Шрифт:
— Ці бывае ў Вас так: хочацца, каб персанаж выглядаў сімпатычным чалавекам, а на практыцы выходзіць наадварот.
— Для мяне важна не прыгожае апісальніцтва. Яно — асаблівасць, можа, не столькі пісьменніка, як чытача. Асаблівасць літаратуры, у тым ліку і беларускай, — невычэрпная асалода красамоўства, скажам, прыгожага апісання ўзыходу сонца, пейзажа. Многія развітыя літаратуры, па-мойму, вычарпалі гэтую цікавасць. Для іх важна тое, што не відаць вачмі, але складае яшчэ большую значнасць чалавечага жыцця.
Калі я пачынаю пісаць твор, для мяне на першым месцы стаіць праблема і тэма. Вы кінулі рэпліку пра «Сотнікава». Я рашыў, што пастаўленую праблему ў гэтай аповесці лепш за ўсё вырашыць на партызанскім матэрыяле. Хаця штуршок ішоў ад фронту. Я ўжо неяк расказваў пра выпадак на Украіне. Пасля фарсіравання Дняпра камандзір батальёна са сваім штабам быў акружаны немцамі. Нашы адбіваліся, але іх знішчылі. Лічылася, што камандзір загінуў. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Калі пачалася Яса-Кішынёўская аперацыя, мяне начальства паслала ў тыл, каб павярнуць падвоз боепрыпасаў па другой дарозе. У адной вёсцы, румынскай, быў арганізаваны збор ваеннапалонных немцаў. Там іх была маса. Я еду, гляджу — ля дроту знаёмы твар. У нямецкай пілотцы, у нямецкім мундзіры. I ён на мяне глядзіць. Прыгледзеўся — камбат. Пытаюся: «Як вы трапілі сюды? Вы ж Герой Савецкага Саюза!» Аказваецца, ён не загінуў і трапіў у палон. Пасадзілі немцы яго ў лагер, дзе — усё, чакай смерці. Аднойчы прыйшлі вярбоўшчыкі. I ён вырашыў запісацца ва ўласаўцы, каб пасля перайсці да нас. «Я, канечне, не страляў у сваіх і падняў рукі, — гаворыць, — здаўся ў палон. Але ўсё роўна, ведаю, цяпер маё дзела спета». А ён жа быў неблагі камбат, нават людзей шкадаваў.
— Вы хочаце сказаць, што ў літаратуры павінна быць так, як у жыцці?
— Безумоўна. Няма такога водападзелу на толькі станоўчых і толькі адмоўных. Бывае, абставіны складуцца такім чынам, што ў чалавеку праяўляецца толькі лепшае. А бывае наадварот — выпірае самае чорнае з яго душы. Некалі яшчэ Горкі пісаў, што чалавек каштоўны сваім супраціўленнем сіле жыцця. Таму вельмі важна існа чалавечае, бо абставіны бываюць — нечалавечыя! Толькі чалавек з вялікай сілай можа супрацьстаяць гэтым нечалавечым сілам. Калі вярнуцца да размовы пра камбата, то і ў яго чыста біялагічныя сілы былі здаровыя і моцныя. Ён шукаў магчымасці, каб выжыць. Але духоўныя сродкі для жыцця ён знайшоў не тыя, якія б забяспечылі яму маральнае існаванне на гэтым свеце. Хоць ён і застаўся жывы, тым не менш ён загінуў. Для «Сотнікава» я ўзяў партызанскую стыхію, дзе больш вырашалася — куды? як? з кім? У арміі ёсць загад. Партызанскі ж матэрыял з меншым дэтэрмінізмам, тут можна лягчэй абысціся з магчымасцю выбару. Ну, а астатняе — для пісьменніка няцяжкая справа: ведаючы вайну наогул, не так ужо цяжка было ўявіць партызанскую вайну.
— Яшчэ пра адну цяжкасць, Васіль Уладзіміравіч. У арміі — свая тэрміналогія, свая лексіка, і гавораць там пераважна паруску. А чытаеш Ваш твор і адчуваеш, што ён — беларускі. У асваенні беларускай літаратурай мовы вайскоўцаў Вы шмат зрабілі. I хацелася б пачуць Вашы думкі наконт гэтага.
— Так, армія абыходзіцца рускай мовай. I тэрміналогія — па-руску. Значыць, дыялогі дзеючых асоб даводзіцца перакладаць. Задача пісьменніка — знайсці нейкі эквівалент, каб гучала па-беларуску і разам з тым каб, не парушаючы нацыянальнай мовы, была перададзена праўда адносін вайсковых людзей. Атрымаецца фальшыва і ненатуральна, калі рускія афіцэры загавораць на мове дзядзькоў палескай вёскі.
— Чым павінен кіравацца мастак, каб стварыць такую кнігу, якая стала б сучаснай на многія гады?
— Тут, на мой погляд, вырашаюць тры ўмовы. Першая — талент. Другая — сумленнасць мастака. Трэцяя — грамадская атмасфера, гэта значыць магчымасць з’яўлення кнігі.
Грамадства павінна выспець, каб успрыняць подзвіг мастака. Бо калі яно не гатова да гэтага, то атрымаецца, што твор прызнаюць пазней. Гэта асабліва заўважаецца ў выяўленчым мастацтве, — калі мастак апераджаў магчымасці ўспрымання мастацтва сваімі сучаснікамі і прызнанне, і папулярнасць прыйшлі толькі пасля смерці, як, напрыклад, да Ван Гога. У літаратуры, як пісаў той самы Маэм, рэдка так адбываецца, каб слава, якая абыходзіла пісьменніка пры жыцці, палюбіла яго пасля смерці.
— А вялікі польскі паэт Норвід, напрыклад, за якім настойліва трымалася рэпутацыя «незразумеласці», якога не прызнавалі нават буйнейшыя літаратары-сучаснікі? Сёння імя Норвіда стаіць побач з імёнамі Міцкевіча, Славацкага.
— Гэты прыклад якраз з тых рэдкіх выпадкаў.
— А Вы ўлічваеце ўспрыманне сучаснага чалавека?
— Калі я пішу, то думаю і пра псіхалогію салдата, і пра псіхалогію ўспрымання сучаснага чытача. Я шукаю такіх ваенных перажыванняў, каб гэтая псіхалогія і перажыванні мелі водгук у душах сучасных людзей.
— Беларуская літаратура пастаянна акцэнтуе ўвагу на ваеннай тэме. Гэта стала яе своеасаблівай уласцівасцю, рысай. Ці можа аказацца для Вас у будучым гэтая тэма вычарпанай?
Для мяне — можа, а для літаратуры наогул вычарпаць яе немагчыма. Зараз прыйшло маладзейшае пакаленне, і яно са свайго пункту погляду піша пра вайну. Калі ісці далей, то для кожнай нацыі вайна была ў нечым свая. Узбекам, напрыклад, не было лягчэй, але для іх яна была іншая, чым для нас, беларусаў. А што будзе далей для мяне, я не ведаю, з вайны прывык не загадваць далёка наперад.
[1977]
Сяргей Смірноў
Прыкладна за год да канчыны выдатнага савецкага пісьменніка Сяргея Сяргеевіча Смірнова мы сядзелі з ім у цішы гасцінічнага нумара ў Мінску, і ён, як заўжды, з захапленнем, з зайздроснай маладой апантанасцю расказваў аб рабоце над сваёй новай кнігай, аб тых цяжкасцях, якія трэба было пераадолець у гэтай яго рабоце. Мы пагадзіліся, што задума яе сапраўды складаная, але не варта засмучацца. Напэўна, усе складанасці будуць пераадолены, і з’явіцца кніга, вартая яго папярэдніх кніг.