Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Патроны таксама. Сотні тры іх павінны ў вас быць. А каб Муратаў не шукаў у сябе кулямётчыка, то і яго перадайце. Сіпак, здаецца, ягонае прозвішча?

— Які Сіпак? Сіпак пяць дзён як у зямлі. Новы кулямётчык.

Валошын паўхвіліны маўчаў, пераборваючы ў сабе раптоўную тугу ад гэтае навіны — Сіпака ён ведаў даўно, яшчэ з фарміроўкі, і тут, аказваецца, яго ўжо няма. Зусім недарэчы прыпомнілася ягонае прозвішча — усё ж камбат павінен быў ведаць пра выбыцце кожнага з старых. Гэта было куды як непрыемна, але Валошын ніяк не выдаў свае хвіліннай збянтэжанасці і з ранейшай цвёрдасцю загадаў:

— Перадайце новага.

— Ну во! Яшчэ і новага! Што я — запасны полк, ці што? — шырока развёў рукамі Кізевіч.

Валошын ніяк не адрэагаваў і на гэта, змоўчаў, даючы тым зразумець, што пытанне вырашана беспаваротна. Кізевіч, аднак, раззлаваўся, відаць, не на жарт.

— Як толькі што, усё да дзевятай! «Кольт»! Можа, на «кольт» у мяне галоўны разлік. Я ўжо з яго ўсе арыенціры прастраляў. А цяпер палучаецца: аддай жану дзядзьку…

— Во і правільна. Каб не хітрыў,— коратка ўставіў Самохін.

— Ага. Ты не хітрыш? Чэсны такі!

— Не ў тым справа, — іншым тонам перабіў яго Самохін, — Што там «кольт»! Ты вось лепш запытай, якога ражна мы гэтую вышыню ўчора не ўзялі? Чаго валынілі? Пакуль немцы акапаюцца?

Кізевіч павярнуў да камбата незадаволены, надзьмуты твар. Іншыя, хто быў у бліндажы, таксама насцярожыліся, чакаючы адказу на тое, што, пэўна, найбольш займала іх. Валошын выдатна адчуваў гэта, сам насіў у сабе тое пытанне, але цяпер выказваць сваёй думкі не стаў, паспрабаваў прамаўчаць. Маўчанне камбата, аднак, не задаволіла ротных.

— Цяпер папоўзаеш сюды-туды, — сказаў Самохін.

— Вунь ужо два дзоты адгрохалі. Натанцуешся перад імі.

Аднак гэта было занадта. Такія размовы ўжо выходзілі за рамкі дазволеных у адносінах да начальства, і Валошын цвёрда сказаў:

— Ну хопіць! Загад ёсць загад. Мы абавязаны яго выканаць. Асабістыя ж меркаванні можаце пакінуць пры сабе.

Яны ўсе прымоўклі, і ў гэтае цішыні камбат дастаў з кішэні гадзіннік. Было без чвэрці адзінаццаць.

— Так, усё! — сказаў ён. — Давайце рыхтавацца. Загад аддам дадаткова.

6

У траншэі на выхадзе з бліндажа Валошын сутыкнуўся з Гутманам. Запыханы ардынарац бег на камбата — у батальён прыбыло папаўненне.

— Многа?

— Дзевяноста два чалавекі.

Ого! Гэта было больш, чым сёння ў яго страі. Батальён павялічваўся ўдвая, амаль удвая ўзрастала яго агнявая моц. I тым не менш камбат не ўзрадаваўся.

Яны прыйшлі ў канец траншэйкі, якая тут, паступова мялеючы, выходзіла на паверхню. Самохін спыніўся ззаду, і Валошын на развітанне сказаў:

— Прышліце старшыну за людзьмі. I перадайце таксама Муратаву з Кізевічам.

— Ёсць!

Камбат памкнуўся быў ісці, ды памарудзіў — у паўзмроку траншэі неяк вельмі сіратліва і сцішана стаяла постаць ротнага, цяпер нешматслоўнага і апануранага, і — адчуваў Валошын — наўрад ці толькі ад клопату за заўтрашнюю атаку. Але той яго бок перажыванняў быў надта асабісты і паводле вайсковай завядзёнкі чужому спачуванню не падлягаў.

— Вернуцца разведчыкі — адразу на капэ, — захоўваючы звычайную дзелавую цвёрдасць, загадаў камбат.

— Ясна.

Яны ўдвух з Гутманам хутка пайшлі па схіле ўгору. У полі па-ранейшаму было цёмна і марозна-ветрана. Вышыня змрочна таілася ў зорнае цемры. Валошын на секунду спыніўся, паслухаў — цяпер там недзе паўзлі яго разведчыкі, і кароценькі трывожны клопат звыкла варухнуўся ў свядомасці камбата. У тым, што ён паслаў іх, была маленькая хітрасць, свайго роду мясцовая рацыяналізацыя, на якія часта вымагала вайна і ад якіх, здаралася, залежала вельмі многа. Авось як-небудзь абыдзецца — не напоруцца, ён дужа спадзяваўся на іх.

Гутман у цемрыве, мабыць, ведаў які інакшы шлях на КП — без хмызняку і варонак, і ўпэўнена вёў камбата. Неўзабаве яны добра-такі аддаліліся ад рубяжа сёмае роты, уважлівая напружанасць зменшылася. Усё ж які там ні тыл за паўкіламетра ад ротнага ланцуга, а на душы рабілася спакайней. Валошын пачаў думаць аб іншым і толькі хацеў запытаць пра Джыма, як Гутман, нібы прадчуваючы ягонае пытанне, сам азірнуўся.

— Усё кумекаюць там. У штабе. Наконт вышыні гэтай.

— Да? Ну і што?

— Ат! Паслухаў, дык дзіўна стала. Батальён, батарэя, узаемадзеянне! I нікому не ў знакі, што батальён гэты — адна рота.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: