Быкаў Васіль
Шрифт:
Не, далей яны не пайшлі — яны вярталіся.
Ён зноў убачыў іх у тым жа парадку — адзін за адным немцы выбягалі з кустоў па ягоным следзе назад, і ён сцяўся, упіўся ў іх з-за крушынавага голля вачамі, з заміраннем сэрца чакаючы: а што, калі спыняцца? Калі спыняцца і сабака пакажа ў балота — тады ўсё. Тады, лічы, ён гатовы.
Здаецца, яны трошкі праскочылі далей ад яго павароткі, першы сабака дык пэўна праскочыў і з ім праваднік, астатнія яшчэ ішлі па беразе, і тады ён ясна ўбачыў у асацэ пры беразе свой след. Ну, так і ёсць, некалькі вельмі прыкметных на вадзе крокаў — прытаптаная асака і скаламучаная, яшчэ не адстоеная твань, — ах ты, бог мой, якая неасцярожнасць! I так блізка ад берага! Хоць бы яны не заўважылі, хоць бы прайшлі за сабакам! Дранцвеючы ад холаду і напружання, ён сачыў, як гэтае месца ля бярэзнічку прамінуў адзін, другі, трэці… Ужо заставалася чалавекі тры, і вось прабег і апошні — растаўсцелы карнік з азызлым, счырванелым тварам. Ляўчук дазволіў сабе ўздыхнуць глыбей — можа, і абыдзецца…
Ногі яго надта засмактала ў твань, і ён пасунуўся грудзямі на імшарыну, схіліўся над малым, які ўвесь час неспакойна варушыўся ў яго пінжаку, нібы хацеў скінуць яго з сябе і зірнуць, што робіцца на свеце. Ляўчук заглянуў пад палу — тварык малога незадаволена зморшчыўся, і Ляўчук спалохаўся ад думкі, што малы зараз заплача. Каб як не дапусціць да гэтага, ён выдраў паблізу аерыну, адарваў ад яе мякчэйшую частку кораня і сунуў малому ў рот — смакчы! Той і сапраўды зацмокаў, прыціх, а Ляўчук падумаў, што надоўга ці не, а, здаецца, ашукаў хлопца.
Затым ён услухаўся — немцы, чуваць было, гойсалі зводдаль, ён думаў, зноў вернуцца, але яны пакуль што не вярталіся, мабыць, яны стараліся знайсці яго след. Хвіліну чуваць быў іх гоман, ці то яны аб чымсь там спрачаліся, а можа, камандзір аддаваў новы загад. Даляцеў яго зычны голас-каманда, і хтосьці адгукнуўся на яе зусім блізка, ледзь не на самым беразе. Ляўчук зноў затаіўся, ён перастаў разумець, што яны ўздумалі, і зноў затрывожыўся.
Ён пачаў азірацца, шукаючы нейкае выйсце, і падумаў, ці не рызыкнуць усё ж перабрацца за той куст лазняку, а можа, і далей, пакуль іх няма паблізу і пакуль яны не знайшлі яго след. Але толькі ён падумаў аб гэтым, як убачыў насупраць немца: павесіўшы на шыю боты, той лез басанож у балота, здаецца, якраз па ягоным следзе. Другі з аўтаматам напагатове стаяў на беразе і, відаць, падбадзёрваў таварыша:
— Forwarts, dort ist es nicht tief! [2]
— Ніеr ist eine Kluft [3] ,— незадаволена бурчаў босы, сунучы нагамі ў вадзе.
Ляўчук зноў вялікім пальцам перавёў засцерагальнік і паклаў ствол пісталета на ніжнюю галінку алешыны. Ён рашыў падпусціць немца не далей як да акна з разбоўтаным покрывам раскі і стрэліць. Адсюль ужо ён не вылезе са сваімі ботамі; пасля той, з берага, мабыць, расстраляе яго. А можа, ён паспее зняць і таго…
2
Наперад, там неглыбока! (ням.)
3
Тут прорва. (ням.)
Ну, во і ўсё… А столькі было страху і перажыванняў, калі ўсё канчаецца так проста, звычайна і амаль недарэчна…
Як заўжды ў хвіліны безнадзейнасці ад яго адлятаў страх, тым болей спалох, мозг яго пачынаў працаваць цвяроза і дакладна, рука рабілася дужай і цвёрдай. У такі момант ён не прамахнецца. Немец, аднак, не спяшаўся, лез асцярожна, высока перастаўляючы ў вадзе белыя худыя ногі з падкасанымі вышай калена калошынамі. Калі ён нагінаўся, боты біліся галоўкамі па жываце, там жа боўтаўся аўтамат, які ён падтрымліваў правай рукой. Зрэдку толькі ён кідаў наперад кароткія позіркі з-пад казырка свае шапкі, а так усё глядзеў пад самыя ногі, шукаючы, куды лепей ступіць.
«Ну што ж, можа, так і лепей! Ідзі, ідзі, гад!»
I ён ішоў, несучы яму смерць і сабе, напэўна, таксама. Пагрузшы вышай каленяў у багне, ён падышоў да крушынавага кусціка, ухапіўся за галінку рукой і раптам, мабыць, паслізнуўся на дне — бокам шуснуў у ваду па грудзі. Спрабуючы падняцца, праваліўся яшчэ глыбей, збіў локцем шапку, якая паволі паплыла ад яго, хутка асядаючы пад ваду. Ускаламуціўшы вакол багну і ўжо не разбіраючы дарогі, кінуўся назад, на мяльчэйшае, і раззлавана загергетаў да таго, што стаяў на беразе і рагатаў, выкрыкваючы штосьці жартоўнае.
Мокры, аблеплены тванню немец выбраўся з балота і, усё нешта гергечучы там, знімаў з сябе кіцель, штаны і ўсё іншае, пакуль не застаўся голы. Удвух яны там доўга выкручвалі яго абмундзіроўку, з якой цурком лілася балотная вада. Ляўчук зусім адранцвеў ад холаду, яго пачынала біць ліхаманка, — ён не мог дачакацца, калі ж яны ўрэшце скончаць валэндацца і гэты апранецца. Вось ён ужо нацягнуў штаны, сятчастую блакітную майку, пачаў абувацца. Той, другі, даўганогі і, мабыць, маладзейшы, з ліхтарыкам на грудзях, штось гэйкнуў у хмызняк, яму адказаў здалёку другі голас, і Ляўчук пачуў, як на беразе лязгнуў затвор. Гэта яго зноў насцярожыла — што будзе?
Але гэты раз чакаць давялося нядоўга, воддаль затрашчала аўтаматная чарга, над балотам разгоніста, з віскам панесліся кулі. Ляўчук не зразумеў — куды гэта яны? Здаецца, апроч яго, тут не было нікога, але ж яго яны быццам не ўбачылі. Ды і стралялі не ў яго, а недзе ўбаку, куды пабеглі тыя, з сабакамі. А можа, там яшчэ хто, можа, там партызаны? Гэтыя два немцы таксама пабеглі на стрэлы; задні таропка, на бягу надзяваў кіцель, перахопліваючы з рукі ў руку аўтамат.
Ляўчук рашыў уцякаць далей у балота і толькі падхапіў на рукі малога, як зноў чарга адтуль распырскала паблізу ваду, дробная галінка з алешыны ўпала на яго плячо. Ён стаіўся, аблёгся на купіну, падабраў пад сябе малога. Але хутка ён зразумеў, што гэта выпадковыя кулі — білі ўсё ж наўгад. Тады ён зноў апусціўся па самыя плечы ў твань і праз крушынавае голле ўтаропіўся на край берага.