Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Адзін з распятых ужо разбойнікаў — па тыпу расстрыга, па носу запівоха — пакасіўся на іх і застагнаў, закаціўшы вочы.

Пілат паказаў рукою на крыж і, выгнуўшы даволі значнае пуза, агаласіў:

— А вось уліце яму воцату ў рот, каб не думаў пакутваць за чалавечы род. Прынясіце цвікі з асіны для сабачага сына.

— Для чалавечага сына, — падказаў распяты Шалфейчык.

— Сам ведаю, — голасна сказаў Багдан-Пілат. — Хам ты.

Гледачы, хто баяўся, а хто і шаптаў. Шапталі двух у адзеннях вандроўных гандляроў. Сядзелі яны збоку, адкуль відаць было анёла на дубе.

— Ведаеш, што мне здаецца? — спытаў адзін.

— Ну?

— Гэты, на дубе… Каплан з Ванячэ загадваў яго шукаць. Гэта, па-мойму, той, што на агнявым змеі зляцеў. Мы яшчэ яго перастрэлі ў пушчы. Спаў на гарачай зямлі.

— Быць не можа гэтага, — флегматычна адказаў другі.

— Я табе кажу. Глядзі, твар які смешны. У людзей часта ты такія бачыў? Зноў жа, крылы.

— Не можаць гэтага быць.

— Знакі нябесныя забыў? Чаго ён на праклятым месцы спаў? Чаго казаў, што ніякіх д'яблаў не баіцца? І запомні… і каплан, і магнат наш яго шукаць загадалі. Паліць такіх трэба. Сатана гэта.

— Быць гэ-та-га не можа.

— Глядзі, і корд той самы.

— Гэтага не можаць быць.

У гэты час у натоўпе раздаўся ўздых жаху. На сцэну з фургона вываліліся два эфіопы. Адзін быў здаровы, як халера, другі тонкі і вельмі жанчынападобны. Але абодва былі чорныя, як дзеці самога сатаны. Дошкі прагіналіся пад іхнімі нагамі, бо яны цягнулі пад рукі чалавека з пароды тых, пад якімі падаюць у непрытомнасці коні. На чалавеку быў залацісты парык, а з-пад яго глядзела тупая, але даволі дабрадушная морда.

Натоўп узвыў ад жаху.

— Чэрці! — крычаў нехта.

І тут з дуба раздаўся анёльскай прыгажосці голас. Быў ён мяккі, гучны і моцны. Гэта, схаваўшыся за ствол, каб не заўважылі, гаварыў чалавек з крыламі.

— Ціха вы. Не чэрці гэта — эфіопы. Сажай яны намазаліся.

— Брашы! — крыкнуў нехта.

— Праўду кажу. Зваць іх Сіла і Ладысь Гарнцы.

— Хрыста нашто крыжуеце?!

— І ён не Хрыстос. Знарок ён гэта. Дрывасек ён былы. Зваць яго Акіла Кіёвы.

— Ну, глядзі, — трохі супакоіўся натоўп.

Эфіопы цягнулі Акілу-Хрыста да крыжа. Акіла пручаўся. І ясна было, што Гарнцам не пад сілу весці яго.

— Чуў? — спытаў адзін гандляр у другога. — Голас гэтага, крылатага, чуў? Голас той самы.

— Не можаць гэ… Праўда твая, браце. Той самы голас.

Натоўп весела рагатаў, сочачы, як лётаюць эфіопы вакол Хрыста.

— Дай ім, дай!

Акіла круціў рукамі, напінаўся, але ўсё ж ішоў наперад. Урэшце мурыны, скрыгочучы зубамі, узвалаклі яго на крыж.

— Ану, прыбівайце, каб не сышоў! — рыкаў Пілат.

І толькі тут сёй-той у натоўпе зразумеў: гэта табе не жартачкі. Крычалі-крычалі, а тут, бач ты, Бога распінаюць.

— Хлопцы, — спытаў легкаверны голас, — гэта што ж?

— Бог… Амаль голы.

— Адзенне дзеляць.

Анёл пачаў шаптаць таму, хто стаяў ніжэй яго:

— Скажы Аўтуху і Лявону, хай не дзеляць.

«Салдаты» не зважалі на шэпт. Дзялілі са смакам і з веданнем справы. Над натоўпам вісеў размераны — як па труне — грукат малатка.

Акіла на крыжы закінуў галаву, закаціў вочы і выпусціў дух. Эфіопы адступілі, каб з выглядам мастакоў палюбавацца сваёю працай. І тут здарылася непапраўнае.

Пад вагою Акілы крыж склаўся напалам (так яго было зручней перавозіць у фургоне: складны, з прыступачкай для ног, з надпісам «ІNRІ», які толькі што так велічна аблямоўваў Акілаву галаву). Крыж склаўся, і пад ім, паказваючы небу зад, стаяў вялізнай перавернутай іжыцай Акіла Кіёвы, няўдалы Езус.

— Хлопцы, гэта што ж? — спытаў нехта. — Што ж гэта, у Госпада Бога нашага зад быў? Ану, спытаем у гэтых.

— Ерэтыкі!

Ратуючы становішча, Юрась скочыў на лёгкіх крылах уніз. Апусціўся на памост. І тут закрычаў адзін з вандроўных гандляроў:

— Гэты! Гэты! Ён на агнявым зміі спусціўся! Хапаць яго загадана! Гэта сатана!

Паветра раздзёр свіст. Натоўп прыйшоў у рух і пачаў насоўвацца на памост… Анёл ліхаманкава аддзіраў ад памоста крыж. Распяты разбойнік разам з крыжам кінуўся ў фургон. Але ў паветры ўжо замільгалі гнілая рэпа, цыбуля і іншае. Коні рванулі з месца, кінуўшы людзей.

…Яны ўцякалі палявой дарогаю з усіх сіл, таму што ззаду, не дужа даганяючы, але і не адстаючы, з гікам беглі ганіцелі.

Паперадзе ўсіх ляцеў легкакрылы анёл. Твар у яго быў адухоўлены. Залацістыя — свае — валасы луналі па ветры. Віўся хітон, адкрываючы голыя лыткі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: