Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Людзі панавыдумлялі розных афарызмаў на ўсе выпадкі жыцця; напрыклад, «чаго хоча жанчына, таго хоча Бог». І мне нічога не заставалася, як суцешыцца гэтым і рабіць так, як яна хоча. Пачынаецца нашае «сяброўства». Паводле яе інструкцыі. Я чакаю яе з заняткаў, мы ходзім у кіно, у тэатры і на розныя вечарыны-дыскатэкі. Зрэдку спім разам. I нічога не мяняецца! Яна якой была, такой і засталася. А я… Пасля кожнай ночы з ёю — бы не на гэтым свеце, сэрца калоціцца, пот прабівае і проста ўздрыгваеш ад салодкага жаху і захаплення, калі раптам успыхне перад вачыма якаясь інтымная дэталь… I паралельна — пастаянны страх, што час бяжыць, хутка размеркаванне і паедзе мая «баскетбалістка» невядома куды, і забудзе мяне праз тыдзень, бо не можа такая дзяўчына адна быць, проста не дадуць!

У такіх выпадках звычайна як? — звычайна жанчына пасля інтымнай блізасці імкнецца выйсці замуж, а мужчына адкручваецца, — а ў нас усё наадварот. Самае крыўднае, горкае, па вачах яе бачу — не хлусіць, сапраўды не кахае, проста падгульвае са мною, як хлопец з дзяўчынаю падгульвае, каб пасля кінуць.

Неяк прыходзіць маёй дзяўчыне сумная вестка: памерла яе бабуля. Трэба ехаць на пахаванне ў другі горад. Яна паехала. А я, застаўшыся адзін, не знаходжу месца. Туляюся па пакоі з кутка ў куток. Вучоба даўно закінута, усё запушчана. На заняткі не йду, а надумваюся памыць бялізну. Звычайна я складваў яе ў цэлафанавы пакет: розныя шкарпэткі, насоўкі, майкі… Трусы, прабач. I вось я замочваю ўсё гэта, белае з белым, каляровае з каляровым. Замочваю, вымываю, кіпячу белае ў адбельніку, потым выпаласкваю ў халоднай вадзе… I, калі, насуха выкруціўшы ўсё, пачынаю развешваць на вяроўцы ў душы перад гарачай трубою, заўважаю, што адны трусікі — не мае. Яны больш тонкія і з рознымі карункамі. Я стаяў і тупа глядзеў на іх. Канечне, нічога асаблівага ў тым не было. Падумаеш! Сорамна, дык проста здымі ды выкінь. Але, паўтаруся, я быў закаханы да вар’яцтва. Самая нязначная драбяза, любая рэч, якая належала маёй «баскетбалістцы», здавалася мне ледзь не рэліквіяй, ледзь не святыняй, а тым больш такая далікатная штука, як тая, што машынальна вымыў.

Хлопец, які мые жаночыя трусікі — што можа быць больш смешным, больш вартым пагарды?! Да таго ж, яна можа падумаць, што я зрабіў гэта знарок, каб падлізацца, паказаць, якім я магу быць «добрым мужам»…

Карацей, я чакаю. Нічога не думаючы. Прыязджае маё каханне. Пахудзелая, стомленая з дарогі, сумнаватая, але яшчэ больш пахарашэлая.

«Ну што, як ты тут?» — пытае, а ў самой у вачах поўная абыякавасць. Вось каб сказаў зараз: «Давай спынім усё гэта», — яна б павярнулася і спакойна пайшла назаўсёды.

«Я памыў твае трусікі… Але клянуся — выпадкова! Лямпачка слабая, не ўбачыў… Я, галоўнае, не хачу, каб ты падумала, што я знарок», — мямлю я і баюся падняць галаву. А калі падняў — анямеў. Перада мною стаяла зусім іншая дзяўчына. Ніхто ніколі не глядзеў на мяне з такой пяшчотаю! А як свяціліся цяпер яе вочы, тыя самыя, што ўсяго хвіліну назад былі такія халодныя, чужыя, абыякавыя!

«Дурненькі, — сказала яна, абдымаючы і цалуючы мяне. I голас, і абдымкі, і пацалунак таксама былі зусім іншыя, чым раней. — Каб я не ведала цябе, дык сапраўды падумала б, што наўмысна…»

Сябар раптам абарваў сябе:

— Вось такія справы, — і зірнуў на гадзіннік. — Прабач, дзякую, што прыехаў, але — ісці трэба. Ды і пахаладала як… Разбягаемся?

Я і сам бачыў, што яму не церпіцца хутчэй дадому, ва ўтульную цёплую кватэру, да красуні жонкі.

Мы развіталіся. А пахаладала між тым папраўдзе. Сонца ўжо не было, аднекуль узяўся вецер, пагнаў па дворыку лісце… Я падняў каўнер курткі. Холадна аднаму ўвосень!..

1997 г.

У Нью-Йорку пылу не бывае

1

Я зайшоў у бар выпіць піва — і пачуў:

— Якія людзі! Даўно збіраўся патэлефанаваць, сустрэцца, а тут — уласнай персонаю!..

Азіраюся — даўні знаёмы. Вучыліся некалі разам. Я ледзь пазнаў яго. Увогуле, з нядаўняга часу, калі я ўладкаваўся на радыё, сябры і знаёмыя раптам успомнілі пра маё існаванне. Нават тыя, каму я раней тысячу гадоў не трэба быў. Відаць, праўда, што сапраўднае сяброўства — як золата, з часам не ржавее.

Мы ўзялі па кухлі піва.

— Дык ты цяпер на радыё? Малайчына! А заўсёды здаваўся мне такім ахламонам, — пахваліў мяне сябар. — А цяпер вунь як угару пайшоў! На ўсю рэспубліку грыміш!

Я сціпла апусціў вочы вочы, згадаўшы свае абскубленыя інтэрв’ю і куртатыя рэпартажыкі, якія вечна не хацелі пускаць у эфір з-за неактуальнасці тэмы.

— Хоць і мне грэх скардзіцца! — пахваліўся знаёмы. — Працую чыноўнікам ва ўстанове. Паперы перакладваю з папкі ў папку. Але вось якая справа — скарачаць збіраюцца. Чаму я так і ўзрадваўся, цябе пабачыўшы. Хачу, разумееш, на радыё выступіць. Можа, тады не скароцяць? Падумаюць — варушыцца чалавек, кіпіць на рабоце, нават на радыё пралез…

— Няма праблем, — я зазірнуў у пусты кухаль. Знаёмы кінуўся да стойкі, прынёс пару поўных. — Давай свае каардынаты, — сказаў я. — Заўтра зранку буду ў цябе з дыктафонам, зробім інтэрв’ю.

— Няўжо так проста? — усцешыўся ён. — Вось дзякую, выручыў! А раптам паможа? Бо сам ведаеш, неахвота скарачацца. Прывык неяк паперы перакладаць — супакойвае псіхалагічна… Ды не спяшайся, зараз яшчэ піўка пап’ем!

2

Кожны ведае, што паабяцаць — самае лёгкае. Выканаць — вось праблема. Я паабяцаў і забыўся, бо заўтра пачалося «заўтра». Рэдакцыйная мітусня, беганіна, званкі, запісы… Словам, я забыў і пра сваё абяцанне, і пра свайго маленькага чыноўніка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: