Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
Слуцкі князь Сямён Міхайлавіч (каля 1460 – 14.11.1505) – сын Міхаіла Аляксандравіча і ўнук заснавальніка роду Алелькі, не раз абараняў родны горад ад татарскіх набегаў. Летам 1502 года на чале вялікалітоўскага войска ён разбіў татараў на рацэ Уша. У жніўні гэтага ж года хан Баты-Гірэй са сваім шасцітысячным войскам зноў напаў на Слуцкае княства, захапіў пасады горада. Але замак не паддаўся. Там схаваліся ад ворага ўсе ацалелыя жыхары. Са злосці татары абрабавалі не толькі Слуцк, яны спалілі Капыль, Койданава, Нясвіж, Клецк. Наступным летам зноў кінуліся помсціць беларускім землям. Не маглі абмінуць і непакорлівы Слуцк, хацелі змыць сваю ранейшую ганьбу.
Сведчаць, што князя ў гэты час у горадзе не было. Абарону ўзначаліла ягоная жонка Настасся (каля 1470 – пасля 1524), дачка князя Івана Юр’евіча Мсціслаўскага. Яна апранула ваенныя даспехі, асядлала баявога каня. Вывела вояў на поле і адагнала ворага ад горада. А калі прыехаў муж, яны дагналі татараў каля Давыд-Гарадка і добра правучылі ахвотнікаў квапіцца на чужое.
Нават пасля смерці мужа Настасся працягвала мужна змагацца з захопнікамі. З гісторыі вядома, што ў 1508 годзе дворны маршалак Вялікага княства Літоўскага Міхаіл Глінскі, які два гады перад гэтым атрымаў бліскучую перамогу над татарамі каля Клецка, разам з братамі ўзначаліў мяцеж вялікалітоўскіх феадалаў супраць караля польскага Жыгімонта І Старога. Са сваімі вершнікамі Глінскі вырушыў на Гародню. Па дарозе збочыў у Слуцк. Спадабалася яму ўдовая княгіня. Вырашыў пасватацца. Аднак Настасся адмовіла. Сваю злосць Глінскі вырашыў вымесціць на жыхарах Слуцка. Пачаў паліць горад. Аднак не паддаўся яму замак. Адстаяла яго Настасся. Некаторыя гісторыкі, праўда, даказваюць, што Глінскі сам не хадзіў паходам на Слуцк. Хто ж яго ведае, але нездарма кажуць, што дыму без агню не бывае...
Не скарыўся Слуцк і татарам, якія апошні раз спрабавалі захапіць яго ў 1521 годзе. Настасся аказалася не толькі вопытным ваяром, але і мужнай жанчынай, сапраўднай Жаннай д’Арк. У 1522 годзе яна аддала дачку Аляксандру за гетмана Канстанціна Астрожскага, парадавалася іхняму шчасцю і неўзабаве (апошнія зямныя дзеі яе невядомыя) адышла з жыцця...
Абароне дзяржавы і ахове замкаў у ВКЛ надавалася такая ўвага, што перад гэтым адступалі іншыя дзяржаўныя клопаты. Калі справа датычыла абарончых праблем сваіх замкаў, некаторым тагачасным чыноўнікам дазвалялася не ўдзельнічаць у важных дзяржаўных пасяджэннях, нават не браць удзелу ў сеймах Княства. Напрыклад, ваяводы і намеснікі памежных замкаў не мусілі ехаць на сейм у 1512 годзе. Калі на дзесятым тыдні пасля Вялікадня ў 1521 годзе ў Менску павінен быў адбыцца чарговы сейм, начальнікам ускраінных замкаў было прадпісана, “абы на тых замках вашое милосты украинных мешкалы и в доброй опатренности их заховали».
Падчас склікання сейма 1534 года ваяводу полацкаму было загадана заставацца ў замку для яго абароны ў выпадку небяспекі, бо ў гэты час рыхтавалася чарговая збройная справа з Маскоўскім княствам. Члены Новагародскага сейма 1538 года скардзіліся вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Жыгімонту Старому, што ваяводы кіеўскі, полацкі і віцебскі заўсёды знаходзяцца ў замках сваіх ваяводстваў і рэдка ездзяць на вальныя соймы.
Як і любой дзяржаве, Вялікаму княству Літоўскаму патрабавалася шмат сродкаў на агульнадзяржаўныя патрэбы, у тым ліку на падтрыманне бяспекі. Таму Княства мусіла ўводзіць шмат розных павіннасцяў. Толькі для сялян іх мелася 120 — 140. Але найбольш складанай і цяжкай павіннасцю лічылася будаўніцтва і рамонт замкаў. Бо вядома, што беларускія землі ўвесь час былі на ваенных скразняках. А раз небяспека была пастаяннай, то і клопат пра абарону як ад знешніх ворагаў, так і ад унутраных міжусобіц мусіў ажыццяўляцца на дзяржаўным узроўні.
Таму, напрыклад, узводзіць пабудовы Менскага замка, рамантаваць іх і падтрымліваць у належным стане даручалася не толькі менчукам, а і жыхарам навакольных паселішчаў. Спачатку неабходнасць гэтая вымагала пастаўкі будаўнічых матэрыялаў – бярвенняў і гліны. Затым кола абавязкаў пашыралася, з’явіліся спецыяльныя падаткі – гліняныя пенязі і калодзіны. Калі і гэтага не хапала, на патрэбы замка ішлі судовыя пошліны. Нават на ўтрыманне замкавага гарнізона менскія месцічы павінны былі несці затраты. Цікава, што на абарону Менска працаваў не адно сам замак, а і замкавы млын. Знаходзіўся ён на левым беразе Свіслачы, насупраць замка, ягоныя даходы ішлі ў бюджэт замка. Акрамя грашовых павіннасцяў гараджане павінны былі хадзіць у “старожу”. Гэты абавязак існаваў ажно да атрымання Менскам магдэбургскага права.
З канца ХІV стагоддзя адной з важнейшых павіннасцяў для сялян становіцца будаўніцтва і рамонт замкаў (“городовое дело”, “замковая работа”). Гэтыя работы практычна насілі няспынны, пастаянны характар. На іх зганялі тысячы сялян, кожны з якіх выконваў свае спецыфічныя абавязкі, што патрабаваліся менавіта ў гэты час. Аднак мала таго, што сяляне вялі будаўніцтва і рамонт замкаў непасрэдна ў сваіх мясцовасцях, яны абавязаны былі рабіць гэта і на ўскраінных землях Вялікага княства Літоўскага. Такім чынам дзяржава забяспечвала свой агульны для ўсіх грамадзян інтарэс.
Напрыклад, згарэлы Уладзімірскі замак кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір загадаў аднаўляць сялянам Слонімскай, Ваўкавыскай, Берасцейскай і іншых валасцей. У 1496 годзе на рамонт Кіеўскага замка было накіравана 400 беларускіх сялян. Часам можна было адкупіцца ад тых ці іншых павіннасцяў, але толькі ў выпадку замены іх іншымі. А вось ад замкавай працы адбіцца ўдавалася мала каму. Даннікі (тыя, хто павінен быў плаціць даніну) Мазырскай воласці ў 1552 годзе мусілі даваць вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту даніну мёдам і грашыма замест многіх натуральных збораў. Аднак яны нічым не маглі замяніць абавязак будаваць і рамантаваць Мазырскі замак, забяспечваць яго ахову, хадзіць “у стражу”.
Калі ж на нейкай тэрыторыі Княства ўзнікала пагроза варожага нападу і патрэбна было тэрмінова рыхтавацца да сустрэчы з непрыяцелем, аб’яўляўся “кгвалт”. На гэты выпадак загадзя быў вызначаны адпаведны парадак дзеянняў, размеркаваны абавязкі. Тады на службу неадкладна мусілі з’яўляцца ўсе тыя, хто да выканання гэтых абавязкаў меў дачыненне. Але не толькі праз агульнадзяржаўны клопат падтрымлівалася баявая гатоўнасць замкаў. Статуты многіх гарадоў таксама прадугледжвалі неабходныя меры абароны. Пра гэта сведчаць запісы аб тым, што месцічы павінны выступаць на абарону замка і горада са сваёй зброяй. Напрыклад, жыхары Оршы бараніць замак мусілі “все и кождый”, а ў дамах сваіх павінны былі мець “стрельбу вшелякую и иную оборону, то есть рогатину и што иного ку той обороне належить”. Нават жыхары бліжэйшых наваколляў у выпадку “кгвалту” павінны былі браць удзел у абароне замка. Гэтым самым яны практычна абарнялі і сваё ўласнае жыццё, і свой лёс.