Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Пра гэта пасля, — сказаў ён, падумаўшы. — Вось возьмем вышыню, пасля.

Гутман ціхенька ўздыхнуў:

— Яшчэ як возьмем.

— Сумняваешся?

— Ды я нічога. Чаго мне сумнявацца? Яны ўжо набліжаліся да фланга дзевятай, як ззаду пачуўся глухі стукат ног, і капітан спыніўся.

— Таварыш камбат!

— Я. Што такое?

У цемры да іх падбег разведчык Прыгуноў.

— Таварыш камбат! Камандзір палка да тэлефона заве.

Робячы выгляд, што прыслухоўваецца да ўжо амаль супакоенай вышыні, Валошын паўхвіліны счакаў, перамагаючы звыклае адчуванне прыкрасці — гэты няўрочны выклік камандзіра палка не абяцаў нічога, апроч непрыемнасці. Але дзецца не было куды, ад начальства не схаваешся, і ён распарадзіўся:

— Гутман, ідзіце да Кізевіча і даведайцеся, як з разведкай бугра. Я буду чакаць вынікаў разведкі.

13

На КП ніхто ўжо не спаў, разведчыкаў не было ніводнага, Чарнаручанка з пакрыўджаным выглядам прадзімаў трубку, правяраў сувязь і, як толькі ў зямлянку ўлез камандзір батальёна, паведаміў яму ўстрывожаным голасам:

— Камандзір палка там лаюцца…

— Панятнае дзела, будзе лаяцца, — спакойна сказаў Валошын і, не павярнуўшыся да тэлефаніста, запытаўся ў Маркіна, які пераматваў на назе анучу. — Як са сняданкам? Узнавалі?

— Сняданак гатовы. Прыгуноў ужо пайшоў…

— Прыгуноў паспее. А ротам паведамілі?

— Роты ўжо ведаюць.

— Трэба як найхутчэй накарміць роты. Ідзіце і прасачыце, каб усё ў тэмпе. Без цяганіны.

Як заўжды, Маркін моўчкі падняўся і выйшаў, а камандзір батальёна апусціўся каля тэлефона.

— Выклікайце дзесятага.

Пакуль Чарнаручанка круціў ручку, Валошын амаль з нянавісцю пазіраў на гэты жаўтаскуры апарат, з якога на ягоную галаву сыпалася палавіна ўсіх непрыемнасцей, якія толькі магчымы на фронце. Часам ён нават прагнуў, каб гэтая сувязь з камандзірам палка парвалася хоць бы на пару гадзін, ён бы ўздыхнуў вальней. Але часцей выходзіла так, што рвалася яна ўмомант, які найменш для таго гадзіўся, калі ён сапраўды пазарэз меў у ёй патрэбу, а ў іншы час працавала ўвогуле спраўна, і камандзір палка ў кожны пажаданы для сябе момант мог выклікаць яго для даклада, дачы ўказанняў, а часцей за ўсё для разносу.

— Што там зноў у вас? Зноў светамаскіроўка? — незадаволена пачаў Гунько, калі ён далажыў пра сябе.

— Не, не светамаскіроўка. На нейтралцы засціглі разведчыкаў.

— Чыіх разведчыкаў?

— Маіх, вядома.

— Ну і што?

— Адзін паранены.

— Хоць не пакінулі яго там? Немцам, кажу, не пакінулі? — У голасе камандзіра палка прагучэла трывога.

— Не, не пакінулі. Вынеслі і ўжо адправілі ў тыл.

— Так, — Маёр памаўчаў.— Калі будзеце дакладваць аб гатоўнасці?

— Калі падрыхтуюся. Падраздзяленні яшчэ толькі пачынаюць сняданак.

— Давай, давай, шавяліся, Валошын! У цябе задача — нумар адзін. Найбольшай важнасці. Яе трэба выканаць у што б там ні было.

— Ясна, што трэба выканаць.

— Не, не ясна, а абавязкова. Разумееш? Кроў з носу, а вышыню ўзяць.

— А як падтрымка?

— Будзе, будзе падтрымка. Рота Злобіна будзе цалкам задзейнічана на вас.

— Гэта добра. Як прыдадзеная?

— Не. Будзе падтрымліваць. Са сваіх опэ.

Гэта была мінрота другога батальёна, у якой таксама не густа з мінамі, і ўся яна складалася з трох васьмідзесяцідвух-міліметровых мінамётаў. Але і то была радасць. Напэўна, адчуўшы задавальненне камбата, камандзір палка рашыў падмацаваць яго і паведаміў:

— I гэта — для кантролю і дапамогі табе паднімаю штаб. Хутка да цябе прыйдуць камандзіры…

Валошын крыва ўсміхнуўся і хмыкнуў у тэлефонную трубку:

— Во, то дапамога! Мне ствалы патрэбны. Артылерыя з боепрыпасамі.

— Будзе, будзе. Я тут увязваю. Усе неабходныя распараджэнні ўжо аддадзены.

— Да-а, — самотна ўздыхнуў Валошын. — Распараджэнняў, вядома, хопіць…

— Падкінем «семачак». Лукашык ужо адправіўся. Павёз, што там у яго наскраблося…

— Таварыш дзесяты! — ажыўлена перапыніў яго камандзір батальёна. — А ўсё ж як з атакай? Дазволілі б на паўгадзіны раней? Ці на паўгадзіны пазней?

— Не, будзеце выконваць, як прызначана. Артбатарэя адкрывае агонь роўна ў шэсць трыццаць.

Валошын паморшчыўся. Ён так і ведаў, што гэтая яго просьба застанецца марнай, але вось не стрымаўся. I дарма. Здаецца, гэта была апошняя іх размова ў спакоі, наступныя ў гарачцы бою ўжо будуць іншыя — на высокіх нотах, з нервамі і матам. Гунько з пачаткам бою адразу мяняўся, і тады ў чымсь упрасіць яго ці пераканаць было немагчыма. Пераконвала яго толькі начальства, з якім ён заўжды заставаўся надзіва абыходлівым і пакладзістым.

Пакуль камандзір батальёна размаўляў па тэлефоне, прынеслі сняданак — Валошын пачуў, як за яго плячыма ажывіўся заўжды апатычны Чарнаручанка, — з задавальненнем пачаў завіхацца каля кацялкоў і боханаў мерзлага хлеба. Камбат паклаў на апарат трубку.

— Вось, таварыш камбат, снедайце.

Тэлефаніст паставіў на скрынку плоскі алюмініевы кацялок, абліты крупнікам, на знятае вечка зважліва паклаў пайку хлеба. Прыгуноў на саломе развязваў рэчмяшок.

— Тут во доппаёк вам, таварыш капітан. Старшына перадаў. Што тут? А, во сала…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 141
  • 142
  • 143
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: