Шрифт:
Янук уважна разгледзiў гладкi пас, што бег праз камiсарава плячо й спалучаўся з шырокай дзягай, якая ахапляла тучны жывот. Прыгожым золатам зьзяла ў спражцы вялiкая пяцiкутная зорка.
Цяжка было канцэнтравацца на сэньсе камiсаравай гаворкi. Рэха назойлiва прыносiла палкае дзяўчынiна шаптаньне: "пытаюся, цi любiш мяне, дурненькi... калi люнбiш, то пацалуй". Яшчэ не астылi ад гарачага цалунку вусны; здавалася, што зь вялiкага сораму пачырванелi кончыкi вушэй. Высака заголеная за каленi сукенка, белыя зубы жвуць-забаўляюцца мяккiмi валосамi, духмянасьць канюшыны й пажадальныя аганькi ў вачох дурманяць галаву.
Пэўне-ж, усе пра гэта ўжо ведаюць. Як-бы гэтта з сораму не згарэць. Вунь празь дзьверы пхнуцца назад сакатухi-рагатухi, а мiж iмi Дуня. Янук крадком зiрнуў на яе. Апанаваная, шэльма, як быццам нiчога й ня было. Адно сяброўкi з зухавата-насьмешлiвымi тварамi на яго пазiраюць. Сорамна, уцячы некуды трэба было-б. Але цiкавасьць да бальшавiковай гамонкi верх бярэ. Бахмач намагаецца слухаць, сэнс лавiць.
– I нi было ў нас, дый i нi магло быць нiякiх сумнiваў аб тым, як жылi й цярпелi закабаленыя масы працоўных Заходняй Беларусi, - гаварыў бальшавiк.
– Гэта-ж будзьце ласкавы самi разабрацца: наша савецкая краiна пабудавана рукамi рабочых i сялян, наша доблесная рабоча-сялянская Чырвоная Армiя - як i сам назоў гаворыць - сфармiравана з рабочых i сялян. Мы лiквiдзiравалi эксплуатацыю чалавека чалавекам, заводы належаць рабочым, а ўся зямля - хлебаробам. Дый наша слаўная камунiсьцiчаская партыя складаецца з рабочых, сялян i працоўнай iнцiлiгенцыi. Ды вазьмiце нашага правадыра, мудрага айца ўсiх народаў, вялiчайшага i мудрэйшага з мудрых, таварышча Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна. Ён-жа...
Ускочыў з лавы, ляпаць далонямi пачаў Косьцiк Сабакевiч. Заядла плёскалi, паўставаўшы, бальшавiкi. На такое нешта нячутае-нябачанае ў вёсцы, ня ведалi як рэагаваць сяляне. Некалькi вялых усплёскаў пачулася ў грамадзе, адно Сымон Пятух так пярыў рукамi, што выпала з рудых зубоў i рассыпалася дымячымi карашкамi на падлозе ягоная "казiная ножка". Зусiм спакойна сядзеў, адно галаву вышэй падняў, прыглядаючыся чужынцам, лiтоўскi патрыярх дзед Якуб. Калi ацiхла, камiсар прадаўжаў:
– Таварышч Сталiн сам з батракоў. Гэта ня хто другi, а ён сам, самы верны саратнiк вялiкага Ленiна, ваплацiў лепшыя iдэi нашай слаўнай камунiсьцiчаскай парцii i правёў гэтыя iдэi ў жыцьцё. Гэта дзякуючы нi каму другому, а толькi яму, вялiкаму i мудраму таварышчу Сталiну, вы сёньня карыстаецеся сонцам вялiкай свабоды. Гэта дзякуючы яму зьдзейсьнiлiся вашы адвечныя мары. I цi-ж магу я навет словамi пераказаць цяжкiя цярпеньнi гэтага вялiкшага ў мiры правадыра, калi ён толька падумае аб тым, што мiлiярды працоўных на сьвеце яшчэ, на вялiкi жаль, не карыстаюцца сонцам свабоды, што iх эксплуацiруюць i што яны прагнуць вызваленьня ад капiталiстычнага iга? Гэты чалавек, гэты генiяльны бацька ўсiх народаў, ён ёсьць лепшы зь лепшых. Вялiкае мусiць мець ён сэрца, калi ў iм маюць месца цярпеньнi ўсiх заняволеных на сьвеце, ды многа й цяжка мусiць ён працаваць, каб мары iншых збылiся, так як вашы...
Здавалася, што нехта падняў гаць i хлынуў акiян мiлагучных, аздобленых прывабнымi адценямi пахвальных эпiтэтаў. Усё гэта пра таго з тупым, ледзяным зрокам, ад якога холадам нясло, што абыякава паказелiў на залю пазбаўленыя жыцьця вочы. Камiсар пыхцеў, мяняўся ў твары, пялiўся, як жаба на корч, каб перадаць усе вялiчынi характару, дабрату сэрца й цярпеньнi крамлёўскага гiганта. У гэных хваласьпевах ягоных, насычаных шчырасьцю й пераканальнасьцю, была такая моц эмацыянальнае сугэстыi, што магла-б зьбянтэжыць найбольш зацьвярдзелага скептыка. Грамада слухала, быццам заварожаная. На камiсаравым лбе выступiў пот. Сам ён так рашчулiўся тым, што апавядаў, што ў вачох ягоных сьлёзы паказалiся. Ад няспыннага мора слоў цi не перасох голас. Афiцэр колькi разоў спыняўся, горла прачысьцiць намагаўся. Ён нагнуўся й нешта Косьцiку сказаў. Той паклiкаў да сябе нехлямяжага Пятуха, якому перадаў, што камiсар вады хоча. Заля ажыла. Ягодка-Аўдоля спанатрыла важнасьць Пятуховага заданьня й адразу перадал гэта Аксенi, каторая шмыгнула зь Пятухом у сенцы. Ля парогу расступiлiся й за хвiлiну зь сяней паказалася Аксеня са шклянкай вады, а за ёй чыкiльгаў Сымон Пятух.
Камiсар выпiў ваду за тры глыткi, сядзеў i выцiраў насаткай пот з твару, дый зноў нешта паўголасам сказаў Сабакевiчу. Ромкаў гаспадар устаў.
– Таварышчы, мы сiчас праслухалi очынь iнцярэсную рэч таварышча Маршалкава i благадарым яму за гэта. Мы цяперака знаiм пра нашага вялiкага важдзя таварышча Сталiна i яго заботы аб нас. I мы далжны, па маяму мненiю, паслаць благадарсьцвiнная пiсьмо савецкаму правiцельству за наша асвабаждзеньня й паслаць тожа благадарсьцвiнная пiсьмо лiчна таварышчу Iёсiпу Вiсарыенавiчу Сталiну...
Гэтым разам воплескi пачалiся ад Пятуха. Скваплiва падтрыманыя бальшавiкамi, яны завялi й рассыпалiся мiж сялян. Пасьля камiсаравай гутаркi, хто мог пярэчыць Косьцiкавай прапанове? Сабакевiч прачытаў зьмест лiста чырвонаму дыктатару, якi зноў-жа рэдкiмi вялымi воплескамi быў "энтузiястычна" прыняты.
Хоць гэным часам вялiкая задуха поўнiла залю, нiхто не манiўся на двор iсьцi. Цi нi чакалi самага найцiкавейшага. I чакаць доўга не давялося. Косьцiк папрасiў спынiць на залi гамонкi.
– Цяпер таварышч Маршалкаў будзiць гатоў атвецiць, есьлi ў каго ёсьць якiя вапросы.
Адразу паднялася Вульляна.
– Я-бы от хацела ведаць калi гэта мае сыны-галубкi з вайны вернуцца. Вайна-ж ужо мусiць скончылася й вы, паночак, можа скажаце...
Вульляна кутом хусьцiнкi выцiрала сьлёзы, што ў вочы наплылi. Слова "паночак" выклiкала сьмех.
– Гэта-ж даруйце, таварыш камiсар, цi як вас зваць... Гэта язык мой так па прывычцы...
– Нiчога, гражданка, нiчога, - усьмiхнуўся афiцэр.
– Дык як гэта, цi маглi-б вы сказаць?
– насядала Вульляна.
– Вашых сыноў белапалякi змабiлiзавалi?
– Ага. Дый ня толька маiх, алi ўсiх зь вёскi.
У голасе жанчыны адчувалася трывога ня толькi за сваiх, але за ўсю вёску. Камiсар не сьпяшаўся. Ён паволi агледзiў прысутных. У шматлiкiх вачох прачытаў вялiкую цiкавасьць.
– Як вам ведама, сыноў вашых, братоў, мужоў i бацькоў забралi польскiя памешчыкi, асаднiкi й розная буржуазiя, каб яны пралiвалi за iх сваю кроў, каб ваявалi за iнтарэсы чужыя для сялян i рабочых, каб мець пушачнае мяса для вайны, якую яны самi-ж, значыцца белапольская буржуазiя, распачалi. Яны, канешне, груба памылiлiся й вайну прайгралi. Як пэўне вам таксама ведама, Савецкi Саюз мае дагавор дружбы зь Вялiкай Германiяй. З гэтага выходзiць, што Савецкi Саюз i лiчна Iосiф Вiсарыёнавiч Сталiн ня толькi пастараюцца вярнуць дамоў вашых змабiлiзаваных землякоў у найкарацейшы срок, але й тое, што наш саюзьнiк - Вялiкая Германiя - пойдзе нам на руку. Гэта адносiцца тых з вашых, каторыя папалiся ў плен да германцаў. Калi-ж iдзе пра тых, што злажылi аружжа нашай Чырвонай Армii, тут дзела выглядае яшчэ лепш. Iх распусьцяць дамоў неадкладна. I ў адным, i ў другiм выпадку - магу вас запэўнiць - сам таварышч Сталiн паклапоцiцца, каб землякi вашы скора дамоў вярнулiся.