Шрифт:
– Засыпаюць казённае, ну а ты чакай. Алi што-ж маюць рабiць, людцы добрыя?
– апавядаў Сявенька крыўдна-дрыжачым голасам.
– От i чакаюць, на вазох сьпяць, каб наперад хто нi пiралез. Я табе, Пракопка, кажу, каб я з гэтага месца нi зышоў, такога яшчо ня вiдзiў. Жыда ўжо мусiць пагналi, а на яго месца нейкага савецкага басяка паставiлi, паруску гаворыць. Чорт яго басячыну бацьку знаiць адкуль ён. Гарэлкай залiўшыся, iдзець дык ад яго на сажнi тры як ад броварнай сьмярдзючай бочкi нясець. От ты да яго й падступiся. Гэта каб знаў, як каторыя другiя пранюхалi, дык самагонкi лiтроўку купiў i з сабой узяў-бы. Каторыя так робяць, дык iм першая рука. А рэшта - стаi ў непагадзi, зябнi да касьцей, галодна... што яму, басяку... Некаторыя, што гарэлкi нi прывязьлi, спрабавалi нейкага права даходзiць, ведаеш. Дык як ашчэрыўся, п'янюга! Я вам iцi вашу маць, кажа, кулакi, буржуi й падкулачнiкi, сiчас зламлю вашы буржуйскiя рогi! Вон атсюдава! Госпадзi мой, ня вiдзiць лепей такога! Бокам мне гэтыя мяхi зь зярном вылiзьлi, каб яму прагавiтае на гарэлку горла, нячысьцiку, залажыла. Думаю сабе: сядзеў-бы я лепi дома, круцiў-бы памалу жорны й окэй, здаравейшы быў-бы. Млiва мне гэта бокам вылiзiць. Жарцiкi, так празяб i прагаладаўся. Хоць ты сядзь ды плач, дажылiся, называецца... Сваё, казаў той, цяжкiм потам запрацаванае, спажыць ня маеш як. I даходзь ты дзе якога права...
У змрочнай варыўнi спацелы да паясьнiцы Пракоп, няспынна налягаючы на жорны, зноў i зноў сустракаў назойлiвы вобраз пакрыўджанага Сявенькi. У старога Амэрыканца сьлёзы на вочы пры апавяданьнi набеглi. Жах Пракопа браў. Гэтта да папярэдняй няшчымнiцы, што вечна ў хаце падчас польскае акупацыi панавала, далучылася зусiм нешта новае, чаго яшчэ зусiм дакладна вызначыць ня мог. Да ўлады дабралася свая, дый, згодна апошнiх вестак, савецкая басота. "I даходзь ты якога права... свайго, цяжкiм потам запрацаванага, спажыць няма як", - гучэлi пагрозьлiва Сявенькавы словы. Што гэта такое творыцца? Зьверху адны абяцанкi, рай, маўляў той Маршалкаў, на зямлi настане. Каб вам гэтыя абяцанкi бокам...
Пры жорнах днямi й тыднямi трэба будзе папацецьць. Нiкога не падпражэш. Дзецi вунь думалi, што лёганька гэта. Узяўся Янук. Якi-ж зь работнiк, адкуль у яго сiла тая. Ды яшчэ па Тапсiку прыйсьцi да раўнавагi ня можа. Круцiў, круцiў, задыхаўся, зьнямогся. Мiколава здароўе слабое. Яму хатняй гаспадаркi хапае. Дык вось напiрай сам. Калi-б на тым пастарунку за Паўлюковага басяка сярэдзiны нi адбiлi, што яму такiя жорны змагчы... круцiў-бы, пасьвiстываючы.
Гэтак заварожаны горкiмi думкамi пра мiзэрны быт, роўна трымаў Пракоп тэмпа. Жорнава камень гудзеў раўнамерна й грыз ня толькi падсушаны ў печы авёс, але й горкiмi прадчуваньнямi цёмнага й няведамага цёр, быццам тое зярно, макулiнкi нейкiх Пракопавых спадзяваньняў на лепшае.
Зьнекуль шырака хлынула сьвежае паветра й зусiм прылягло й плоскiм зрабiлася, ледзь-ледзь не пагасла на маленькiм кнаце каганца млявае полымя. Пракоп левай рукой згроб назад спацелыя раськiданыя валосы, падняў вочы й спасьцярог у шырака рашчыненых дзьвярох тых двух, пра каторых цэлы час дрэннае згадваў. Спынiлася й моцна сьцiснула ручку жорнаў Пракопава рука. Ад нечаканасьцi такой непажаданай сустрэчы паленам зацьвярдзеў у роце язык.
Тыя доўга стаялi моўчкi. Нейкая нявыразная ўсьмешка блудзiла на Косьцiкавым твары.
– Iш ты яго, як расхадзiўся!
– кiнуў Сабакевiч пераз плячо да Лявона.
Ззаду за камунiстамi спасьцярог Пракоп яснавалосую Янукову чупрыну. I згадаў, што добрыя людзi, чалавека пры працы сустрэўшы, "Божа памажы" казалi. Гэты-ж Ромкаў гаспадар кiнуў тыя iранiчныя словы зь яхiднай усьмешкай на вуснах. I ўсьмешачка тая, таму што ледзь заўважная, скрытая, больш колкай здавалася.
– Так, расхадзiўся! Мельнiцу сваю на ўсю йванаўскую разагнаў!
– голасна падхапiў ззаду Шпунт.
– Здрасьця, таварыш Бахмач!
– наўмысна голасна гукнуў Косьцiк.
– Мелiш?
Пракоп падыйшоў да дзьвярэй i спынiўся пару крокаў ад парогу.
– Здароў Косьцiк, Лявон. Як маецеся?
– Чуеш?
– сказаў Косьцiк Лявону, - пытаецца як маемся...
– Ага, хочыць знаць як маемся, - малпаваў Косьцiка Лявон.
– Сiчас я табе ня Косьцiк, а Канстанцiн Паўлавiч Бурак! Панiмаеш?! адказаў зь няпрыхаванай пагрозай у голасе Сабакевiч.
Пракоп зьбянтэжыўся. Нядобрае прадчуваў. Цi не наважылiся, паўзуны, зь яго пазьдзекавацца?
– Што вам трэба?
– спытаў суха.
– Чуiш, таварыш Шпунт? Таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба, яхiдная ўхмылка скрывiла Косьцiкаў твар.
– Чую, таварыш упылнамочаны, - згадзiўся Лявон, - таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба. Iзьвесна...
Пракоп спасьцярог, што дзяцюкi былi добра выпiўшы. Можа якраз гарэлка штурханула iх на такую кусьлiвую гутарку. Прыказка-ж кажа: што ў цьвярозага на розуме, тое ў п'янага на языку. Гэтта-ж важнай была ня так тэма гутаркi, гэтак як адносiны гэтых двух паўзуноў да яго. Разглядалi Пракопа, як нейкую жывёлiну ў заапарку.
– Мелiш, спрашываю?
– падняў Сабакевiч голас.
– Ну што-ж... сам вiдзiш, нi хаваюся...
– А хто табе разрашыў малоць?
– дзёрзка спытаў Косьцiк.
– Як гэта?
– зь няўцямнасьцю спытаў Пракоп.
– Гэта яшчо каго пытацца трэба?
– Ну а чаму-ж не? Ну а каб прышоў, прымерна, мяне спрасiў. Язык табе адсох-бы, цi што?
У Косьцiкавых вачох успыхнулi злосныя аганькi, якраз наводля тых, што загарэлiся былi тады, як зьлез з кладнi ў ягоным гумне ды з нажом на Пракопа кiнуўся. Адылi была iстотная розьнiца. Тады Пракоп сустрэў валацугу як гнеўны гаспадар, цяпер-жа басяк быў носьбiтам "народнае ўлады". Цi то ад скразьняку, цi ад страху ўзялi Пракопа дрыжыкi. Голы да пояса, спацелы, мясцамi пакрыты аўсянай мукой, ён зьбянтэжыўся й глядзеў на слуп сонечнага сьвятла, што празь дзiрку ў сьцяне дыяганалей перасякаў нутро гумна.