Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Лада ўвайшла ў залу. Ведаючы, што яна адразу пачынае рабіць заўвагі аб тым, што на экране, Стасік борздзенька саскочыў з крэсла і крутнуў рэгулятар на поўную гучнасць.

Івану Васільевічу таксама не падабалася, калі Лада сваімі ўедліва-здзеклівымі, насмешлівымі заўвагамі разбурала той нязвыкла-ўзнёслы настрой, які стварала казка. Але на гэты раз Лада маўчала. Села каля стала і моўчкі глядзела заключныя сцэны мультфільма.

Кай і Герда развіталіся з аленем і лапландкай. Невядома, як малога, а старога гледача больш за ўсё крануў гэты дзівосны, разумны алень.

Іван Васільевіч нават употай выцер слязінку.

Лада ўздыхнула.

— Шчаслівыя дзеці са шчаслівых казак! Усе цуды ім так лёгка даваліся! Але мне іх шкада. Асколачкі таго тролевага люстэрка ўсё яшчэ лятаюць. І людзей мне шкада. Яны многа гавораць, а мала ведаюць. О, каб яны ведалі ўсе формулы тонкай структуры атама вадарода! Усе рэлятывісцкія эфекты!

— А навошта гэта ўсім ведаць? — усміхнуўся Іван Васільевіч.

— Праўда — навошта? А навошта гэта мне ведаць?! О божа! — прастагнала Лада, але Іван Васільевіч прывык, што дачка рэдка калі гаворыць сур’ёзна. — Я ўся набіта формуламі, як бочка селядцамі. Я праз формулы гляджу на свет, на людзей. Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. — Мне бывае страшна! Я так многа ведаю, што часам здаецца — нічога не ведаю. Усе пастулаты, ураўненні, формулы зліваюцца ў кашмарную каламуць. Здаецца, што думкі мае, сама я — тая ж бясспінавая часціца ў кулонаўскім полі. Але ядро… Што ядро? Хто ядро? «Пастаянная тонкай структуры амега імкнецца да нуля, паколькі ў яе выражэнні хуткасць святла ўваходзіць у назоўнік». І я… я ў гэтым палёце думак прыходжу да нуля. Я — нуль, нуль, нуль! Я нічога не ведаю, нічога не адкрыю! Я натоптваю сябе чужымі формуламі.

На экране маладзенькая артыстачка спявала:

Вновь я грущу над заветным письмом, Мой синеглазый друг.

Лада хмыкнула.

— Ах, якая страсць! Але для мяне — лірыка ці фізіка? — і, імкліва абышоўшы крэсла, у якім сядзеў бацька, выключыла тэлевізар. Трохгадовы глядач, якому, пэўна, падабалася песенька пра каханне, заверашчаў на ўвесь дом і, падхапіўшыся, пачаў малаціць Ладу кулачкамі па баку.

— Ладка-аладка-гадка! Ключы!

— Во як трэба ваяваць… за сваё права на эстэтычнае задавальненне. А што тады казаць пра змаганне за месца ў жыцці! Мой даражэнькі пляменнічак, крыкун і мазюка! Ты знаеш ураўненне Клейна — Гардона?

— Ключы!

У дзвярах з’явілася Вольга Усцінаўна.

— Стасюлька! Хадзем на кухню. Я табе казку раскажу.

— Не хачу казку! Хачу цявізал!

— О, няшчасце на маю галаву! Я сёння ж заяўлю ультыматум яго бацькам! Зязюлькі! Падкінулі плод сваёй халоднай любові!..

— Ключы! Ладка-аладка!

— Як не сорамна, Лада! Ты дэспат у доме. З-за сваёй фізікі ты гатова ўсіх нас выгнаць.

— І выганю!

— Іван! Чуеш, як яна размаўляе! А ты маўчыш, патураеш.

— Ключы!

— На табе твой цявізал. Але ціха! А то атрымаеш ураўненне Дзірака.

— Сама дзі-лака.

На экране танцавала балетная пара.

— О, гэта нешта сур’ёзнае. Мама, ты ж сама верыш, што я геній, — і зноў звярнулася да бацькі, як бы працягваючы перапыненую размову: — А калі я нішто? Пажыццёвая лабарантка? Дык на якога д’ябла мне такія пакуты? «Я помню чудное мгновенье, передо мной явилась ты…» — гэта я запамінаю лягчэй, чым мая дарагая сястра, літаратар. І калі напісана — помню, а яна забыла ўжо даўно. Я ўсё помню. І для гэтага мне не трэба было паліць свой мозг, закручваць звіліны такімі петлямі, што некалі сам Мефістофель зламає там нагу, у маім мозгу. Не! Усё! К чорту фізіку! Выходжу замуж! За таго чорненькага, Жазефа, што быў у нас на вечары. Помніш, мама? Нішто, праўда? Падгавару яго кінуць універсітэт, вярнуцца дадому, у Афрыку. Ён, здаецца, сын правадыра нейкага племя. Няхай робіць пераварот, скідае бацьку, садзіцца на трон. Я такі арганізую парадачак — свет здзівіцца! А цябе, тата, запрашаю вучыць неграў агранаміі. Хочаш, мы зробім цябе прэзідэнтам? Чаго ты ўсміхаешся? Быў жа беларус прэзідэнтам на Гавайскіх астравах. Чаму табе не пабыць? Ты чалавек справядлівы, не дэспат, не тыран… Шчыры інтэрнацыяналіст.

— Лада, не вярзі лухту.

— Мамачка, ты лічыш, што гэта лухта? Не, мая дарагая мамуля, ты дрэнна ведаеш сваю дачку.

Не, маці добра ведала шалёны характар малодшай Дарсі і ўжо тады, на тым вечары, моцна спалохалася, калі ўбачыла, як Лада танцавала са студэнтам-неграм нейкі афрыканскі танец, які здаўся ёй страшэнна дзікім.

— Іван, скажы, каб яна не іграла на маіх нервах.

— Ты не хочаш, каб я выходзіла за негра?

— Выкінь з галавы шалёныя думкі!

— Ага. А ты ведаеш, дарагая мама, што гэта называецца расізмам?

— Называй як хочаш.

— Во, таварыш марксіст, як выхавалі вы сваю жонку. Любуйцеся!

Іван Васільевіч зарагатаў.

— З табой, Лада, не засумуеш.

— Патурай, патурай, дык яна выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна.

— Ды ну вас! — адмахнуўся Антанюк, устаючы з крэсла.

— Усё. Адцягвай, мама, унука ад цявізала. Антракт скончаны. Дзея другая. Падрыхтоўка да практыкума: «Вымярэнне энергіі анігіляцыйных гамаквантаў». О мая няшчасная галава! Дарагія бацькі! Да вашага ведама: з’ява анігіляцыі заключаецца ў тым, што пры сустрэчы часціцы з антычасціцай абедзве перастаюць існаваць, ператвараюцца ў другія часціцы. Мудра? А якая пры гэтым выдзяляецца энергія? Вось таму прашу поўнай цішыні!

Але цішыня панавала нядоўга. Спачатку жонка шэптам прасіла паўплываць на Ладу, каб яна не захаплялася неграм, «бо пры яе дурным характары недалёка і да бяды».

Івана Васільевіча гэта развесяліла.

— Ты адсталы элемент, Вольга. Трэба мацаваць міжнародныя сувязі.

— А ты стары дурань, — узлавалася Вольга Усцінаўна, зразумеўшы, што муж здзекуецца з яе. Але злавацца яна не ўмела і праз хвіліну пачала з наіўнай хітрасцю ўгаворваць, каб ён схадзіў да каго-небудзь са старых сяброў, якія па-ранейшаму займалі высокія пасады.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: