Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Баец з паднятым каўняром шыняля і ў касцы зверху на шапцы зябка знерухомеў у акопчыку.

— Дзе камандзір роты?

— Далей, таварыш камбат. Там кусцікі ёсць, дык ён каля кусцікаў.

— Як немец?

— Маўчыць, таварыш камбат, — асіплым ад сцюжы голасам адказваў баец.

Валошын угледзеўся пільней — не, то быў незнаёмы, мусіць, нехта з пазнейшага папаўнення, — худзенькі азяблы хлопец з вострым падбародкам пад каскай. Старых стралкоў сёмай ён ведаў усіх яшчэ з таго часу, як сам камандаваў гэтаю ротай. Але засталося іх нямнога.

— Ваша як прозвішча?

— Маё? — ціха перапытаў баец. — Радавы Тарасікаў.

— Адкуль родам?

— Я? Саратаўскі,— адказаў ён і прыціх, мабыць, чакаючы новых у гэтым жа сэнсе пытанняў.

Валошына, аднак, цікавіла іншае:

— Машын там не чутна было? Не гудзелі?

— Машын? Не, не чуў. Звечара неяк рыдлёўкамі блізка бразгалі. Вунь там, ля равочка, — баец старанна паказаў у цемру, — Пэўна, дзот ладзяць.

Дзот, гэта вядома, без дзотаў яны не абыдуцца. Але куды горш, калі, збудаваўшы дзоты, яшчэ і замініруюць схілы. Тады заўтра не мінуць бяды, будзе нечакана, не дай бог. Валошын паўзіраўся па-над акопчыкам, паслухаў, але ноч была надта ўжо глухая і цёмная. 3 вышыні ад вечара, мабыць, не ўзляцела ніводнай ракеты, і адно гэта наводзіла на некаторыя падазрэнні.

— Ну што ж, Тарасікаў. Назірайце.

— Ёсць! — па-начному сцішана, з гатоўнасцю адказаў баец і ўжо іншым тонам, як да знаёмага, запытаў: — А дзе гэта Джым ваш, таварыш капітан? Не бяжыць нешта.

— Няма Джыма, — суха адказаў камбат і нетаропка пайшоў далей.

Джыма, вядома, ужо не вярнуць, калі трапіў да такога начальніка, дык назад не адбярэш. Увогуле для сабакі гэта, можа, і лепш, у генерала ягоны лёс, напэўна, будзе шчаслівейшы, чым на перадавой. I тым не менш шчымлівы жаль варухнуўся ў пачуццях камбата — столькі ў яго было звязана з гэтым сабакам!.. Але, глядзі ты, і баец — малады, а дапытлівы, ведае Джыма і нават цікавіцца ім. Валошын быў перакананы, што бачыць байца ўпершыню, а той, аказваецца, мала што пазнае камандзіра батальёна ў цемры, яшчэ і ведае ягонага сабаку. Хаця што ж, такая камандзірская роля — кожны крок перад сотняю пільных уважлівых вачэй, ад якіх не ўтоіш нічога.

Яго яшчэ аклікнулі з цемры — ля акапанага на брустверы «максіма», грэючыся, размахваў рукамі стары кулямётчык Дзянішчык, знаёмы яшчэ па летніх баях пад Кузьмінскам, калі зусім невялічкая група іх прабівалася з акружэння. Тады гэты даволі ўжо пажылы баец невядома адкуль прыбіўся да яго роты і так разам з батальёнам выйшаў з-за фронту. А на фарміроўцы праз яго яшчэ была непрыемнасць — начальства пачало чапляцца, чаму не адправіў на праверку, чаму пакінуў у роце, — чалавек чужы, невядомы, ці мала што. Праверыўся Дзянішчык ужо пазней у баях, калі неяк выпадкам падмяніў параненага кулямётчыка, памог адбіць контратаку ды так і застаўся пры кулямёце. Зрэшты, кулямёт, здаецца, цяпер у яго ўжо другі — замест «максіма» танкастволы, сістэмы Гарунова.

— Ну як справы, Дзянішчык?

— А покі што слава Богу.

— Чаму Богу? Ты што — веруюшчы?

— Верушчы — не верушчы, а так кажуць. К слову падходзіць.

Баец зважна, але і з пэўнаю годнасцю перад начальствам перамінаўся з нагі на нагу ля кулямёта, уцяўшы голыя без рукавіц рукі ў караткаватыя рукавы целагрэйкі. Камбат прысеў ля акопа і зірнуў цераз бруствер.

— А як абстрэл? Мёртвай прасторы няма?

— Ды ну! Усё як на талерцы, таварыш камбат.

— А яны тут не засякуць вас? 3 вышыні ж таксама як на талерцы.

— Ну. Але мы, калі ціха, «Гаруна» сюды, — паказаў Дзянішчык у акоп, дзе пад брустверам чарнела абсталяваная для кулямёта ніша-сховішча, у якой цяпер ляжаў, пасапваючы, скурчаны ў тры пагібелі ягоны напарнік: — Абстрэл калі? А калі заварушка, тады на месца.

Камбат устаў з бруствера.

— Ну малайцы. Камандзір роты дзе?

— А вунь. Бліндажык там, — кіўнуў галавой Дзянішчык і зноў замахаў на месцы рукамі — грэўся.

Непадалёк пад узмежкам пачыналася мелкая недакапаная траншэйка, з якой чуліся далекаватыя, з-пад зямлі, галасы. Абсыпаючы берагі, камбат амаль бокам сунуўся ў ёй, пакуль не ўбачыў пад брустверам слабую светлую шчылінку акрай палаткі. Адхінуўшы залубянелую палу тае палаткі, ён дужа ўгнуўся і з натугай прашчаміў сваё велікаватае цела ў бліндаж.

У бліндажы вячэралі. Цесна асеўшы палатку, чалавек пяць працавалі лыжкамі, між ног, абутых у боты, валёнкі і чаравікі, стаяла са тры кацялкі. У кутку ля ўвахода, прыўстаўшы на каленях, у адной гімнасцёрцы з медалём на грудзях складвала нешта ў рэчмяшок Вераценнікава. Яе зыркія вочы здзіўлена міргнулі з-пад русявае грыўкі, і ў тое імгненне дзяўчына локцем штурханула ў бок лейтэнанта Самохіна.

— Вадзька!

Самохін прыкметна трапятнуўся, згледзеў камбата, які ўжо амаль налез на нечую спіну ля ўвахода, і зрабіў спробу ўстаць для даклада.

— Таварыш капітан!.. Валошын ціха спыніў яго:

— Вячэрайце.

Нехта пасунуўся, даючы камбату месца, каб сесці, нехта перапоўз у другі кут. Над галовамі ўгары, заткнуты за жардзіны, патрэскваючы, дыміў азекерытавы канец тэлефоннага кабелю. Смярдзела гарэлым мазутам. Вераценнікава зноў зыркнула на камбата насцярожаным поглядам, і яе спрытныя рукі пачалі завязваць рэчмяшок.

— Можа, павячэраеце з намі, таварыш камбат, — сказаў Самохін.

Валошын не адказаў, і ў бліндажы замаўчалі, адчуўшы яго настрой, — пэўна, тут ужо ведалі, што нядаўна адбылося ў зямлянцы на батальённым КП. Адчуваючы іх пільную ўвагу да сябе, камбат палез у кішэню, дастаў дзюралевы, з няхітраю інкрустацыяй партсігар і пачаў згортваць цыгарку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: