Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Сапраўды, генерал сказаў правільна: трэба спяшацца.

Усё б выпадала няблага, калі б мелася свая мінрота, а ў Іванова было болей снарадаў, і ён бы мог як трэба падтрымаць пяхоту. У часе атакі ды і пасля, на вышыні. Цяпер было зразумела, што немцы ўсталёўваліся грунтоўна і надоўга, што так проста вышыні яны не аддадуць, будуць біцца за яе ўсур’ёз. Відаць, для чагось яна ім спатрэбілася, гэтая вышыня.

У траншэйку прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук, убачыўшы тут камбата, бокам прашчаміўся да яго ў сваім драным, абшкрэбаным паўшубачку.

— Куды гэта вы прапалі, Ярашчук? — з папрокам сказаў камбат. — Надоечы ўсё поле аблазіў, так і не знайшоў.

— А я тут. Вунь, праз чатырыста метраў якіх. Хацеў секануць давеча… А што? Яны вунь як лупяць, а нам усё маўчаць?

— Не варта, — сказаў камбат. — Паберажыце патроны.

Спатрэбяцца.

— Патроны ёсць пакуль што.

— Лепш вось што, Ярашчук. Пад раніцу падцягніце кулямёты бліжэй. Пачнецца атака, будзеце падтрымліваць. Агнём цераз балота. Во тады і пакажаце ўмельства.

— Ёсць! Я зараз. Я ўжо тут і пазіцыю наглядзеў.

— Во давайце, — скончыў з ім размову камбат, і Ярашчук пабег у цемру да свайго ўзвода ДШК.

— Ах, гады, сапсавалі ўсю ноч, — зябка здрыгануўся на ветры Самохін.

У траншэю каля бліндажа неяк крадком ад камбата саскочыла і знікла Вера. Параненага ўжо перавязалі, і старшына Грак з двума байцамі панеслі яго ў тыл.

— Добры баец быў,— са шкадаваннем сказаў Самохін і пагразіў кудысьці ў ноч: — Ну, а таму хрэну я пакажу! Будзе ведаць, як за чужыя спіны хавацца! Сачок чортаў!

Камбат ведаў, каго ён меў на ўвазе, але прамаўчаў. Нялёгка разабрацца ў такіх рэчах, яшчэ цяжэй прадугледзець усе іхнія вынікі. У душы ён таксама быў злосны на Кабакова, але ўсё ж паказваць яму нешта не меў жадання. Яшчэ невядома, што ў хуткім часе чакае самога Кабакова. Як бы ягоны лёс не аказаўся горшы.

— Ну што ж, — сказаў камбат. — Хутка ўжо ранак. Карміце байцоў і… Ваша, Самохін, паласа адгэтуль і прама па схіле. Восьмая трошкі прыме ўправа. Напраўляючым пусціце ўзвод Нагорнага, яму дарога знаёмая. Зрэшты, загад яшчэ аддам.

— Ясна, таварыш капітан. Як там артылерыі — не падкінулі?

— Не, не падкінулі, Самохін. Снарадаў трохі далі. Па дваццаць штук на гармату.

— Толькі па дваццаць? Малавата.

— Што зробіш? Уся надзея на ўзвод ДШК. Калі Ярашчук не падвядзе.

— Не павінен. Ён хвацкі младшой.

— Ён хвацкі, ага. Але…

Валошын не стаў тлумачыць свае, яшчэ яму самому не дужа зразумелыя сумненні — як ні старайся, перад боем усё не прадугледзіш, штосьці ўсё роўна вылезе, нечаканае і часцей за ўсё непрыемнае, такое, што прымушае заўжды быць гатовым да горшага.

Азіраючыся на вышыню, ён пайшоў у роту Кізевіча. Галоўны клопат ночы нарэшце зваліўся з ягоных плеч, без мін управіцца будзе лягчэй ва ўсіх адносінах. Але па-ранейшаму незразумела было з вышынёй «Малой» — хто там? Ці, можа, сапраўды нашы, і ён дарма сумняваецца, ганяе людзей і пора гарачку.

Як і належыць дысцыплінаванаму ардынарцу, Гутман увесь час ішоў ззаду, як раптам трохі падбег і параўняўся з камбатам.

— Цяпер Самохін пакажа кузькіну маць гэтаму Кабакову. Праз яго ж Дразда пакалечылі.

— Праз яго, ага, — пацвердзіў камбат.

— Я б яго, гэтую гніду!.. Ух, ненавіджу баяк!

— Да? Сам ніколі не баяўся?

— Я? Баяўся, чаму? Але каб за іншых хавацца!.. Не, гэтага за мной не было.

— Ведаеш, Гутман, уся справа ў тым, што людзі ў жыцці розныя, рознымі прыходзяць на фронт. А тут раптам да ўсіх аднолькавыя патрабаванні, і, вядома, не ўсе ім адпавядаюць. Трэба час, каб прыцерліся, а часу няма. Вось і атрымліваецца… Неадпаведнасць.

— Ага! Каму дык якраз. А другім праз гэных… Не, так я не згодны.

— Ведама, гінуць праз іншых — непарадак. Але даводзіцца. На вайне ўсё даводзіцца.

— Не, я так не хачу. Мне так не цікава. Так нават страшна.

— А як жа ты хочаш?

— Я? Каб з музыкай. Каб помнілі, гады! У мяне надта да іх злосці многа. Адной радні было ў Кіеве чалавек трыццаць. Мне іх шмат трэба ўгробіць. Можа, адпусціце мяне ў роту, а, таварыш капітан?

Камбат прамаўчаў. Гэтая просьба прагучала для яго некалькі неспадзявана, і камбат хоць і адчуваў яе логіку, але не хацеў адразу рашаць. Ардынарац з Гутмана быў неблагі, старанны і недурны, і хоць цяпер ён бы прыгадзіўся на пасаду ўзводнага ў любой роце, але за якіх пару гадзін да атакі Валошын адпускаць яго не хацеў. У баі надзейны ардынарац значыў не менш, чым начальнік штаба.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 140
  • 141
  • 142
  • 143
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: