Шрифт:
Абліваючыся крывёю, Пацкоў дагнаў міліцыянера, які чамусьці аказаўся глухім і не чуў крыкаў.
— Таварыш, даражэнькі! Ратуй! Абарані.
Мне няма калі, — кінуў ён. Прозвішча міліцыянера Магдэнка.
Частка 5. Працяг трэцяй
Але свет не без добрых людзей. Нехта дамогся смелай міліцыі, нехта з грамадзян прыйшоў на дапамогу пабітым. Перавага ў сіле цяпер была ў другога боку. Тады раздаўся прарэзлівы разбойніцкі свіст:
— Цікай!
Калі нарад міліцыі з’явіўся на месца здарэння, ён знайшоў там толькі крывавыя сляды і капітана Кулікова, які быў у непрытомнасці. Аўтамабіль хуткай дапамогі адвёз яго ў бальніцу. Другі ж пацярпелы — Пацкоў, — сяк-так суняўшы кроў, павёў міліцыянераў па свежых слядах хуліганаў. Сляды прывялі ў двор таго ж тэхнічнага вучылішча. Пры з’яўленні міліцыі трывожны свіст зноў разануў начнае паветра. Ледзь пераводзячы дых ад хуткага бегу, уцекачы кінуліся ва ўсе цёмныя закуткі, але Пацкоў паспеў схапіць дваіх. Іх вывелі на святло і разгледзелі. Гэта былі Уладзімір Строк і Віктар Баслык.
Аднак п’яная грамада стала ў абарону затрыманых хуліганаў.
— Гэтага не можа быць. Яны ж камсамольцы, — даводзіў дырэктар.
— Мо гэтыя грамадзяне самі ўпалі і пабіліся, — усумніліся астатнія. Але маёр міліцыі Лук’янаў усё ж арыштаваў злоўленых і забараніў гулянку.
Частка 6. Дзіўны фінал
І вось нарэшце зачыншчыкі арыштаваны, у астатніх адабраны дакументы. Учарашнія «героі» ходзяць сумныя і нічога не хочуць сказаць следчаму, бо, кажуць, былі п’яныя і пра ўсё забыліся. Праўда, адзін з іх — Якіменка — трымаецца бадзёра і, відаць, мае падставы. Яго бацька працуе ў міліцыі і ўжо, здаецца, прыняў захады.
А эпілога няма. Эпілог, відаць, напіша пракурор.
Зрэшты, зварот Быкава да фельетонаў быў абсалютна невыпадковы, бо адначасова з-пад яго пяра выходзілі і сатырычныя апавяданні, якія ў далейшым былі ўключаны ў яго першую кнігу.
У той жа час Быкаў піша і літаратурныя партрэты (першы з іх быў прысвечаны А. Пушкіну і быў напісаны да 120-годдзя з дня яго смерці), і літаратурна-крытычныя рэцэнзіі: «Юнацтва ў дарозе» — на кнігу Р. Сабаленкі (Гарадзенская праўда, 1957, 26 студз.), «Кніга аб бессмяротным подзвігу» — на кнігу С. С. Смірнова (Гарадзенская праўда, 1958, 29 крас.), «Новые высоты мастерства» — на кнігу Я. Брыля (Гродненская правда, 1958, 14 кастр.), «Таленавітая аповесць» — на аповесць А. Асіпенкі (Полымя, 1964, № 7), «Улада праўды» — на раман І. Шамякіна (Літ. і мастацтва, 1965, 27 жн.) і інш. І ўжо будучы літкансультантам «Гродненской правды», робіць агляды літаратурнай творчасці самадзейных паэтаў Гродзеншчыны. Апроч таго, у беларускім і ўсесаюзным друку з’яўляюцца першыя вялікія артыкулы Быкава, яго літаратурныя анкеты і аўтабіяграфіі; ужо пазней да іх дададуцца прадмовы да кніг іншых пісьменнікаў, а таксама эсэ і ўспаміны пра беларускіх і расійскіх літаратараў і дзеячаў мастацтва.
Такім чынам публіцыстычная і літаратурна-крытычная спадчына Васіля Быкава даволі разнастайная не толькі жанрава і тэматычна, але і па сваіх мастацкіх вартасцях, і па рашэнні пэўнай часткі сябраў рэдкалегіі Поўнага збору твораў друкуецца выбарачна. Зрэшты, сам Быкаў патрабавальна ставіўся да сваёй публіцыстычнай і літаратурнакрытычнай творчасці і ў свае кнігі ўключаў толькі нешматлікія тэксты. У гэтай сувязі можна ўзгадаць, што падчас падрыхтоўкі ў 2002 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» васьмітомнага Збору твораў ён меркаваў скласці апошні том з літаратурнай крытыкі, публіцыстыкі і інтэрв’ю выключна з кніг «Праўдай адзінай», «На крыжах» і «Крыжовы шлях».
Што датычыць гэтага выдання, дык тэксты (артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні) друкуюцца па аўтографах (аўтабіяграфія; выступленне на вечары з нагоды 50-годдзя), газетных і часопісных публікацыях [у тых выпадках, калі падчас публікацыі ў тэкстах прасочваецца відавочнае ўмяшальніцтва рэдактуры і вядомыя аўтарызаваныя машынапісы гэтых тэкстаў (захоўваюцца ў асабістых архівах пісьменніка ў яго жонкі Ірыны Міхайлаўны Быкавай у Мінску і малодшага сына Васіля Васільевіча Быкава ў Гродне, а таксама ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва), яны падаюцца паводле аўтарскай рэдакцыі], па прыжыццёвых кніжных выданнях В. Быкава — зборніках публіцыстыкі і Зборах твораў: «Праўдай адзінай», «Колокола Хатыни», «Крыжовы шлях», Собр. соч.: в 4 т., т. 4; Зб. тв.: у 6 т., т. 6, а таксама паводле іншых кніжных выданняў, якія ў кожным канкрэтным выпадку ўказваюцца. Аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» падаюцца паводле электроннага носьбіту з Архіва В. Быкава ў Мінску.
У квадратных дужках змешчаны назвы, дадзеныя складальнікам тома, дапісаныя словы ў аўтарскіх скарачэннях, пазначэнне неразб. у выпадку нечытэльнасці тэксту, а таксама дата пад тэкстам, вызначаная паводле вывучэння гісторыі тэксту. Прынятыя скарачэнні: кніга — кн.; зборнік — зб.; часопіс — часоп.; газета — газ.; «Літаратура і мастацтва» — «Літ. і мастацтва»; «Литературная газета» — «Лит. газета».
Тэксты размешчаны ў храналагічнай паслядоўнасці: па даце напісання (за выключэннем «Маладых гадоў»). У выпадках адсутнасці такіх звестак, творы ўмоўна датуюцца часам першай публікацыі.
Друкуецца ўпершыню паводле электроннага носьбіту з той часткі асабістага архіва В. Быкава, якая захоўваецца ў яго жонкі Ірыны Міхайлаўны Быкавай [далей — Архіў В. Быкава (Мінск)].
Датуецца сакавіком 1985 г., а таксама паводле пазнакі В. Быкава — жніўнем 2001 г.
Сустрэчы-гутаркі Васіля Быкава і Алеся Адамовіча адбыліся ў сакавіку 1985 г. з той нагоды, што ў той час Адамовіч працаваў над фотаальбомам пра сябра (выдадзены ў 1986 г. у Мінску пад назвай «Васіль Быкаў»). Гэтыя гутаркі ўпершыню цалкам былі надрукаваныя ў часоп. «Полымя» (2001, № 5, 6) пад назвай «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу: гутарка Алеся Адамовіча з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым». Перадгісторыя з’яўлення публікацыі вядомая з уступнага слова Веры Адамовіч: «Працу над альбомам пра Быкава Алесь Міхайлавіч распачаў сустрэчамі з Васілём Уладзіміравічам. Гэтыя сустрэчы-гутаркі запісваліся на магнітафон. Усе касеты потым былі падпісаны рукою Адамовіча: „В. У. Быкаў. Біяграфія (ці аўтабіяграфія)“. Дзве касеты пазначаны датамі: 6.03.1985 г. і 12.03.1985 г. Усяго адбылося тры сустрэчы, звычайна ў другой палове дня. Першая — у кватэры Быкавых і дзве ў нас.
Я не была ўдзельніцай гэтых гутарак. Калі Саша прасіў, падавала ім чай. Адказвала на тэлефонныя званкі. Адным словам, не замінала, паводзіла сябе як мыш пад венікам. У час іхняй працы чуўся і смех, і былі размовы на іншыя тэмы. Фужэрам віна яны закончылі сваю трохдзённую працу.
Алесь Міхайлавіч папрасіў мяне перанесці тэкст гутаркі на паперу. Гэта было і вельмі цікавай, і адначасова цяжкай справаю. Я не валодаю стэнаграфіяй, ды і машыністка з мяне слабая. Але старалася выканаць працу як мага дакладней, як мага лепш. Многа разоў праслухоўвала тэкст, удакладняла. Не дазволіла сабе паправіць ніводнага слова. Запісвала так, як чула, з усімі асаблівасцямі гаворкі. Бо ведала, што далей будзе працаваць Алесь Міхайлавіч, а можа, і Васіль Уладзіміравіч.