Быкаў Васіль
Шрифт:
Аднак пры ўсім тым Муратаў быў надзіва часталюбівы і крыўдлівы камандзір. Камбат заўжды папракаў яго асцярожна, намёкамі і цяпер сказаў:
— А я на васьмую спадзяваўся. Болей за іншых.
Муратаў адразу ўсё зразумеў, смуглявы чарнабровы яго твар успыхнуў на скулах. Ён памкнуўся наперад, але тут жа асеў і змоўчаў.
— Вось так! — сказаў Валошын. — Старшы лейтэнант Кізевіч.
Кізевіч неяк напаўсур’ёзна паглядзеў у дымную столь і махнуў рукой.
— Ат, тое самае. Што дакладваць!
— А іменна?
— Ну што: трыццаць тры чалавекі. Два «максімы». Слёзы, а не рота.
— Боепрыпасы?
— Боепрыпасы? — перапытаў Кізевіч і ўважліва паглядзеў у цёмны кут бліндажа, дзе нерухома сядзела Вера. — Мусіць, патронаў па пяцьдзесят будзе.
— А калі канкрэтна?
Камандзір дзевятай зноў паглядзеў у падстолле. Па ягоным худым твары з прытоенымі пад брывамі маленькімі вочкамі трымцеў адбітак нейкае пакутнае думкі.
— Канкрэтна — па шэсцьдзесят пяць штук.
— А да трафейнага «кольта»?
Ураз спыніўшы на камбату позірк, старшы лейтэнант недаўменна цепнуў вачмі.
— А што трафейны? Ён так.
— Як гэта так?
— На падводзе ляжыць. Што, я з яго страляць буду?
— Чаму вы? У вас ёсць для таго кулямётчык.
Кізевіч, відаць было па ўсім, ухіляўся ад адказу, і камбат, гледзячы на яго ва ўпор, раздумна пастукаў алоўкам па сумцы. Як заўжды, хітры прыжымісты камандзір дзевятай стараўся абысці самыя непрыемныя для яго моманты, бо, відаць, ужо адчуваў, што яму пагражае. Камбат падумаў, што тут жа трэба выкрыць яго, аднак даклад быў не скончаны, яшчэ заставаўся Ярашчук, і пасля паўзы Валошын кіўнуў у задымлены змрочны кут.
— Камандзір узвода ДШК.
— Узвод ДШК пакуль што хліпае. Трое паранены, а так усе дома. Два разлікі, два кулямёты, адна фурманка, два кані.
— I ўсё?
— Ну.
— А патроны?
— Ёсць пакуль. Пакуль хопіць, — лёгка запэўніў Ярашчук.
Валошын з некаторым недаверам паглядзеў на яго.
Мусіць, у словах малодшага лейтэнанта было нешта такое, што прымушала ўсумніцца, але ўзвод ДШК нядаўна ўвайшоў у батальён, Ярашчук быў «чужы» камандзір, падначалены яму толькі на час наступлення, і камбат, падумаўшы, не стаў да яго прыдзірацца.
Збольшага даклады былі скончаны, камбат падбіў у блакноце невялічкі рахунак, і баявыя магчымасці батальёна сталі яму зразумелыя да дробязей. Што і казаць, магчымасці гэтыя аказаліся дужа сціплыя. Грак выключыў ліхтарык. У бліндажы стала куды цямней. Провад аднастайна і смярдзюча дыміў у падстоллі.
— Таварышы камандзіры. Мяркуючы па ўсім, заўтра давядзецца браць вышыню. Загаду яшчэ няма, але, я думаю, будзе. Так што, не губляючы часу, давайце рыхтавацца да атакі.
Зрабілася зусім ціха. Так ціха, што было чутно, як у кішэні камбата цікае гадзіннік. Самохін шпурнуў у дол саломіну, якую ўсё ламаў у пальцах. Муратаў напружана ўгледзеўся ў камбата, Ярашчук згорбіўся, сцяўся і стаў зусім непрыкметным у змроку. Кізевіч са здзіўленым выглядам выцягнуў з каўняра паўшубка сваю доўгую кадыкастую шыю.
— Калі дывізіёны два папрацуюць, дык возьмем, — сказаў ён.
Камбату гэтыя словы не спадабаліся, і ён нахмурыўся.
— Наконт двух дывізіёнаў сумняваюся. Баюся, як бы не давялося абысціся адной батарэяй Іванова. Кізевіч здзіўлена чмыхнуў.
— Іванова? Ды яна ж без снарадаў. Уранку мой старшына хадзіў, кажа, сядзяць гаўбічнікі, а між станін па адной скрынцы. Хоць страляй, хоць палохай!
Валошын не перабіваў яго, выслухаў са стрыманай увагай старэйшага і спакойна зазначыў:
— Снарады падвязуць. А вы забяспечце людзей гранатамі. Спатрэбяцца. Старшына Грак?
Ля парога страпянулася цьмяная постаць Грака.
— Я вас слухаю.
— У вас была скрынка з КС. Раздзяліце яе паміж ротамі.
— Ёсць!
— А ў вас, старшы лейтэнант Кізевіч, трафейны «кольт», значыць, на возе?
— На возе. А што?
— Перадайце яго Муратаву. Ён знойдзе яму лепшае прымяненне.
Кізевіч пакутна напружыў свой вузкі са згорбленым носам твар.
— Гэта за якія заслугі?
— Так трэба.
— Трэба было свае берагчы. А то свае паразгрохалі, а цяпер на чужое зарыцца.
— Я ў вас нічога не прашу! — успыхнуў Муратаў.
— Ну і няма чаго тады гаварыць. А то ўсё «кольт», «кольт»!..
Валошын спакойна выслухаў кароткую спрэчку ротных, якая, дарэчы, не была навіной у батальёне. Гаспадарлівы Кізевіч болей за ўсё не любіў чымсьці дзяліцца з іншымі, хоць часам мусіў рабіць гэта, бо і ў яго былі слабасці, калі патрабавалася дапамога хоць бы таго ж лейтэнанта Муратава. Робячы выгляд, нібы ніякае спрэчкі тут не было, камбат дадаў роўным голасам: