Шрифт:
І ўсе чацвёра земна пакланіліся адзін аднаму.
— Ідзі, — сказаў Вястун. — Імёны помні.
У гэты час Лотр узняў руку:
— Людзі славутага горада! Пан Бог наш Езус з апосталамі вырашыў на нейкі час пакінуць нас. Будзе ён хадзіць па краі, вястуючы слова Божае.
Кардыналавы вочы былі вільготныя. Твар дыхаў высакароднасцю.
— Спадзяюся, не заробім мы ад яго нараканняў. Ціха і спакойна будзем выконваць свае абавязкі перад ім, месіяй нашым, перад зямлёй нашай улюбёнай, царквою, дзяржавай і панамі. Будзем чакаць яго… За працу, мілыя браты мае. За працу!
У гэты момант не вытрымала і загаласіла нейкая баба ў натоўпе: «А на каго ж ты нас?!.» — і змоўкла, відаць, суседзі цыкнулі. Людзі стаялі моўчкі.
І тады загулі дуды ў руках варты і сумна, высока заспявалі рагі.
Слухаючы іх, стаялі ля мура, на выступе, фра Альбін, Крыштофіч і Кашпар Бекеш. Апошні, відаць, трохі выпіў віна: разрумяніўся гожы твар. На сонечна-залатых валасах юнака ляжаў аксамітна-чорны, з адлівам у сіняе, берэт. Ветрык варушыў на ім пышны султан пер'яў. Плашч перакінуты цераз плячо. На поясе кароткі залаты меч — корд. Дзеўкі заглядалі на юнака. Але ён глядзеў толькі на гатовых у дарогу апосталаў і на таго, хто называў сябе Хрыстом. Глядзеў, нібы імкнуўся зразумець яго.
— Яны не могуць верыць, — сказаў ён урэшце Крыштофічу. — Глядзі, які твар. Відавочна з пахмелля. Боскага ў ім не больш, чым ва ўсіх тут. Звычайны чалавек.
— Лепей скажы, як яны могуць верыць? — усміхнуўся Крыштофіч. — Ну, гэта ў законе. Але твар у яго сапраўды махлярскі. Валацуга, ды і ўсё. І падумаць толькі, што ты так захапляўся гэтай дачкою мечніка, збіраўся сустрэць у касцёле…
Ён перавёў вочы з Бекеша на Хрыста. Параўнанне было яўна не на карысць апошняму:
— Гожы, адукаваны, багаты, з розумам, які з дзяцінства звольнены ад догмы. А ён, кажуць, толькі працягнуў руку…
— Замоўкні, брат Альбін, — змучана сказаў Кашпар. — До…
— Вось яна, сіла сляпой веры.
Бекеш зразумеў, што ў сябра настрой гаварыць казані. І таму ён сказаў з'едліва:
— Ты, здаецца, таксама кінуў на адну жанчыну вокам… І вось яна таксама ідзе з ім. Зірні. Спачатку адну, потым…
— Кгм, — збянтэжана сказаў «пожаг». — Я — гэта іншае…
— І ўсё ж яна ідзе, — мучыў далей Бекеш.
— Ты павінен быў бы ведаць, сын мой, што гуманістам у гэтай юдолі не шанцуе, — павучальна сказаў брат Альбін. — А шанцуе ў гэтай юдолі шэльмам, паскуднікам, ашуканцам і круцялям.
Трубы і дуды ўсё яшчэ спявалі. Лотр схіліўся да Хрыста:
— Бывай… Жыві вольна… Толькі вось што: маску, маску насі. Вочы ў цябе разумненькія. Не дуры. Надзень.
Братчык глядзеў на яго дураслівымі, хітрымі і разумнымі вачыма.
Да Бекеша і Крыштофіча праштурхнуўся праз натоўп Кляонік.
— Здароў, Кашпар. Што, добра ўчора пагулялі?
Конча засмучаны Бекеш адказаў яму з адценнем лёгкай іроніі:
— Ну, пагулялі. Але ж гэта ад абрыдлівасці да ўсяго гэтага. Папойка сярод чумных. Дэкамерон.
— Цудоўная кніга, ці не праўда? — трохі ненатуральна спытаў разьбяр.
— Цудоўная, — не даў яму літасці Бекеш. — А вось ты мне лепей скажы, чаму ты, Кляонік, штурхаўся між гэтых ашуканцаў, вадзіў да іх сяброў-фанатыкаў, што ўзнялі тады гэты вэрхал з узяццем замка? Да жывой рэліквіі цябе пацягнула?
— Слухай, Кашпар, — рашуча сказаў Кляонік. — Слухайце, брат Альбін з Дубатыння. Здаецца мне, мы трохі перагнулі. Нельга быць непамяркоўным, як тыя… як нашы ворагі. Іначай, можна адно ізуверства замяніць другім. А мы, гуманісты, ва ўсім павінны ад іх адрознівацца… Гэта цікавы чалавек. Я шкадую, што не разабраўся ў ім. Гэта варты ўвагі чалавек.
— Шалбер, — рэзка сказаў Бекеш.
— Магчыма, але трэба зразумець і гэта. Што ён такое? Адкуль?
— Угу. І чаму спеўся з царквою?
— Не думаю, што гэта так, Кашпар. Магчыма, гэта няшчасце. Магчыма, страта веры ў нешта.
— А хто яго прымушаў хлусіць, дапамагаць выбіваць з гэтай гурмы апошнюю медзь, зводзіць дзяўчат-фанатычак, шырыць забабоны, ізуверства, змрок?
— Магчыма, абставіны. Няшчасныя абставіны. І ён не сябра царкве. Ён… баіцца. Я сэрцам адчуваю: вісіць над ім нейкі меч. І як ты сабе хочаш, Кашпар, а я і далей буду цікавіцца ім, старацца зразумець да апошняга і, магчыма, памагаць, калі зразумею, што варта.
Альбін усміхнуўся.
— Вера са дна ўскалыхнулася. — Бекеш не помніў сябе. — Пабег за Божым хвастом. І ён яшчэ абвяшчаў піетэт толькі да розуму і вопыту. Трывала ж ты іх трымаўся! А чым ты давядзеш нават сабе, што гэта ён? Ісус?
Крыштофіч зразумеў, што спрэчка можа давесці да сваркі двух лепшых сяброў. Трэба было ратаваць становішча. Тры чалавекі на ўсю Гародню. І так іх мала паўсюль, так мала, а тут і гэтыя пасварацца!
— Мяркую, давесці сабе гэта лёгка, — цёмныя вочы ягоныя смяяліся. — І ўпэўніцца таксама лёгка. Не спатрэбіцца нават сусветны сабор. Працягні руку — і ўсё… Будзеце спрачацца ці дасцё слова мне?