Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Той добры імунітэт памагаў Івану Васільевічу ўсё сцярпець. Хацелася толькі аднаго: да канца зразумець гэтага чалавека, свайго зяця. Праўда, часам, асабліва цяпер, калі столькі вольнага часу для роздуму, рабілася горка. Жыў, працаваў дзеля дзяцей, а сваіх уласных не вельмі выхаваў, адна Лада радавала. А зяця за тры гады жыцця ў адной кватэры не толькі не здолеў выхаваць, навучыць свайму стаўленню да жыцця, да людзей, простай інтэлігентнасці, але нават добра зразумець не паспеў. Ці не перабольшваў ты, Іване, свае сілы і магчымасці? І можа так ва ўсім? Не, пагадзіцца з гэтым не мог! Ды і жыццё неаднойчы пацвярджала, што, нягледзячы на памылкі і слабасці, ён верна служыў ідэі і праўдзе.

Зяць, стоячы, праглядаў газеты. Раптам задаволена рагатнуў:

— Ніводнага слова пра яго. Як карова языком злізала. А мае хлопцы ўсё яшчэ п’юць за яго памяць… І анекдоты расказваюць.

— І ты з імі?

— А я сябе не аддзяляю ад народу!

— Ого!

— Што — ого? — насцярожана і амаль з выклікам спытаў зяць.

Іван Васільевіч не адказаў. Зяцевы разважанні пра палітыку здзіўлялі наіўнай прымітыўнасцю і блытанасцю, Антанюку раней неаднойчы рабілася сорамна, што чалавек, які жыве ў адной кватэры з ім, студэнт, вярзе часам такую лухту. Пасля ён навучыўся прапускаць міма вушэй Генадзевы «палітычныя мудрасці», не звяртаць увагі.

Апошнюю падзею Івану Васільевічу чамусьці не хацелася ні з кім абмяркоўваць, тым больш з такім «палітыкам», як гэты самазадаволены інжынер, які прыехаў з адзінаю мэтай — з’есці смачны абед, згатаваны цёшчай. То давай, браце, пра абед і гаварыць будзем.

— Каб ты не быў такі скупярдзяй, то захапіў бы пляшачку. Глядзі, весялей паабедалі б.

Генадзь рагатнуў ужо зусім інакш. Але сярод розных адценняў гэтага рогату Іван Васільевіч злавіў збянтэжанасць: усё-такі ніякавата хлопцу кожны раз прыходзіць на цесцеву чарку.

— Грошы ў Маі. Паспрабуйце выпрасіць у яе!

— Хто з вас на каго ўплывае?

Зяць не зразумеў.

— Мая была шчодрая дзяўчына.

— Лёгка быць шчодрай за бацькаў кошт!

Іван Васільевіч усміхнуўся.

— Дарагі Генадзь! Ты выказаў мудрэйшы афарызм. За такое — з мяне чарка! На Новы год!

— Каб сёння, — расчараваўся зяць, не зразумеўшы іроніі. Але тут жа весела рагатнуў і палез у кніжную шафу, дзе стаялі тамы энцыклапедыі.

— Паспрачаўся з адным на каньяк. Калі царствавала Лізавета?

Генадзь гартаў том, павярнуўшыся спіной. Іван Васільевіч разглядаў гэтую шырокую спіну, тоўсты карак, які зяць па-ранейшаму, па-сялянску, пасля стрыжкі галіў. Пасля сканчэння інстытута Генадзь неяк адразу моцна раздаўся ўшыркі. Іван Васільевіч з гумарам падумаў, што хлопец прагадаў на гэтым. Раней даношваў яго, цесцевы, касцюмы, трохі пацёртыя, але з дарагога матэрыялу. Цяпер яго касцюмы не налазяць, з меншага не зробіш большага. І Генадзь мусіць купляць сам. Але на дарагія, відаць, Мая не дае грошай. Носіць самыя танныя — «не аддзяляе сябе ад народу».

— Во гад, ён выйграў. А я думаў…— Генадзь заклапочана пашкроб патыліцу. — Я ж па гісторыі меў пяцёрку.

Вось гэтая яго наіўнасць таксама здзіўляла: калі па нейкім прадмеце меў пяцёрку яшчэ ў школе, то яму здавалася, што лепш за яго гэты прадмет ніхто не ведае і не можа ведаць. Неяк ён зусім сур’ёзна сказаў: «А што яны ведаюць, гэтыя акадэмікі! Толькі грошы грабуць».

Іван Васільевіч даўно прыкмеціў, што Вольга нібы пачала баяцца, калі яны заставаліся адзін на адзін, цесць і зяць. Можа таму паклікала:

— Лада дазволіла паглядзець тэлевізар. Калі ласка, прашу вас, таварышы мужчыны.

Лада сядзела ў крэсле, ужо абыякавая да ўсёй бытавой мітусні. Яго, бацьку, часам палохала гэтая здольнасць малодшай дачкі «адключацца» ад усяго. Толькі што была зямная, вясёлая, гарэзлівая і раптам быццам узнялася ў космас, у бясконцыя прасторы сусвету.

З экрана два вядомыя акцёры натужліва стараліся пасмяшыць тэлегледачоў. Але жарты — скроеныя з барадатых анекдотаў, якія Іван Васільевіч чуў яшчэ ў маладосці. Смяяліся Вольга Усцінаўна і Генадзь. Натхнёны перадачай, зяць пачаў расказваць свой анекдот.

— Іван Васільевіч, пра пенсіянераў чулі? Два старыя сядзяць у скверы. Падняліся… А тут вецер падзьмуў. Пахіснуліся, схапіліся адзін за аднаго, каб утрымацца на нагах. Пасля адзін пытае: «А што заўтра будзем рабіць?» — «Калі ветру не будзе, да дзяўчат пойдзем», — адказвае другі. Да дзяўчат! Го-го!..

Вольга Усцінаўна глядзела на мужа са страхам: яе абразіла зяцева бестактоўнасць, але прабраць яго не адважвалася. Каб супакоіць жонку, Іван Васільевіч прымусіў сябе засмяяцца. Анекдот ён чуў сто разоў, сам расказваў, зяця свайго добра ведаў, а таму нішто не кранула. Але на хамства часам трэба адказваць хамствам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: