Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Назаўтра, у нядзелю, прачнуўшыся, Азіевіч сеў на ложку і паспрабаваў успомніць, што ж учора адбылося. Не ўспомніў. Ведаў толькі, што ўчварыў ён нешта гадкае, а што — хоць забі, не мог узяць у толк. 3 Ленаю штосьці? Магло быць… 3 настаўнікам пабіўся? Было нешта… Рука забінтаваная… Ён развязаў бінт, глянуў — зусім маленькая драпіна, засохла ўжо.

Так і не ўспомніўшы, Азіевіч, аднак, цвёрда ведаў — больш яму тут заставацца нельга. Трэба ехаць. Зараз жа. А як развітацца? Хоць праз акно вылазь!..

Толькі дарэмна ён баяўся. Калі, як шкадлівы кот, ён адважыўся высунуцца са сваёй баковачкі і прытупаў у меншую хату, яго ўжо зноў чакаў сабраны свежымі закускамі стол і слоік самагону. Лена сказала яму «добрай раніцы» і падала чысты ручнік. Азіевіч выйшаў на двор, халоднай свежай вадой з рукамыйніка абліў твар, вярнуўся ў хату. Неўзабаве, кульнуўшы пару чарак самагону, ён зусім асвойтаўся, асмялеў і пачаў расказваць, як сёння акурат пад вечар прыедзе ў Мінск, памяняе «баксы», зловіць «таксоўку» і «закаціцца ў „Сосны“»…

— Пабылі б яшчэ, — папрасіла Лена.

— І на рыбалку не схадзілі, — падтрымаў яе настаўнік, чамусьці адводзячы вочы.

— Не, даруйце, не магу! — Азіевіч ужо ўяўляў сябе ў «Ікарусе», як сядзе каля акна, ды яшчэ каб студэнтка знайшлася ў спадарожныя. Дурань, плэер не ўзяў!

Паснедаўшы, падзякаваў, пацалаваў Лене ручку. Настаўнік сабраўся яго праводзіць. Толькі малую ніяк не змаглі прымусіць падысці развітацца з дзядзькам — баранілася, ціснулася да маці.

Пайшлі. Каля веснічак настаўнік спыніўся і ляпнуў сябе далоняй па ілбе.

— Пачакай! — пабег, вярнуўся, пачаў піхаць Азіевічу нешта закрчанае ў газету. — Вазьмі, тут пару ляшчоў сухіх, карп, у Мінску, з півам…

Азіевіч узяў.

— Слухай, — спытаў ён, — што я ўчора рабіў? Забі мяне — нічога не помню.

— Ды забудзь! — горача загаварыў настаўнік. — Нічога ты не рабіў! І прашу — прыязджай, калі зможаш, калі захочаш! Добра? Ты ж ведаеш, як Лена, як я да цябе… Малая таксама…

Тут настаўнік змоўк, прыслухоўваючыся.

— «Баранавічы» — «Жытомір», — сказаў ён і зірнуў на гадзіннік.

Азіевіч паабяцаў абавязкова прыязджаць яшчэ, папрасіў далей яго не праводзіць (настаўнік паслухаўся), і з пакункам пад пахаю пайшоў сабе да блізкага аўтобуснага прыпынку.

1995 г.

Без назвы

Мы сядзелі ў дворыку на лаўцы пад дзвюмя старымі ліпамі, з якіх, кружачыся, адзін за адным зляталі пажоўклыя лісткі. Імі быў усланы амаль увесь невялікі дворык. Позняя восень, але дзень стаяў пагодны, сонечны, ціхі. У такія дні, ды яшчэ калі выхадны, як сёння, асабліва востра адчуваеш адзіноту — таму я і прыцёгся з другога канца горада да сябра. Мы выпілі, закусілі, а цяпер вось сядзім у дворыку — выйшлі пагаманіць, пакурыць, пагрэцца на сціплым сонцы, якое ў любы момант можа зацягнуцца хмарамі… Восень!..

— Скажы, калі ласка, — спытаў я, — як табе ўдалося знайсці такую жонку? Не крыўдуй толькі — але якая вы пара? Яна, нарадзіўшы двух дзяцей, выглядае як старшакласніца. Такая красуня, статная, усмешлівая, ласкавая… Яна, урэшце, вышэй за цябе ростам. Яе можна за дачку тваю прыняць, бо ты выглядаеш старэй. Чым ты мог яе заваяваць?

Сябар ані не пакрыўдзіўся. Ён асцярожна здзьмухнуў попел з цыгарэты і сказаў:

— Усё вельмі проста. Да банальнасці. Я не кідаўся з-за яе ў агонь, не выцягваў з вады, не абараняў ад хуліганаў. Сышліся мы дзякуючы адной гісторыі, але настолькі простай, што ты будзеш расчараваны.

— Расказвай.

— На самой справе не я за яе, а яна за мяне старэйшая. Я вучыўся на першым курсе універсітэта, яна — на апошнім. Жылі ў інтэрнаце. Пазнаёміліся на нейкай вечарынцы, я быў крыху п’янаваты ну, і набраўся смеласці, запрасіў танцаваць самую прыгожую, самую рослую дзяўчыну. Зрэшты, і я тады быў не самы горшы… Але зусім ні на што не спадзяваўся. Усё ж запрашаю, мы танцуем, потым выпіваем, і, карацей, раніцай прачынаемся ў маім пакоі ў адным ложку. Яна, напяваючы, ідзе ў душ. Затым спакойна развітваецца і знікае. А мне, адчуваю, фініш. Ніколі ў жыцці так цудоўна, як з ёю, не было і, ужо цвёрда ведаю, не будзе. Закаханы? Не тое слова! Ды і не раскажаш такога. Адно хіба — зразумеў тады, як і ад чаго людзі захворваюць, і труцяцца, і рэжуць вены… Дні праз тры заходжу да яе — яна, на шчасце, адна ў пакоі. Сядзіць за сталом перад касметычкаю, паклаўшы нага на нагу. Я заходжу і з парога заяўляю: «Давай пажэнімся. Я без цябе не магу».

«Дарагі мой, — спакойна адказвае яна, седзячы бокам да мяне. — Давай зробім так. Мы будзем сябраваць, будзем, калі я таго захачу, нават спаць разам. Але пра ўсё іншае, пра жаніцьбы і таму падобнае, што можа нас звязаць, — забудзь! Не хачу нічога ні тлумачыць, ні апраўдвацца, скажу шчыра і коратка: я цябе не кахаю. Але я здаровая, мне хоць бы фізіялагічна трэба жыць з мужчынам, і ты якраз для гэтага падыходзіш. Ты чысты, акуратны, педантычны; акрамя ўсяго я ведаю, бачыла, як табе спадабалася са мною, і мне ад гэтага прыемна, вядома».

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: