Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Гэты мазурык, неабазнаны і непісьменны, як вяленая вобла, разам з намеснікам Пятра ў юнацтве перадаваў жанчынам і юнакам запіскі з прапановаю пасці — у аблатцы святой прычасці, напляваўшы на святасць госціі. Абодва яны пазней знаходзілі сабе ахвяры сярод замужніх кабет і цнатлівых дзяўчат нават у алтары Божага храма… І вось зараз гэты дурыць і крыўляецца, як малпа, і плюецца бруднымі словамі.

Хрыстос ведаў, што разумней было б прамаўчаць, але злосць аж душыла яго, і ён адчуваў: яму не вытрымаць. А там хай будзе, што будзе.

— Купляйце! Купляйце! — гарлаў манах. — Купляйце дараванне. Вы можаце купіць сабе адпушчэнне нават за тое, што згвалціце адзінаццаць тысяч вядомых святых дзеў — оптам ці ў розніцу, калі хопіць на гэта моцы вашай, якая — ад Бога… Вы, цёмныя доўбні, можаце нават вызваліць з чысцяца ўсіх родных і знаёмых. Вось пергамент. За 24 гадзіны між першым і другім днямі ліпеня вы можаце колькі хочаце разоў заходзіць у храм, чытаць там «патэр ностэр» ці нават «ойча наш» і выходзіць. Гэта будзе лічыцца як малебен. Колькі малебнаў — столькі і душ, вызваленых з агню. О слодыч! О велькая Боская літасць!

Юрась сказаў даволі голасна:

— Адзін, кажуць, на гэтым звар'яцеў. Бегаў туды і назад цэлы дзень. Вызваліў увесь гарадок. І ніхто там больш не купіў ніводнай індульгенцыі. І такая была страта для папскай кішэні! То каб гэтага не было — войскі зраўнавалі ўсё мястэчка з зямлёй і ўсіх жыхароў выправілі проста ў рай.

Натоўп засмяяўся. Волесь, аднак, распінаўся далей:

— Ты атрымаеш свяшчэннае паўнамоцтва папскае. Хіба наша справа не стане тваёй?! Справа Хрыста — папежа Льва — кардынала Лотра і мяне, грэшнага. Не сумнявайся, ты ўвойдзеш у наша воінства. Бо галоўнае не тое — злодзей ты, прыгнятальнік, распуснік, садаміт або скаталожнік, а галоўнае — адданасць справе нашай і святому храму, царкве. Ты можаш украсці срэбную агароджу вакол труны Пятра або накласці ў дарахраніцельніцу ягоную срэбную, вагою ў тысячу шэсцьсот фунтаў. Ты можаш, калі прыйдзе табе ў галаву такая фантазія, згвалціць самую Матку Боскую на залатой надгробнай пліце апостала Пятра, пастаўленай Львом ІV… І нават больш. Прасвятая Дзева панесла толькі па асобым загадзе Пана Бога і, маткай стаўшы, засталася цнатлівай… То вось, нават каб нехта надумаў узнагародзіць Пана Езуса зямнымі братамі і сёстрамі, а Юзафа — цеслю — рагамі і каб ён паспяхова зрабіў гэта — будзе адпушчаны яму і гэты грэх.

— Слухай ты, — азваўся раптам Юрась. — Лягчэй наконт зямных братоў. У яго былі яшчэ браты і сёстры. Чацвёра братоў і сёстры.

Гіменіус не разгубіўся:

— Ну, гэта пасля. Яна зрабіла сваю справу і далей магла трымаць сябе, як хоча.

— Пэцкаеш ты ў тое самае карыта, з якога ясі, — сказаў Хрыстос. — Урэшце, усе вы так.

— Мала таго, — паспрабаваў замяць размову Волесь. — Вы можаце купіць тое, што Маці Божая перад смерцю сама з'явіцца да вас, каб асабіста аднесці душу вашу ў рай.

— Жанчына нясе ўласнага гвалтоўніка. Думай, што гаворыш.

— Слухай, сатана, кінь вывяргаць гразь!

— Гразь — справа твая…

Магдаліна, сама не ведаючы чаму, паспрабавала затрымаць яго, але ён вызваліўся. І яна зразумела: усё. Час, прызначаны Лотрам, настаў. Дзень пройдзе, два, тры. І тады давядзецца ёй займацца іншай справай. Лотр наўрад ці верне яе да сябе. Давядзецца, відаць, сапраўды спакусіць таго хлапчука з Наваградка.

— Чорт яго ведае, што там напісана, — сказаў Хрыстос. — Можа, лаянка?

— Прачытай! — з бруднай мніхавай пашчы ляцела сліна.

— Адкуль ім чытаць?

— А хто забараняе?

— Папа Сабініян, як вядома, пад пагрозай анафемы забараніў простым вучыць грамату.

— Дык ці не паўтарыць таго і нам?

— Да таго ідзе.

Натоўп ажывіўся і зашумеў.

— Забараняйце, — чырванеў Братчык. — Усіх запішыце ў манахі. А хто вас тады будзе гадаваць? Гэта ж яны і без таго, як жывёлы… Урэшце дай і мне адну індульгенцыю. На адзін грэх. Колькі?

Мніх усміхнуўся:

— Дзесяць грошай. Бачыш, і цябе праняло. Наш папа гэта табе не папярэднік, не паршывец Юлі Другі. Вялікая розніца.

— Вядома. Абодва хворыя на неапалітанскую хваробу. Адзін ад яе памёр. Другі дзякуючы ёй прыдбаў тыяру.

— Блюзнерыш? — мніхавы вочы зрабіліся вострыя. — А святая служба?

Юрась паказаў яму кавалачак пергаменту.

— Дзеля таго і купіў. Маўчы.

Народ засмяяўся.

— Блюзнеру цяпер колькі хачу, аж пакуль не спынюся… Дзіўна, як гэта ў вас. Паскуднік Баніфацый VІ праклінае мярзотніка Фармоза І, Стафан VІІ праклінае Баніфацыя, а труп Фармоза аддае публічнаму ганьбаванню*, Раман І адмяняе ўказы Стафана наконт Фармоза і бэсціць Стафана… Леў бэсціць Юлія. І кожны аб'яўляе, што ён непагрэшны, а папярэднік — адроддзе Сатанііла, і выкрывае яго ўтрапёна і з жывёльнай нянавісцю. То хто мазурыкі, мы ці яны?… Ёлупы! Сячэце сук, на якім седзіцё. Трэба ж мне навучыць хаця адну тваю дурную галаву. Раз падманулі… два… дзесяць. Аднаму раскрылі твар, другому… сотаму. І яшчэ думаеце, што вам будзе нехта верыць. Ужо і зараз ведаюць людзі, што то за птушка — Леў.

* Папа Стафан загадаў выкапаць згніўшы труп Фармоза (быў пахаваны ўжо сем месяцаў), прыцягнуць за ногі, пасадзіць на трон, надзець на галаву тыяру. Над трупам учынілі суд з адвакатамі, але тыя адмовіліся бараніць яго і пачалі абвінавачваць. Пасля труп адлучылі ад царквы, папа ўдарам нагі скінуў яго з прастола. Труп распранулі, адсеклі тры пальцы правай рукі, пераламалі рукі і ногі, адсеклі галаву, пасля кінулі астанкі ў Тыбр.

Змоўк.

— Скончыў? — спытаў мніх. — Вось і добра. Індульгенцыі!… Індульгенцыі!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: