Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Можаш прадаць яшчэ адну, медналобы?

— Колькі пажадана будзе, — нахабна сказаў Гіменіус.

— Адрэж яшчэ на адзін учынак.

Волесь пачаў арудаваць нажніцамі. Юрась кінуў яму манету.

— К-колькі пажадаеце.

— Вось дзякуй, — сказаў Хрыстос.

І раптам адвесіў манаху пярунападобную поўху. Той вякнуў, адлятаючы. Братчык паматляў рукою ў паветры. Вакол зарагатаў народ.

— Не маеш права падымаць руку на пасланца папы, — захныкаў Гіменіус.

— А на Маці Божую, значыцца, маю, варта толькі паперку купіць? Чуеце, людзі?

Служкі Гіменіуса пачалі былі набліжацца.

— Вось добра, — сказаў Хрыстос. — Гэтым я і без грошай морду наб'ю. Тры чалавекі. Па трыццаць тры з трэццю грошы за рыла. Даволі танна. Увесь век хадзіў бы дый лузаў.

Служкі спыніліся. Манах варушыў сківіцай, але прыходзіў ужо да прытомнасці.

— Спаймаў ты мяне, невядомы, — няшчыра ўсміхаючыся, сказаў манах. — Ну, індульгенцыі! Індульгенцыі!

Хрыстос паклаў руку на рукаяць корда:

— Тады прадай яшчэ на адзін учынак.

Мніхавы вочы забегалі:

— Ну, гэта ўжо занадта. До, людзі! Да заўтра, а мо і на тры дні ятка зачыняецца.

— Ятка толькі адчыняецца, — сказаў Юрась. — Ану, людзі, слухайце. Імем сваім, імем сына Божага кажу, што вам брэшуць. Мне і Айцу майму ўсё гэта патрэбна, як дзесятая дзірка ў целе.

— Ты хто? — спытаў нехта з натоўпу.

— Я — Хрыстос…

Натоўп загуў. У Магдаліны мільгнуў у зрэнках жах. Гурма крычала.

— Ці-ха! Імем сваім вінавачу ўсё гэтае быдла ў хлусні і рабунку, у зневажанні Маці Божай! Калі вы мужы, а не садаміты — шэлег вам кошт, калі не заступіцеся за яе! Імем сваім загадваю — натаўчыце гэтай торбе з гноем у каршэнь, выкіньце з Любчы, а нарабаваныя грошы аддайце на сірот і дзяўчат-беспасажніц…

— Ура! — загуло ў натоўпе. — На беспасажаніц! На сірот!

Народ рынуў наперад.

У тую ж ноч, калі яны ўцякалі з Любчы, над змрочнай зямлёй ляцеў у вышыні асветлены апошнімі промнямі сонца і ружовы ад яго камячок жывой плоці. Ён нёс звестку аб тым, што рачоны Хрыстос узняў руку на майно царквы і загад самога папы, якога, да таго ж, бэсціў несамавіта разам з царквою. Ён нёс вестку аб тым, што рачоны Хрыстос забыў сваё месца і тое, што ён махляр, і падбухторыў натоўп на рынку. Ён нёс вестку аб тым, што вядомы царкве чалавек распусціў чутку аб вядомай жанчыне, якая нібыта знаходзіцца ў наваколлі наваградскім і зараз вядзе Хрыста з апосталамі ў цэнтр ваяводства, дзе і паспрабуе затрымаць іх на тры дні. Вядомы чалавек прасіў, каб сотнік з атрадам паспяшаўся.

Голуб ляцеў, і промні апошняга сонца згасалі на ім, а на перайкі клаўся сіні водсвет ночы.

Калісьці ён нёс Ною вестку аб дараванні і міры. Цяпер ён нёс бразганне мячэй, прэнг і ганебную смерць.

РАЗДЗЕЛ ХХ ГРАШОВАЯ СКРЫНКА ІУДЫ

У Іуды была скрынка.

Іаан, гл. 13, ст. 29

Не ўсім дастаюцца порткі, хто ім жадзён.

Прымаўка

Яны ўцякалі ўначы, бо ведалі: за тое, што зрабілі ў Любчы, мала ім не будзе. Яны не ведалі аб тым, што па слядах іхніх імчыць Карніла, але, пабойваючыся любчанскага кашталяна, блыталі сляды, ідучы непрамою дарогай.

Адну ноч, замятаючы сляды, яны ішлі прэч ад Наваградка, на поўнач, начавалі ў пушчы, а потым рушылі кружным шляхам, кіруючыся на Ўсялюб. Апоўдні наступнага дня наблізіліся яны да сяла Хадасы.

Магдаліна ішла з Хрыстом, быццам баючыся, што вось цяпер ён можа ўзяць і знікнуць. А ён, апусціўшы галаву, думаў пра сваё, не заўважаючы нічога вакол… Усё ж гэта былі чуткі. Зноў чуткі. Толькі чуткі. А мінулі тыдні, і лета ўвайшло ў панаванне сваё. І невядома, ці сапраўды Анею схавалі, ці яна сама кінула яго.

І трывога разрывала ягонае сэрца. І нічога ён не заўважаў. А заўважаць было што. Вёска нібы вымерла. На прыгуменні ля першай хаты дзікага выгляду чалавек трыбушыў карову з уздзьмутым жыватом, выбіраў нейкія кавалкі, і мухі віліся над ім хмараю.

На хатах нідзе не было стрэх.

Яны ішлі праз чорнае ад гора сяло. Хрыстос глядзеў у зямлю. Апосталы балбаталі пра нешта сваё. А ззаду ўсіх цягнуўся цыбаты і, аднак, невялікі ростам недалужны Іуда з грашовай скрынкаю цераз плячо.

Змрочныя вочы на худым і цёмным твары варочаліся туды і сюды.

Іудзей аніяк не мог уцяміць, у пекле ён ці на зямлі, пакуль не зразумеў:

— Голад!

Голад. Чорная гразь на дарозе. Чорныя хаты. Чорныя сады.

І ля кожнай хаты сядзелі дзеці, падобныя на старых. Безнадзейна праводзілі вачыма прахожых апосталаў.

Не прасілі. Толькі глядзелі.

І ўспомніў ён усіх кінутых і галодных, і абурыўся ў сэрцы сваім.

І, праходзячы паўз кожную чарговую хату, рабіў ён непрыкметны жэст рукою. Колькі дзяцей — столькі і жэстаў.

Дзеці непаразумела глядзелі ў кулачкі на маленькія жоўтыя сонцы. І ўсё ніжэй і ніжэй, у бяссіллі сваім, апускаў галаву Раввуні.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: