Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Магдаліна прыслухоўвалася да размовы чуйна, як каза ў начным лесе. Хлопчык стаяў ля бацькі і зычліва глядзеў на яго, на індульгенцыі, на манаха і натоўп. Сустрэўся з Магдалінай вачыма, і раптам вусны здрыгануліся, рот прыадкрыўся. Тая смірэнна апусціла павекі.

— Дай мне вось што, — змрочна казаў ваявода. — Вось той водпуск на нявіннасць і чысціню да канца майго… ну, на сто год… На жонку, святую дурніцу, нічога не давай — ну, можа, дробязь. Малака там у пост выпіла па слабасці…

— Будзе зроблена, — мітусіўся Волесь. — Чаго яшчэ?

— Поўны водпуск на гэтага. Яму-та столькі, анёлку, не пражыць… бабы заездзяць… Але давай і яму на сто год… Гэта верна?

— Як удар нажом у спіну.

— Ну… на ўсякі выпадак давай яшчэ нам вечнае вызваленне ад чыстца, а жонцы на сорак восем тысяч год. Ёй усё адно гарэць больш года, а ёй гэта нават карысна за тое, што часам са мною спрачалася. Пакараю трохі, паднясу ёй апошні мой загад.

— Яшчэ чаго? — мніх быў у захапленні.

— Давай яшчэ «асабістую» мне.

— Разумею вас-с. Каб дзесяцём асобам, па вашым выбары, дзевяноста дзевяць раз на год маглі грахі адпусціць.

— Во-о! Гэта — якраз.

— Загарнуць? — спытаў Волесь. — У новую малітву за ўбіенных?

— Давай, загортвай, — адсопся ваявода. — За тыя ж грошы.

І кінуў на ятку цяжкую каліту.

Хлопчык чакаў, куды ён пойдзе. На шчасце, Мартэл рушыў у той бок, дзе стаялі апосталы. Цяжка ішоў, прыціскаючы да грудзей скрутак. Стаў непадалёку ад іх, запіхваючы яго ў сумку, што вісела цераз плячо. Юрась звярыным сваім слыхам пачуў мармытанне:

— Ну, чакай цяпер, кашталян… Кляшчамі ўсё мяса спушчу… Вазьміце мяне цяпер голымі рукамі.

Пасля ён загаварыў са служкамі. Радша стаяў і глядзеў на Магдаліну, якая ўсё яшчэ не падымала вачэй. Убачыў ля яе ног хусцінку, схіліўся, спытаў, пачырванеўшы:

— Ваша?

— Дзякуй, — шэптам сказала яна.

Робячы тое, што ёй было загадана, яна не бачыла прычыны, чаму б ёй не склеіць і нейкай сваёй справы, асабліва калі чалавек сам ляціць на агонь. Багаты чалавек. Акрамя таго, ёй было трохі шкада хлопца, якога чакала цяжкая чаша. Ён быў вельмі прывабны і ляцеў сам.

— Коней прывядзі, — сказаў служку ваявода.

І гэта прымусіла Ратму паспяшацца. Ён быў наіўны, і гэта нараджала ў ім шчырасць, у чымсьці падобную да ваяўнічасці, смеласці.

— Мы едзем. Мой бацька — ваявода наваградскі. Як шкада, што я ніколі ўжо не змагу ўбачыць вас.

— Я іду з гэтымі людзьмі. Унь наш паважаты. Ён святы чалавек.

— Я так і заўважыў, што вы свята верыце, — спяшаўся ён. — У вас твар, поўны чысціні. Куды вы ідзяце?

— Не ведаю. Вядзе ён. Можа, адсюль пойдзем на ўсход. Можа, на поўдзень. А можа, рушым у Мір.

— У Мір?! Гэты шлях ідзе праз Наваградак. Які я быў бы шчаслівы, каб вы, калі пойдзеце праз мой горад, далі мне ведаць. Я разумею, гэта знянацку… Я не маю… Ах, што там… Але верце, мне вельмі хочацца яшчэ раз убачыць вас.

— Вы верыце?

— Верую ў Айца…

— Даволі, — сціпла сказала яна. — Дзе вера — там ідзі спакойна. Я добра бачу, вам можна давяраць. Вы — рыцар.

— Як добра вы гэта сказалі, — пачырванеў ён. — Гэта праўда. І… не злуйцеся на мяне, вы таксама, як святая. Я адразу заўважыў вас у натоўпе — вы іншая. — Ён апусціў вочы. — Разумееце, хацелі мяне ажаніць. Цяпер я, нібы смерці, не хачу гэтага. Ведаеце, яна зусім не такая. У яе прысутнасці мне нячыста і нібы пагрозна. Якая вы іншая! Божа!

— Радша! — паклікаў ваявода.

— Я малю вас верыць мне. Малю, як пойдзеце праз Наваградак, даць мне звестку. Вось пярсцёнак, ён адчыніць вам дзверы.

«Бедны, — падумала яна. — Адну мяняе на другую, бо верыць святлу на яе твары», — і яна ўзяла пярсцёнак, нясмела, дрыжачымі пальцамі.

Ён усё яшчэ трымаў яе хусцінку.

— Вазьміце яе сабе, — шэптам сказала яна.

Яна ўбачыла шалёную радасць на яго твары. Што ж, гэта, магчыма, будзе ёй зачэпка. Давядзецца ж, рана ці позна, выдаць свайго «святога».

Коні аддаляліся, а яна ўсё бачыла над натоўпам яго прасветлены ад неймавернага шчасця твар.

…Юрась не заўважыў гэтага. Ён глядзеў на манаха, які крычаў, гарлаў, лаяўся, нібы гандляваў салонай рыбай. Братчыка раздражняў гэты нахабны балаган.

Ён шмат чуў аб гэтым чалавеку. Адзін з самых удачлівых гандляроў дараваннем, ён прыносіў прастолу столькі грошай, колькі не прыносіла сотня другіх махляроў, а сабе ў вацок клаў не менш. Яму і далі гэтае месца як знак асаблівай прыхільнасці папы Льва. Сябравалі ў юнацтве. І агульныя круцельствы чынілі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: