Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Яшчэ не вярнуўся?

— Ды не.

— Зараз жа дзесяць чалавек цераз балота на выручку. Зараз жа!

— Ёсць! — кінуў камандзір роты. — Гамзюк! Гамзюк, бяры першы ўзвод і — уніз!

Падсветлены ракетнымі водбліскамі, Гамзюк выскачыў з траншэйкі, прыгнуўшыся, пабег уздоўж ланцуга, і блізкая агняная чарга ледзьве не збіла яму галаву — тоўстай зіхатлівай вяроўкай пранеслася над байцом. Калі яна згасла, стала відаць, як некалькі чалавек нерашуча выбраліся з сваіх акопчыкаў і ўпалі ў цемры, напэўна, не адважваючыся бегчы кудысь без каманды.

Яны марудзілі, пара кулямётаў з вышыні слепа страчыла па кустоўі ў балоце, трасірныя светлякі рыкашэтаў з шаршнёвым гудам разляталіся ў бакі. Нарэшце Гамзюк сабраў усіх і толькі памкнуўся бегчы ў балота, як у траншэйцы нехта сказаў:

— А во гляньце! То не Нагорны?

Усе павярнулі галовы ў той бок, куды паказваў баец, сапраўды, у змроку кустоўя быў прыкметны нейкі няпэўны рух. Мабыць, гэта заўважылі ўжо і байцы Гамзюка, хтось там, прыгнуўшыся, пабег у той бок. Праз хвіліну некалькі байцоў павярнулі назад, на ўзмежак, адна цесненькая групка іх скіравала да траншэйкі ротнага.

— Што такое, Гамзюк? — не стрываўшы, здаля гукнуў да байцоў Самохін.

— Ды во раніла.

— Каго раніла?

Яны падышлі да бруствера і асцярожна паклалі ў доле нерухомае цела, хтось узяўся расшпільваць на ім шынелак, а на бруствер, пазнаўшы камандзіра, цяжка апусціўся Нагорны.

— Нагорны? Што здарылася? — трывожна запытаўся Самохін.

— Зараз, зараз, таварыш лейтэнант…

Толькі цяпер усе заўважылі, што Нагорны зусім выбіўся з сілы, ледзьве дыхаючы, ён расхінуў шынелак, скінуў на зямлю шапку і доўга яшчэ не мог вымавіць слова.

— Зараз… Значыць, так… Ранілі во яго… Дразда.

— Дзе ранілі? — запытаў камбат.

— Там, ля траншэі. Мы дапаўзлі… А як пабеглі… Спярша паўзлі, а там гэта… Спіраль!

— Якая спіраль? — здзівіўся камандзір роты.

— Ну гэта… Бруно.

— Ніякай спіралі там не было. Учора я ўвесь дзень глядзеў.

— Учора не было. Нацягнулі… Ну мы і ўперліся. Ні туды ні сюды. Я ўзяў, пацяг…

— Нашто? Нашто ты цягнуў, галава і два вухі! — узлаваўся лейтэнант.

— Дык, а Дразда як жа? Яго ж там раніла, — кіўнуў ён на байца, які супакоена ляжаў на зямлі, і камбат паморшчыўся ў цемры, калі ўбачыў, што там ужо поркаецца маленькая фігурка Веры. — Туды, як паўзлі, не было, пасля нацягнулі…

— А, яны вас там загарадзілі? Во сволачы! — вылаяўся камандзір роты.

— Ну. Я ж кажу…

Камбат не спыняў і не перапытваў, ён чакаў, даючы Нагорнаму паведаміць пра ўсё, што там здарылася. Факт з’яўлення спіралі Бруно не аблягчаў становішча, хутчэй наадварот. Але важней усё ж было даведацца аб мінах.

— Мы, значыцца, да самай траншэі дапаўзлі, чуем, яны гергечуць… Ды раптам ззаду як зашарудзіць нешта, ды так дужа…

— Як гэта — зашарудзіць? — не зразумеў камбат.

— Ну глядзім, а яны спіраль на калах расцягваюць. I зацягнулі нас, як карасёў у сажалцы. Ну тут яго і параніла.

— А міны? — не стрываў Самохін.

— Што? Дык мін там няма. Мы не знайшлі. Ды і тыя, з дротам, хадзілі так смела.

Валошын унутрана ціха ўздыхнуў, трывожная напружанасць, якая ахапіла яго з самага пачатку гэтага перапалоху, патрохі аслабла. Самае горшае з яго апасенняў, здаецца, не спраўдзілася, мін не было, і разведчыкі, хоць і з адным параненым, вярнуліся ў роту. Было б горш, калі б яны, жывыя ці мёртвыя, засталіся за дротам. Але гэта спіраль Бруно! Яшчэ яе ім не хапала, як бы ў ёй не засесці ўранку.

— Што, дужа ранены? — ціха запытаў ён байцоў, якія корпаліся над параненым.

— Не відаць. Тут усё ў крыві,— сказаў адзін з іх.

Вера маўчала.

— Гранатай яго, — пачынаючы спакайнець, сказаў Нагорны. — Гэты гад, фрыц, пачуў і — гранатай. Якраз каля яго разарвалася. Асколкамі.

— Маладзец, што не кінуў,— сказаў капітан і ўпершыню з непрыязню падумаў пра Кабакова, замест якога на брустверы ляжаў цяпер гэты Дрозд.

Атрымалася куды як нядобра — той сваёй непрыкрытай бояззю выйграў сабе жыццё. А гэты? Невядома яшчэ, ці выжыве.

— Такі тарарам усчалі,— сказаў Самохін пра немцаў.

— Нібы ашалелі. Думаў, таксама спякуся, але… Ледзьве выцягнуў.

— Хутка перавязвайце — і ў тыл. Старшына Грак!

— Я, таварыш камбат!

— Займіцеся асабіста. Параненага хутка ў санроту!

— Ёсць!

Страляніна ўсё ж памалу сціхала, пастрэльвалі два кулямёты з флангаў, астатнія быццам бы змоўклі. Толькі ракеты з кароткімі прамежкамі цемры ўсё свяцілі над схілам, напэўна, немцы баяліся новай спробы разведчыкаў і старанна асвятлялі балота. Цяпер было зразумела, чаму яны не свяцілі ў першай палове ночы — абносіліся гэтай праклятай спіраллю Бруно. Вядома, калі прамарудзіць яшчэ пару дзён, дык на схіле паявіцца не адна спіраль, будзе і міннае поле, і дрот у тры калы, а можа, і яшчэ што.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 139
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: