Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Валошын маўчаў. На секунду мільганула радаснае і ў той жа час нейкае невядома чаму трохі няёмкае адчуванне — ордэн гэта няблага, але чаму толькі яму, а іншым? Між тым усё адбывалася, мусіць, як і павінна адбывацца на фронце — месяцы два таму паслалі паперы з прадстаўленнем яго да ордэна Чырвонага Сцяга, нейкі час ён нават чакаў яго, гэты ордэн. Але затым пачалося наступленне, цяжкія баі, і ён не надта ўжо і спадзяваўся, што тая ўзнагарода застане яго ў жыцці. I вось, выходзіць, застала, значыць, яшчэ давядзецца, колькі пашчасціць, панасіць на грудзях і другі баявы ордэн. Што ж, увогуле ён быў рады, хоць знешне амаль нічым і не выказаў гэтае сваёй радасці.

— Так што віншуем, таварыш капітан, — сказаў Гутман. — Во тут я і абмыўку здабыў.

Ён выцягнуў аднекуль алюмініевую фляжку і весела страсянуў яе. У флязе булькнула і зазвінела, Валошын ніякавата паморшчыўся.

— Пакуль схавай, Лёва. Абмыўка — не праблема.

— Ага, не праблема! Ды я ледзьве ў старшыны другога батальёна выцыганіў. Самая праблема. Вунь лейтэнант увесь вечар на яе паглядвае.

— Глупства вы гародзіце, Гутман, — сур’ёзна, без ценю гумару, зазначыў Маркін.

— Вось лейтэнанту і аддай, — спакойна сказаў камбат. — А мне лепш анучы сухія пашукай.

— Ай-яй! Анучы — такая справа.

Ардынарац выцяг з-пад сцяны тутаваты рэчавы мяшок і спрытна развязаў яго.

— Во, сухенькія.

— Дзякуй.

— I знімайце шынель — гузік у пятліцу прышыю. А то ўжо трэці дзень абяцаеце.

— Толькі каб было аднолькава: на правай і на левай.

— Будзе акурат. Не сумнявайцеся.

Ён не сумняваўся — Гутман быў майстра на ўсе магчымыя і немагчымыя справы — усё ў яго выходзіла надзіва лёгка і адмыслова. Валошын прывычна расшпіліў камандзірскую дзягу з зоркай у меднай спражцы, скінуў з плячэй двайную партупею, кабур з ТТ, зняў камсастаўскі, некалі шыты на заказ, ужо абтрэпаны, у двух месцах пабіты асколкамі шынель. Гутман шырокім кравецкім жэстам раскінуў яго на каленях.

— I хто прыдумаў гэтыя гузікі ў пятліцы? Ні складу ні ладу.

— Цябе не запыталі, Гутман, — буркнуў Маркін. — Прыдумаў, значыць, так трэба было.

— А па мне дык лепш, як раней — кубары! Гэта штука!

Камбат з задавальненнем выцягнуў на саломе ногі і, няўважліва слухаючы размову падначаленых, дастаў з кішэні гадзіннік. Гэта быў трафей, узяты ў забітага нямецкага танкіста, з трыма стрэлкамі і надзіва дакладным ходам. Валошын паклаў гадзіннік на краі скрынкі, каб бачыць яго цыферблат, і пачаў згортваць цыгарку.

Першае ўзрушанне-няёмкасць міналіся, ён думаў, што трэба хутка званіць на палкавы КП, дакладваць абстаноўку. Як заўжды, гэтая хвіліна была да агіды непрыемная і нямала псавала настрой да яе і пасля. Колькі ўжо часу, як палком стаў камандаваць маёр Гунько, а камбат-тры Валошын усё не мог прывыкнуць да ягоных начальніцкіх манер, якія раздражнялі і крыўдзілі яго адначасна.

— 3 палка званілі?

Маркін адарваўся ад папер, разы два міргнуў — яго твар з густаватаю шчэццю пры скупым святле карбідкі выглядаў амаль чорным.

— Званілі. Будзе папаўненне.

— Многа?

— Невядома. У дваццаць два ноль-ноль загадана выслаць прадстаўніка ад батальёна.

Лейтэнант зірнуў на гадзіннік, стрэлка якога набліжалася да васьмі. Камбат адхінуўся да сцяны зямлянкі і зацягнуўся самакруткаю. Сцяна яшчэ ніколькі не ўгрэлася і нават праз аўчынную камізэльку моцна сцюдзяніла лапаткі.

— Пра вышыню шэсцьдзесят пяць не пыталіся?

— Не, не пыталіся. А што, усё капаюць?

— Дзоты будуюць. Як бы заўтра таго… Не прыйшлося браць.

— Ды ну! — усумніўся Маркін. — Семдзесят шэсць чалавек на давольствіі…

Гэтая названая Маркіным лічба непрыемна ўкалола свядомасць камбата — усяго семдзесят шэсць! Зусім нядаўна яшчэ было амаль на сотню чалавек больш, а цяпер вось засталося трэць батальёна. Колькі ж застанецца праз тыдзень? А праз месяц, да лета? Але ён толькі падумаў так, намаганнем волі прыцяў непрыемную думку і ўслых сказаў аб іншым:

— Праз дзень-два горш будзе. Умацуюцца. Лейтэнант кінуў беглы позірк у парог, прыслухаўся і ціха заўважыў:

— А можа, не дакладваць? Маўчаць, і мы змоўчым.

— Не, ужо дзякуй, — сказаў камбат. — Будзем дакладваць, як ёсць.

— Ну што ж! Можна і так.

Гутман прышываў гузік, Чарнаручанка гаспадарыў ля печы, разведчык, нацягнуўшы на галаву бушлат, сіліўся задрамаць перад дзяжурствам. Маркін з дапамогай алоўка і шомпала лінеіў у сшытку графы формы 2УР — для запісу папаўнення. Камбат глядзеў, як аднабока тлее папера на канцы яго самакруткі, і думаў, што вайна, на жаль ці на шчасце, не дае таго выбару, аб якім мяркуе лейтэнант Маркін. Гэта ў піўной можна разважаць, чым закусіць ракамі ці воблай або лепш салёным агурком на аматара, на вайне ж сярод усіх магчымасцей, якія дазваляе сітуацыя, часцей выпадае самая горшая, плата за якую — заўжды людское жыццё.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: