Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…Трохі пазней сябры спусціліся ніжэй Каложскай царквы, да Нёмана. Шырокі, імкліва-прыгожы, празрысты, ён ляцеў, як страла. Праменні сонца гулялі на плыні, на купалах Каложы, на свінцовых, пазалочаных рамах у яе вокнах, на аліўкава-зялёных, карычневых, вясёлкавых крыжах з майалікі, на дахах і крыжах Барысаглебскага манастыра. На недалёкай драўлянай званіцы «Алене», пабудаванай коштам жонкі былога вялікага князя, блішчалі ахвяраваныя ёю званы. Шмат. Дзесяткі два.

Некалькі маладых мніхаў-жывапісцаў з манастырскай школы сядзелі на сонейку, корпаліся з фарбамі ў драўляных лыжачках, у паловах яечных шкарлупак, у кубачках, памерам з напарстак. Малявалі нешта на дошках, цюкалі чаканчыкамі па золаце і срэбры.

— Таксама радыя цеплыні, — сказаў распешчана дудар. — Божаму сонейку.

— А яны што, не людзі? — усміхнуўся Кляонік.

— Дык вы ж адны адных не лічыце за людзей, — буркнуў Турай.

Каваль пакасіўся на яго.

— Яны — людзі, — сказаў разьбяр. — І страшэнна здольныя людзі. У мяне з імі больш братэрства, чым хаця б з тым… капланам Басяцкім. Непамысна мне, калі гляджу я ў ягоныя вочы. Ён нешта такое патаемнае, страшнае.

— Кінь, — сказаў Марка. — Што ён, ад веры можа нас адвесці? Мы вас не чапаем, а вы нас не чапаеце.

— Мы не чапаем. Яны могуць зачапіць.

— Яны? — усміхнуўся Марка. — Слабыя? Колькі іх на Гародню?

— А «Ганну» яны, слабыя, ужо адабралі ў вас. І пісар Богуш, са згоды караля, на іхнюю карысць былым Спасаіконапрэабражэннем паступіўся.

— То ён жа табе лепей…

— Мне ён не лепей. Мне будзе кепска, калі святую нашу раўнавагу яны парушаць. Калі ты за рэбры павіснеш, а я, каталік, за кампанію з табой. Як сябар. Чуў, вяшчальнікі сёння што крычалі? Мышэй судзяць. Нібыта проба. А доказная інквізіцыя гуляць пайшла. Малады Бекеш быў у Італіі, у Рыме. Жах там робіцца.

— І нашыя не лепей, — сказаў Турай.

— Правільна. Але «нашыя» далёка, — сказаў Вястун. — А гэтыя бліжэй і бліжэй. То што там казаў Бекеш?

— А тое. Страшныя ідуць часы. Царкву маю нібы ахапіў злы дух. Манахі і папы гуляшчыя і прагныя. Тысячамі паляць людзей. Цёмнае ідзе, хлопцы.

— Гэ-э, — сказаў Зянон. — Дарэмна ў набат б'еш. Тут у нас свой закон. Нікога асабліва за веру не чапаюць. Ну, паступіўся Богуш «Спасам». А чаму забываеш, што ён праваслаўны, што ён гэтаму вось манастыру Чышчаўляны падарыў, што нават вялікая княгіня яму, манастыру, званіцу пабудавала і сад пажалавала. Што суседняе з намі Панямунне яму кароль падарыў.

— Былы кароль, — сказаў Вястун. — Былая каралева. Цяпер у нас каралева рымлянка. З тых месцаў, дзе людцаў тысячамі паляць.

— Так, — сказаў Кляонік. — Дачка медзіяланскага* князя.

* Міланскага. Бона Сфорца.

— Дый Богуш ужо не той, — казаў далей каваль. — Хістаецца панства, хлопцы. Войт у нас хто? Іншыя паны? Праўду кажа Кляонік. Як бы нам сапраўды на коле не верашчаць. Асабліва калі яны, як з мышамі, спяюцца… нашыя ды іхнія. А мы ж таксама для іх… мышы… Страшныя ідуць часы.

Яны адышлі далей, каб не перашкаджаць мастакам, і разваліліся на траўцы. Зянон, сядаючы на свой мех са збожжам, думаў.

— Дурні яны, ці што? — урэшце спытаў ён. — Мышэй судзяць?

— Не яны дурні, — сказаў Дудар. — Гэта мы дурныя, як дарога. Хіба маленькія могуць столькі з'есці? А Камар іх судзіць.

— А Камар хіба вялікі? — спытаў Кляонік.

— А з добрую такі свінню будзе, — сказаў Вястун.

Маўчалі. Ласкавае — ля ракі — сонца гладзіла твары.

— Хто ўсё ж гэты Басяцкі? — спытаў змрочна Гіаў. — Нейкі ён не такі, як усе дамінікане. Алейны нейкі, халера на яго. Па начах да яго людзі ходзяць. Сам ён, здаецца, усё і пра ўсіх ведае.

Кляонік раптам крэкнуў:

— Добра, хлопцы. Усе тут свае — можна трохі і адкрыць. Чулі, з усіх амбонаў крычаць, што ерась галаву ўзняла? Тут табе ерась гусіцкая, тут табе — лютарская… Наконт гусітаў нічога не скажу, хаця «чашнікі»* і дзярмо. Забітых не судзяць. А астатнія такія самыя свінні, толькі што царква больш танная… Рым з імі, вядома, б'ецца не на жыццё, а на смерць. І мячом… і… атрутай. Крыжакі. І вось, Бекеш казаў, ходзяць паўсюль страшныя чуткі. Нібы ёсць пад зямлёй, у вялікай схове… больш магутнае за папу…

* Правае, здрадніцкае крыло гусітаў.

— Ну, што замоўк? — спытаў Вус.

— Братэрства патаемнае, — скончыў разьбяр. — Тыя самыя крыжакі, што… атрутай ваююць. Нібыта ніхто добра нічога не ведае, але ёсць.

— А я б такіх молатам вось гэтым, — сказаў Вястун. — Каб галава ў жывот юкнула і праз пуп глядзела.

— І вось, калі праўду кажуць, могуць яны забрацца не толькі сюды, а і ў пекла. А калі сюды забраліся — неадменна Басяцкі з іх. Ты зірні ў вочы. Плоскія. Зялёныя… Змей. Так і чакаеш, што адкрые рот, а адтуль замест языка — травінка-джала.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: