Шрифт:
— Гэй, а ты бачыў, як доктар з карабля сыходзіць? — гукнуў у спіну матросу, які ўжо закінуў за плячо валізу, з якой тырчэў тонкі рулон ангельскага паркалю ў сінія кветачкі, падарунак для той, што дачакалася свайго любага. Марак незадаволена азірнуўся:
— А што тут бачыць? Ну, сыйшоў пан у капелюху, пры дарагой шаблі, дапамог паненцы ў карэту сесці. Злы, праўда, быў, як біскуп пад канец посту. Не хацеў бы з такім у цёмным завулку сустрэцца.
І пайшоў, пагойдваючыся, як бы карабель усё яшчэ змагаўся са штормам.
— Бутрым сапраўды любіць сваю жонку так моцна, як я думаю? — задумліва прамовіў пан Гервасій.
— Разумею, куды хіліць вашамосць! — знервавана прамовіў Пранціш. — Калі Багінская паабяцала Бутрыму, што павязе яго забіраць Саламею, паехаў на любых умовах. Слухай, яны яшчэ не так далёка! Паланэя прагаварылася, што Саламея ў Гутаўскім кляштары бернардзінак…
— Дагонім! — закрычаў пан Гервасій і ірвануў з карабля, як руды пацук з падпаленай адрыны. Пранціш ледзь паспеў падхапіць мяшок з цэхінамі.
Яны гналі коней, не шкадуючы, маючы яшчэ па адным у повадзе. Спыняліся толькі, каб распытаць пра карэту з гербамі Багінскіх. Першы след азначыўся яшчэ на выездзе з горада — экіпаж бачылі ля паўднёвай брамы. Потым пра сустрэчу з шыкоўнай карэтай — зусім нядаўна — пацвердзіў мужык, які вёз на санях забітага ваўка. А потым пачаўся лес, цёмныя са снежнай сівізной постаці елак вартавалі дарогу, і здавалася, што зараз нехта з-за іх змрочных шэрагаў падасць знак, і векавыя дрэвы, узмахнуўшы цяжкім голлем, рушаць напярэймы маленькім шкадлівым істотам, якія саманадзейна лічаць сябе ўладарамі над дрэвамі, жывёламі, птахамі ды жыхарамі марскімі, а самі не могуць адно з адным ужыцца ды дамовіцца…
А вось на дарозе і свежыя сляды палазоў. Пан Гервасій прыгнуўся да спіны каня і завыў па-ваўчынаму — руды, як гаспадар, конь захроп і паляцеў яшчэ хутчэй. Вырвіч таксама прыспешыў свайго рысака… І вось удалечыні паказалася карэта.
— Бутрым! Лёднік! — загарлаў з усяе сілы Вырвіч. Вершнікі няўмольна даганялі экіпаж, але слуга, які ехаў на запятках, прыцэліўся ў іх з пісталету, падобна, па чыёйсці камандзе… Але выстраліць не паспеў, скінуты ў снег чалавекам, які спрытна высунуўся з карэты.
— Бутрым! — узрадваўся Пранціш.
— Стой! — гарлаў пан Агалінскі, які амаль параўняўся з экіпажам. А фурман раптам збочыў — дарога ішла направа пад адхон, дзе ўнізе пятляла рэчка. Узімку пакрытыя ільдом рэкі ператвараліся ў найлепшыя дарогі, якім аддавалі перавагу перад сцяжынамі. Моцных маразоў сёлета не было, і наўрад лёд стаў дастаткова тоўсты… Затое на гладкім лёдзе карэта на палазах, запрэжаная чацвярнёй, мела болей шанцаў адарвацца ад пагоні. Баўтрамей ці сам саскочыў, ці проста паваліўся ў снег, пакаціўся… Пранціш спешыўся ля яго, дапамог падняцца:
— Ты як, цэлы?
— Нармальна, — доктар і праўда быў больш-менш звыклага выгляду, толькі трохі вочы запалі. — А ты хіба не сышоў раней за нас з карабля? — паглядзеў на скептычны твар вучня, пазмрачнеў.—Падобна, паненка развяла нас, як шчаўлікаў. Дык дзе ты быў увесь гэты час?
— У турэмным адсеку сядзеў, пад вартай, разам з панам Гервасіем.
— А мне казала — ты ў карты гуляеш. Каб толькі не хвароба мая клятая… — з прыкрасцю прамовіў доктар.
— Да Саламеі ехаў? — папытаўся-сцвердзіў Пранціш.
— Да яе, — уздыхнуў доктар. — Панна паставіла ўмову — без сведкаў, каб я адзін быў… А я перад жонкай і так вінаваты, і ейным жыццем рызыкаваць…
Між тым наперадзе пачуўся жаночы віск. Пранціш і Лёднік кінуліся туды.
Відовішча был жывапіснае: карэта адным бокам правалілася ўжо ў ваду, і было ясна, што выцягнуць яе немагчыма. Фурман у адчаі вызваляў коней, абразаючы вупраж, панна Багінская спрабавала выцягнуць з карэты дзве скрынкі са спадчынай доктара Дзі, а Гервасій Агалінскі стараўся падабрацца як бліжэй. Гэта было нялёгка, бо расколіны ў лёдзе распаўзаліся, як грахі па сумленні. Раптам карэта яшчэ больш абсунулася ў ваду, павалілася набок, панна ўскрыкнула.
— Руку давай! — загарлаў Агалінскі і ўхапіў такі Паланэю за таненькую, але моцную ручку, якая толькі што згубіла мехавую рукавіцу, і пацягнуў да сябе…
— Пачайкаце, вашамосць! Трэба гэта забраць! — паненка адчайна рвалася назад — з вакна тырчэлі скрынкі, іх можна было яшчэ лёгка дастаць.
Доктар і студыёзус застылі каля берага, лішні цяжар на лёдзе адразу павялічваў трэшчыны.
— Паглядзі на мяне! — крыкнуў пан Агалінскі, не выпускаючы рукі панны. Паланэйка няўважна азірнулася на яго. — Кінь гэта ўсё! Выходзь за мяне замуж! Мы з’едзем у Амерыку!