Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А калі гаварыць пра больш апасродкаваныя ўплывы?

— Мне вельмі падабаецца паэзія Купалы і проза Чорнага.

Некалі я вельмі захапляўся прозай Брыля. Пазней адкрыў для сябе Гарэцкага. Шмат у маім літаратурным лёсе значыў крытык Алесь Адамовіч, які дапамог зразумець самога сябе і жыццё. Але так можна пералічваць бясконца. Што ж да рускай літаратуры — дык тут спіс, пачынаючы ад Талстога і Дастаеўскага і канчаючы маімі сябрамі Бакланавым і Бондаравым…

Зазваніў тэлефон, і Васіль Уладзіміравіч узяў трубку.

Зрабіць уклад у сельскую гаспадарку? — перапытаў ён. — Дык я ж не хлебароб. У мяне ёсць апавяданне «Акраец хлеба». Можаце яго выкарыстаць, гэта і будзе мой уклад.

— Адкуль званілі? — не стрымаўся я.

— З радыё. Пісьменнік лёгкі на падхват — вось уяўленне многіх.

Гаспадар выйшаў на кухню, я пачаў разглядаць кабінет. Кнігі, кнігі, акуратна расстаўленыя на паліцах і тыя, што «пад рукамі» — на стале, на канапе. За шклом на паліцы копія ўказа Пятра I аб пераходзе на новае летазлічэнне. Фотапартрэты Купалы, Дастаеўскага, Паўстоўскага. Ажно дзве фатаграфіі Твардоўскага, пад адной з іх верш паэта:

В случае главной утопии — В Азии той, в Европе ли, — Нам-то она не гроза: Пожили, водочки попили, Будет уже за глаза… Жаль, вроде песни той, деточек, Мальчиков наших да девочек, Всей неоглядной красы… Ранних весенних веточек, В капельках первой росы…

Адну фатаграфію жонка паэта, Марыя Іларыёнаўна, прыслала, — тлумачыць Быкаў, — а я выбраў верш. Гэта адзін з тых пранізлівых твораў, якія паэт пісаў у канцы свайго жыцця. Другі здымак я рабіў у кабінеце Твардоўскага.

— Кім для Вас быў Твардоўскі?

— Аляксандр Трыфанавіч добра да мяне ставіўся. I для мяне ён вельмі дарагі. Як пісьменнік і як чалавек. У сваёй рабоце кіраваўся толькі адным меркаваннем — каштоўнасцю твора. Часам ён гаварыў: «Будзе кепска і нам, і Вам. На сябе мы гатовы прыняць удар. А Вы?» Я адказваў: «Вы гатовы, дык і я гатоў». I так ён надрукаваў тры аповесці: «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост».

А гэта — фота маіх франтавых таварышаў па 252-й стралковай дывізіі.

— Дык Вы ж былі артылерыстам.

— I ў стралковай дывізіі ёсць артылерыя. Я служыў, пачынаючы ад батальёна-саракапяткі і канчаючы армейскім артылерыйскім палком, дзе былі гаўбіцы… З тых жа, з кім я вучылішча канчаў, з роты ўжо нікога не засталося, акрамя Уладзіміра Леўчука… А гэта — фатаграфіі сыноў, адзін з іх афіцэр, другі медык.

— Гавораць, што Вас ужо аднойчы былі «пахавалі» ў брацкай магіле. На помніку нават Ваша прозвішча было высечана.

Пісьменнік моўчкі адкрывае шуфляду і падае мне архіўную выпіску: «Паведамляю, што ў імянным спісе беззваротных страт 399 стралковага палка за 1943—44 гг. значыцца: камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч забіты 10.1.44 г., пахаваны на цэнтральных могілках в. Вялікая Севярынка Кіраваградскай вобласці. Падстава: вопіс 84108, с. 8, л. 58. Начальнік архіва-сховішча Аляксееў».

— Вайна і асоба, вайна і чалавечая мараль — гэта кардынальныя праблемы мастацкага даследавання сутнасці чалавека XX стагоддзя. Як ставіліся гэтыя праблемы ў час вайны?

— Праблемы маралі — гэта праблемы жыцця чалавека. І яны заўсёды важныя, а на вайне выступаюць асабліва абвострана. Бо цана і мера гэтай праблемы — чалавечае жыццё. Бо кожны дзень трэба паміраць. Салдат павінен плаціць за вайну сваім жыццём рана ці позна. Генералу аддадзены безліч лёсаў людзей, і ён павінен кіраваць. Праблемы маралі выходзяць на першы план найбольш рэзка. Бо ніхто не хоча паміраць, кожны хоча жыць. Вайна вымагае шукаць рашэнняў, каб захаваць сваё жыццё, а часта гэта несумяшчальна. I толькі мараль чалавека, яго высокая свядомасць, яго духоўная арганізацыя вызначаюць сапраўднае выйсце з гэтай сітуацыі.

— Як гэта было, напрыклад, у «Сотнікаве».

— Хоць бы і так.

— У нас у літаратуры праблему вайны некаторыя ўсё яшчэ звужаюць. Калі гавораць пра вайну, дык толькі пра гераізм. Гераізм быў, гэта безумоўна. А яшчэ была маса самых розных праблем. Практыка лепшых савецкіх пісьменнікаў, тут я павінен адзначыць вялікую ролю Вашых твораў, гэта пацвярджае.

— Жыццё і смерць — дзве гэтыя несумяшчальнасці парадзілі ў сваім сутыкненні цэлы комплекс і іншых праблем. І таму на вайне праяўляецца ўсё: сацыяльнае, псіхалагічнае, маральнае. Усё наглядна, катэгарычна, на працягу кароткага часу. Кожны дзень разыгрываюцца драмы і трагедыі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: