія часы замкі былі драўляныя. Пазней іх будавалі з камення і цэглы, а старыя, драўляныя, перараблялі, умацоўвалі, дадавалі ім моцы і непрыступнасці. Здаралася, калі не ўдавалася ўдасканаліць, іх проста пакідалі на волю лёсу.
Для пабудовы Крэўскага замка выбралі забалочаную нізіну наўзбоч высокага пагорка, дзе зліваліся рэчкі Крэўка і Шляхцянка. Узводзілі яго замест ранейшага, драўлянага замка, які знаходзіўся на даўнім гарадзішчы. Каб засцерагчыся ад вады, спецыяльна насыпалі пясчаную выдму. А фундамент заглыбілі ажно на 3 метры. Да таго ж паклалі яго на спецыяльныя падушкі з камення і гліны, з дубовых і яловых жэрдак і галін. Гэта рабілася дзеля таго, каб надзейна стаялі высокія і тоўстыя сцены. Каб не ўрасталі ў зямлю яшчэ вышэйшыя вежы. А дасціпныя людзі пасмейваліся, што на гэткіх падушках не будзе мулка не толькі магутнаму замку, а і ягоным гаспадарам.
Будоўля вялася на заходняй ускраіне вёскі Крэва. Дакладная дата пачатку будаўнічых работ засталася невядомай. Па меркаванню гісторыкаў, гэта было ў 30-я гады ХІV стагоддзя. Тады на нашых землях набірала моцы створанае вялікім князем літоўскім і адзіным каралём літоўскім Міндоўгам Вялікае княства Літоўскае. Створана яно было ў 1240-я гады з цэнтрам у Новагародку. Для аховы гэтай дзяржавы і патрэбны былі магутныя і надзейныя абарончыя збудаванні. Узводзіў Крэўскі замак адзін з сямі сыноў вялікага князя літоўскага Гедыміна таксама будучы вялікі князь Альгерд. Вялікія князі ўзначальвалі тады дзяржаву, лічыліся першымі асобамі ў Княстве. Гедымін быў знаным і слаўным князем. Ён стаў пачынальнікам вялікага і магутнага роду Гедымінавічаў, з якім працяглы час быў звязаны лёс беларускіх зямель у складзе Вялікага княства Літоўскага. Гедымін перанёс сталіцу Княства з Новагародка спачатку ў Кернаў, затым у Трокі, а пасля ў Вільню.
СТВАРАЛЬНЫЯ ПАМКНЕННІ АЛЬГЕРДА
Віцебскі князь Альгерд атрымаў Крэўскі замак у 1338 годзе, калі вялікі князь Гедымін падзяліў свае землі паміж сынамі. Было гэта незадоўга да смерці вялікага князя. Заснавальнік княскай дынастыі Гедымін меў 7 сыноў. Кожнага з іх ён надзяліў сваёй доляй уласных валоданняў. Монтвід атрымліваў у спадчыну землі на р. Вілія і ў Чорнай Русі, гарады Кернаў і Слонім. Нарымонту дасталося Пінскае княства, якое за яго нашчадкамі заставалася да канца ХІV стагоддзя. Альгерд аймеў Крэўскае княства і Віцебскую зямлю. У Кейстута заставаліся Трокі – галоўны та той час і вельмі прэстыжны, кажучы сённяшняй мовай, горад, Гарадзенская і Берасцейская землі. Любарт атрымаў Валынь. Гедымін аддаў Яўнуту Вільню, Ашмяны, Браслаў і Вількамір, а таксама пакінуў яму найвышэйшы гаспадарскі пасад, таму Яўнут з’яўляўся вялікім князем літоўскім у 1341–1345 гадах. Карыяту даставалася ўся іншая зямля Чорнай Русі і Новагародак.
Некаторыя гісторыкі прыпісваюць Альгерду будаўніцтва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і іншых гарадах Княства. Ды, верагодна, з ягоным імем звязаны найперш Крэўскі замак. Тут Альгерд жыў з 1338 да 1345 года. Аднак яму не давалі спакою лаўры першага чалавека ў дзяржаве. Калі ў 1341 годзе Гедымін загінуў у бітве з крыжакамі, вялікім князем стаў адзін з яго сыноў Яўнут. Ды не спадабалася гэта Кейстуту і Альгерду. На гэтай аснове яны зблізіліся і наважыліся адабраць вялікакняскі пасад у брата. Улада, аказваецца, бывае вельмі спакуслівай, у барацьбе за яе не лічыліся нават са сваяцкімі, роднаснымі повязямі. У выніку вайсковага выступу супраць Яўнута вялікім князем літоўскім у 1345 годзе стаў Альгерд. Кейстут высакародна саступіў яму высокі пасад як старэйшаму брату і свайму надзейнаму паплечніку. У сувязі з гэтым Альгерд з’ехаў з Крэўскага замка. Ажно 32 гады стаяў ён на чале вялікай дзяржавы.
За гэты час узвысіліся магутнасць і слава Вялікага княства, удвая павялічылася яго тэрыторыя. Па заслугах перад Княствам з ім мог паспаборнічаць хіба што пазнейшы вялікі князь літоўскі Вітаўт, якога сучаснікі яшчэ пры жыцці назвалі Вялікім. Вядомы рускі гісторык В.О. Ключэўскі адзначаў, што пасля Крэўскай уніі 1385 года “ў пачатку ХV стагоддзя рускія вобласці, якія ўвайшлі ў склад Літоўскага княства, землі Падольская, Валынская, Кіеўская, Северская, Смаленская і іншыя, як па тэрыторыі, так і па колькасці насельніцтва значна пераўзыходзілі скарыўшую іх Літоўскую дзяржаву”.
Працягваючы традыцыі свайго бацькі слыннага князя Гедыміна, Альгерд нястомна клапаціўся пра абарону ўладанняў. На гэта было скіравана нават далучэнне да Княства новых зямель – каб далей адсунуць варожую небяспеку. Перамогі над татарамі, якія рабілі частыя набегі на вялікалітоўскія землі, сведчанне неабходнасці і абгрунтаванасці такога клопату. Мо менавіта з той пары запачаткавалася традыцыя сяліць палонных татараў каля гарадскіх сцен вялікалітоўскіх гарадоў, якая доўжылася цэлых 600 гадоў. Так было каля Крэва, Новагародка, Менска, каля шмат якіх іншых гарадоў Княства. Аселыя татары не толькі займаліся сельскай гаспадаркай, сведчаннем чаго, напрыклад, сталі Татарскія агароды ля старога Менскага замчышча, але і павінны былі несці вайсковую павіннасць, браць удзел ва ўзвядзенні абарончых збудаванняў. Служылі татары сумленна, шчыра абаранялі інтарэсы Вялікага княства. Вядомы факт, што яшчэ пры княжанні Гедыміна, у час ягонай бітвы ў 1319 годзе з Тэўтонскім ордэнам, татары складалі перадавое княскае войска.
Нават у знакамітай бітве 15 ліпеня 1410 года на Грунвальдскім полі, дзе аб’яднаныя войскі Вялікага княства і Польскага каралеўства пры самым дзейсным і непасрэдным арганізатарскім ўдзеле таленавітага вайсковага водцы Вітаўта атрымалі доўгачаканую перамогу над крыжакамі, разам з беларускімі харугвамі бралі чынны ўдзел шматлікія татарскія воіны.
Вялікі князь Альгерд ніколі не забываўся пра свой Крэўскі замак. Ён дбаў пра яго магутнасць, клапаціўся пра падтрыманне на належным узроўні абарончых здольнасцей. Гэтыя якасці запачаткаваліся яшчэ падчас узвядзення замка.
КРЭЎСКІЯ ВОЛАТЫ-БУДАЎНІКІ
Галоўным будаўнічым матэрыялам для замка служылі велізарныя валуны. У тутэйшых ваколіцах іх было не злічыць. З даўняй гісторыі вядома, што па нашай зямлі шмат тысячагоддзяў таму не адзін раз прасоўваліся леднікі. Яны як вялікім прасам прасавалі зямлю, дзе раўнялі яе, а дзе насоўвалі пагоркі, узвышшы. Леднікоў было шмат. І кожны з іх пакінуў свой след. Тое самае зрабіў і апошні, які адыходзіў з беларускай зямлі каля 15 тысяч гадоў таму. Пасля яго ў многіх месцах засталіся цэлыя россыпы валуноў, прынесеных велізарнай ледзяной тоўшчай са Скандынаўскіх гор. У ваколіцах Крэва іх і дагэтуль захавалася нямала. Вось чаму амаль сем стагоддзяў таму для ўзвядзення замка скарысталі найперш гэты зручны і бясплатны будаўнічы матэрыял.