Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Можа быць, — сказаў Марка. — Усё можа быць.

— Ды нашто ім сюды? — спытаў Турай. — Тут у нас ціха.

Вус развёў залатымі рукамі.

— Маўчы ўжо… ціха, — сказаў ён.

— Няма ў нас цішыні, хлопцы, — сказаў Кляонік. — Бязвер'е ў нас з'явілася. Гэта больш страшна для іх, чым цюрынгійскія бунтаўшчыкі. Тыя, хаця ў Бога вераць.

— А ты верыш? — з'едліва спытаў Турай.

— Мая справа. Як твая вера — твая, а ягоная — яго… Ну, магу сказаць: веру ў Бога-духа, агульнага для ўсіх. Твары розныя, а Ён адзін. І няма чаго за розныя лічыны Божыя спрачацца і рэзаць адзін аднаго.

— Ты ж каталік? — спытаў Турай.

— Для мяне самая зручная вера. Я разьбяр. Ніхто іншы разьблёных багоў не прызнае. І таму я каталік… пакуль рэжуць жывых людзей з дрэва… і да таго часу, калі стануць… як дрэва… рэзаць жывых людзей.

Яму было цяжка і страшна выказваць гэтыя свае новыя думкі. Турай кінуўся на калені.

— Ерэтык ты, а не каталік!

— Ану, сядай. — Каваль паклаў руку на галаву мечніку і з сілаю пасадзіў. — Таксама яшчэ… айцец царквы. І я лічу: адзін Бог ва ўсіх. Як ты… для мяне — Турай, дзядзька Турай… для Маркі ты — бацька… а для жонкі тваёй і сяброў — Гіаў. Змоўч. Сабораў нам тут не разводзь. Дай слухаць.

— Ды чаго ён?!

— Змоўч, кажу, — сказаў каваль. — Цікава. Судзіць чалавек тое, чаго дагэтуль ніхто не асмельваўся судзіць. Кажы далей, што там наконт бязверных?

— Ды што, — сказаў разьбяр. — З'явіліся пісаныя кніжачкі. Шмат. «Княства Белай Русі і Літвы, суджанае праўдай вечнай»*.

* Трохі пазней тая самая падмётная ерэтычная кніга з некаторымі выпраўленнямі была ў Гародні надрукаваная.

— Там што? — прагна глядзеў у ягоныя вочы Вястун.

— Няма багоў, — сказаў Кляонік, — і не трэба тамлення і марэння духа па іх. Няма і не трэба аніякай улады Адамава сына над гэткім жа сынам Адамавым. Няма і не трэба лепшых і горшых у дзяржаве, царкве і касцёле, і ў багацці.

— Як гэта няма? — спытаў Вус.

— Не павінна быць… Не павінна быць розніцы ў законе, розніцы між каралём і народам, між тым, хто царуе, і тым, хто арэ, між плебеем і шляхціцам, а павінна быць усё для ўсіх, агульнае і роўна, і воля павінна быць і на зямлі і на небе, а веруй, як хто хоча.

Лягло маўчанне. Потым Турай уздыхнуў.

— Праўда. Толькі наконт Бога — ілжа.

— Ну, гэта табе сам Бог, калі памрэш, скажа, — усміхнуўся каваль. — Сказана: веруй, як хочаш. Сапраўды, «суджанае вечнай праўдай».

— Праўда… — сказаў Кляонік. — І вось таму і страшна мне. Нешта такое (толькі з верай Божай) Гус казаў і Пракоп — як на іх кінуліся?! Крывёй залілі. А цяпер праўда зноў усплыла. У нас. Цёплая. А на цёплае вужакі і змеі паўзуць. То няўжо, думаеце, на нас яны не кінуцца?! І з мячом многія адкрыта кінуцца, і тыя, падземныя, з атрутай. Таму я і кажу: цёмнае ідзе, кроў ідзе, меч ідзе, атрута ідзе.

— Кінь, — сказаў легкаважны Марка. — Не папусціць Бог.

— Які? Твой? Мой? Іхні?

— Адзіны ёсць Бог. Праўду кажаш, — сказаў Вястун.

— Які?

— Наш. Мужыцкі.

— Дужа ён вам з хлебам дапамог, — сказаў Зянон. — А ёсць жа хлеб. Ува ўсіх гэтых ёсць. А Богу нібыта і няма да нас нічога. Як вы мне памаглі, то памог тады і ён.

— А мы і яму… паможам, — засмяяўся Кірык.

— Чым? — злосна сказаў Дудар. — Чым ты іх трахнеш? Адным гэтым сваім молатам? Сапраўды, разбалбаталіся аб тым, што калі яшчэ будзе. Лепей падумайце, як вы зіму пражывяце.

— Вось голад і закрычыць, — сказаў Вястун.

— Гэ! Хай сабе крычыць, — сказаў Турай. — Галавы ў яго няма. Іконы ў яго няма. А нашы людцы звыкнулі скопам толькі за цудатворнай.

— Пане Божа, — уздыхнуў Зянон. — Ну хаця б дрэнненькі які, абы наш, мужыцкі Хрыстос з'явіўся.

— Чакай, — сказаў Кляонік. — Яшчэ столькі чакай.

— То, можа, без яго? — іранічна спытаў Вястун.

Людзі сядзелі моўчкі. Грубаватыя твары трохі маршчыніліся ад не вельмі звыклых думак. Нікому не хацелася першаму кінуць слова.

Сказаў яго Зянон. Яму дагэтуль было нязручна. Сябры абаранілі яго, і горш за ўсё было тое, што яны могуць палічыць яго баязліўцам. І таму, хаця меха, на якім ён сядзеў, магло хапіць надоўга, няхай сабе і на зацірку, Зянон крэкнуў:

— Чаму ж, без яго дык без яго.

Вястун са здзіўленнем глядзеў у шэрыя, глыбока пасаджаныя Зянонавы вочы. Не чакаў ён ад яго гэтага спрыту. Бач ты, раніцай за сябе заступіцца не мог, а тут… Ну, не трэба ж і яму, Кірыку, быць горшым за такога ціхоню.

Ён устаў і, крутануўшы, кінуў свой молат угору па схіле. Молат апісаў вялізную дугу і ўпаў у траву і нізкі цярноўнік. І раптам адтуль са звонам падскочыла ў паветра і рассыпалася на пырскі шкляная суляя. А за ёю, успуджаныя, ускінуліся манах і жанчына.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: