Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І ўсё ж ён быў не такі, як тыя, з кім зводзіў яе лёс дагэтуль. Яна адчувала нават міжвольную зацікаўленасць да яго. Цень павагі, калі яна здатная была да павагі.

РАЗДЗЕЛ ХІХ ІНДУЛЬГЕНЦЫІ

Кажуць, аднаму чалавеку напляваць было на веру і пекла, а патрэбная яму была бяскарнасць. І гэты адзін купіў індульгенцыю і тут жа даў патаўпешкай па галаве суседу.

«Кроніка Белай Русі»

Пасля гэтага пайшоў Хрыстос са сваімі апосталамі ў бок Любчы. Ногі іхнія былі ў пыле шматлікіх дарог, і не маглі яны ўжо ісці далей і вырашылі спыніцца на ноч тут.

Паўсюль пытаў ён аб жанчыне, якую шукаў, і нідзе ані слова не пачуў пра яе, і ў адчаі ўсё больш злаваўся на подласць роду людскога. Але злосць — кепскі дарадчык. Часам яна можа штурхануць высакароднага ў тое балота, у якім сядзіць яго подлы вораг.

Ён ішоў, апусціўшы вочы, бо не хацеў бачыць твараў людскіх. На ўсіх тварах, здавалася яму, ляжаў водсвет блізкага пекла. Рылы, пысы, брудныя храпы, а не твары. І ўвесь час хацелася яму зрабіць з кімсьці нейкае злоснае свавольства.

І, наблізіўшыся да Любчанскага замка, узвёў ён вочы і ўбачыў вялізны натоўп народу, і зразумеў, чаго яны тут, і зразумеў, што тут ён, нарэшце, здолее на сім-тым адвесці душу.

Сярод натоўпу стаяла вялізная ятка, крытая белым ядвабам. За ёю, у нішы мура, стаялі дзве скрыні, поўныя срэбрам, і столік з вялізнаю стопкаю пергаменту. Пергаменты з пячацямі віселі і на ятцы. А пад навесам стаяў непамерны ў азадку і пузе дамініканец, які нагадваў з гэтай прычыны лютню або мандаліну на кароткіх тоўстых ножках. З ім былі два служкі.

Нават па адных нахабных паводзінах гэтага чалавека, па развязных словах ягоных Юрась здагадаўся, хто перад ім. Але дзеля вернасці ўсё ж перапытаў:

— Брат Волесь Гіменіус?

— Але, — малітоўна адказаў той. — Прападобны брат Волесь Гіменіус, вялікі Ачышчальнік.

І тады яны сталі слухаць Ачышчальніка. На шчасце, яны не вельмі спазніліся. Той не паспеў яшчэ нават пачырванець.

— Вось што тут напісана, — торкаў ён тоўстым пальцам у пергаментны скрутак, пад якім, як крывавы плявок, вісела і гайдалася пячатка мудрага і вялікага Айца. — Напісана самім вялікім львом нашай думкі. «Хай даруе вам той, што прыняў смерць на крыжы за грахі вашы». Я! — І тут ён шырока распахнуў брудную таўсташчокую пашчу. — Я, сам Валенты Гіменіус, уладаю Хрыста, блажэнных святых апосталаў Петры і Паўлы вызваляю вас ад усіх царкоўных парушэнняў, грахоў, праступкаў, празмернасцей, як былых, гэтак і будучых, якія б яны ні былі вялікія… Купіце індульгенцыю, і паступіце вы ў шэрагі ваяўнічай царквы, якая ўсе будучыя грахі вашы адпусціць. І прылічаныя вы будзеце да святых подзвігаў ваяўнічай царквы нашай, хаця б ані храна не рабілі! Будзеце ўслаўленыя ёю і разам з ёю будзеце некалі, пахаваўшы ворагаў яе, панаваць над зямлёю.

Людзі маўчалі. Частка, відаць, верыла, частка баялася сказаць слова супраць. Але нехта непадалёку ад Хрыста няголасна сказаў:

— Добрае будзе панаванне. Панаванне соваў. Над падлаю і руінамі.

І тады Братчык зразумеў, што цалкам, магчыма, люд не возьме нічыйго боку. Злосць усё яшчэ кіпела ў ім. І на гэтае быдла, і на гэтага мазурыка, які не плаціў, як яны, жахам за кожнае круцельства. І ён зразумеў, што задыхнецца ад гэтай злосці, калі не абсмяе гэтую чараду або не раскладзе гэтага манаха і не ўсыпле яму ў тоўстую задніцу.

— Купіце індульгенцыю, насіце яе ў каліце заўсёды з сабою і заўжды будзеце мець рацыю перад ерэтыкамі і розным хамлом, якое не купіла яе. Бо тут напісана: «Я далучаю вас да святых таямніц, да чысціні нявіннасці, роўнай чысціні хрышчонага нованароджанага; і хай будзе пекла зачынена для вас, і хай мецьмеце рай на зямлі, а брама будучай раскошы таксама адчыніцца для вас пасля смерці. Аман!»

Ён крэкнуў і змяніў тон, перайшоў, так бы мовіць, да размовы «па шчырасці».

— А вы, ёлупні, думаеце, што трэба быць светлым і заўсёды бездакорным, каб прапаведваць святую ідэю? Глупства. Мы — людзі, і царства Божае таксама робіцца рукамі людзей. Наш вялікі Айцец зразумеў гэта. Карыстайцеся!

Некаторыя зазвінелі грашыма. Але яшчэ раней за іх да манаха падышоў чалавек у чорным з золатам плашчы (залаты меч прыўздымаў край плашча), у багатай чузе і кабцях чорнага з золатам саф'яну. Шырокі грубы твар з нядобрымі вачыма быў насцярожаны, нібы заўсёды чакаў удару з-за павароткі.

— Ваявода наваградскі, — сказаў нехта. — Мартэл Хрыбтовіч.

За ваяводамі ішоў юнак, амаль дзіця, вельмі падобны на яго, але з чыстым і наіўным яшчэ тварам і празрыстымі ад цікаўнасці да свету вачыма. — Сын, — сказаў той самы каментатар, — Ратма па імю. Або Радша. Ратмір.

— Маладзенькі яшчэ, — сказаў нехта.

— Чаго? Дзеўкамі цікавіцца пачаў. Ды нядоўга яму цікавіцца. Мартэл, дарма што сам багаты, як сатана, прасватаў за яго Ганорыю з Валевічаў.

— Чаго-о? Ды гэта ж чорт ведае што? Агульная… — і чалавек адпусціў нечытэльнае слова. — Яна ж яго, калі не заб'е, за адну ноч такому навучыць, што… А Божа, хлопчыка як шкада! Або надарвецца з такою, або…

— Або хутчэй будзе падобны, як сто аленяў. Ды Мартэлу што? Палічыў за магчымае прадаць сына. У яго, брат, вельмі павярхоўнае ўяўленне, што такое мараль. А ў той — багацейшыя землі ў пасагу. І вось… жаніх багатай самадайкі… Золата мала.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: