Быкаў Васіль
Шрифт:
5
Першы з выкліканых камандзіраў прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук — камандзір прыдадзенага батальёна ўзвода буйнакаліберных кулямётаў ДШК. Самы малодшы па званню ён быў самы стары сярод камандзіраў па ўзросту — гадоў пад сорак дзядзька, былы сельпоўскі работнік з Пензеншчыны, якому некалі перад звальненнем з тэрміновай службы прысвоілі званне малодшага лейтэнанта запасу. Далей гэтае званне на ягоных плячах не расло, што, аднак, мала непакоіла Ярашчука — чалавека прасцецкага, не надта пісьменнага і надта цывільнага. Ён упіхнуў у бліндаж сваё зусім не камандзірскага выгляду, шчуплае, як-колечы захінутае ў чырвонаармейскі шынелак цела і загаманіў хрыплаватым спрасоння голасам:
— Маразец, хай на яго, усё цісне. Не хапіла за зіму прамярзалаўкі…
Ярашчук, напэўна, не адразу заўважыў, што ў бліндажы ўсе маўчалі, мала ўспрымаючы бесклапотную добрасць яго настрою. Стоячы на каленях, ён ажыўлена пацёр азяблыя рукі, амаль з дзіцячым прастадушшам паглядваючы на прысутных. Камбат скупа кінуў:
— Сядайце, таварыш Ярашчук.
— Ну што ж, можна і сесці, калі не прагоніце. А я гэта ў акопчыку пад брызентам кімарнуў крыху. Ды замёрз, як шчанюк… Ці няма закурыць, лейтэнант? — звярнуўся ён да Самохіна.
Той дастаў з кішэні шчапоць махоркі і моўчкі працяг яе малодшаму лейтэнанту.
— А паперкі няма? Ну то знойдзем. Дзесь быў у мяне кавалачак…
Другім неўзабаве з’явіўся камандзір восьмай лейтэнант Муратаў. Ладна апярэзаны рамянямі, у акуратна прышытых роўненькіх пагонах на плячах, з планшэткай на баку і трафейным ліхтарыкам на гузіку, ён спрытна праслізнуў у бліндаж і, трохі ўгнуўшы голаў, прывычнай скорагаворкай з акцэнтам далажыў:
— Таварыш капітан, лейтэнант Муратаў па вашаму загаду прыбыў.
Камандзіра дзевятай давялося чакаць даўжэй. Валошын ужо хацеў другі раз пасылаць за ім, калі ў траншэі пачуліся крокі, кашаль і, урэшце, на праходзе зашорхала палатка. Кізевіч, вялікі і худы, у непадперазаным паўшубку з абвілымі без пагонаў плячамі нязграбна ўлез у бліндаж і, зрабіўшы лёгкі намёк-жэст рукою да шапкі, буркнуў замест дакладу як аб чымсь само па сабе вядомым:
— Старшы лейтэнант Кізевіч…
Камбат нерухома сядзеў, прысланіўшыся спіной да сцяны і адзначаючы позіркам уваход кожнага. Ён амаль не рэагаваў на некаторыя вольнасці дакладаў падначаленых, але, мусіць, яны нешта адчувалі ў яго знешняй стрыманасці і са сціплай зважлівасцю прыладжваліся ў доле, побач з Ярашчуком.
— Ну што ж, — сказаў Валошын і адхінуўся ад сцяны, — Здаецца, усе. Прашу далажыць аб колькасна-баявым стане падраздзяленняў. Камандзір сёмай!
Самохін, які дагэтуль, трохі схіліўшыся набок, з заклапочаным выглядам на ладным бялявым твары сядзеў ля Веры, сеў раўней, падабраў ногі і ўзяў з долу саломіну.
— У мяне ў страі дваццаць чатыры чалавекі. 3 іх сярэдніх камандзіраў адзін. Сяржантаў два. Кулямётаў: РПД — два, «Гарунова» — адзін.
Хуценька прагаварыўшы гэта, ён змоўк, нібы згадваючы, што яшчэ можна дадаць да сказанага. Камбат напомніў:
— Боепрыпасы?
— Боепрыпасы? На вінтоўку па шэсцьдзесят патронаў, РПД — па тры дыскі. У «Гарунова» дзве каробкі стужак. Праўда, сёння набівалі яшчэ. I ў запасе адзінаццаць цынак. Ось і ўсё.
— Гранаты?
— Гранат не лічыў. У старшыны няма. Толькі тыя, што на руках.
— Не больш чым па гранаце, — уставіў ад увахода старшына Грак. — Усяго штук пятнаццаць будзе.
— Не багата, — сказаў камбат. Паклаўшы на калені палявую сумку, ён расшпіліў яе і выцягнуў блакнот з алоўкам.
Самохін змоўк, пальцы яго ўсё круцілі ў руках саломіну.
Камбат варухнуў брывом і перавёў позірк на лейтэнанта Муратава.
— Камандзір восьмай.
Муратаў цепнуў плячыма, нібы распраўляючы іх пад рамянямі, і, увесь падабраўшыся, прыстаў на каленях.
— Восьмая рота імеется васемнадцаць байцоў, тры сяржант, адын камандыр роты. «Максім» адын, РПД адын. Патронаў мала. Чатыры абоймы на адын вінтоўка. Два лента адын «максім». Гранат мала — дэсят штук.
Кароценькі яго даклад быў скончаны скорагаворкай, і ўсе памаўчалі, назіраючы, як Валошын нешта памячае ў блакноце. Дымны смярдзючы паўзмрок на даваў згледзець за метр. Старшына Грак, уключыўшы ліхтарык, пасвяціў камбату ў блакнот.
— Дзякуй. Што ж, малавата, таварыш лейтэнант. I людзей і боепрыпасаў. Берагчы трэба, Муратаў.
— Как можна берагчы, таварыш камбат? Я камандую: кароткімі чэргамі! Кароткімі чэргамі! Палучается многа кароткіх чэргаў — адна длінны чарга. Расход балшой.
Усе засмяяліся.
— Трышкін каптан, — сур’ёзна сказаў Самохін. — Як ні нацягвай — калі мала, дык будзе не хапаць.
Увогуле гэта было зразумела і без слоў, і тым не менш восьмая ў батальёне аказалася самай слабай. Часткова таму, што наступала ўвесь час у сярэдзіне батальёна і большую частку агню праціўніка брала на сябе. Але і камандзір — малады, гарачы, вельмі старанны лейтэнант Муратаў не дужа ўсё ж дбаў пра тое, каб зберагчы байцоў — у баі лез у самае пекла, падстаўляў сябе і роту пад самы агонь. Вось і засталіся васемнаццаць байцоў. А два тыдні назад, памятае камбат, было нешта каля васьмідзесяці.