Вход/Регистрация
Закрываўленае сонца
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

– Я, ага...

– Вы сьпiсок усiх зрабiлi, Канстанцiн Паўлавiч?
– зьвярнуўся камiсар да Косьцiка.

– Перадаў вам, - адказаў Косьцiк.

– Ну дык калi вы мне перадалi, дык я уж верна перадаў далей... Ну да...

Маршалкаў узiраўся ў Вульлянiны вочы, быццам хацеў сказаць: "Маеш адказ. Чаго яшчэ, баба, хочаш?".

– Ну й што? Дзе мае сыны?
– насядала жанчына. Яна выцiрала сьлёзы, пазiрала на людзей, што сьцяной абступiлi яе й двух начальнiкаў. Маршалкаў пачырванеў. Дзясяткi дапытлiвых вачэй i сьцiнутых вуснаў узлавалi яго.

– Слухай, баба, - пачаў камiсар голасам войстрым, як брытва, - цi-ж ты думаеш, што калi-б твае сыны й iншыя былi ў нас, дык мы ня пусьцiлi-б iх дамоў? Вiдаць, што яны ў плен папалiся. Так, верна ў пляну, калi нiякiх вестак няма...

– Ну а калi ў пляну, - голасна насядала на афiцэра Вульляна, - дык ты-ж казаў, што зь немцам вы нейкi там вялiкi саюз зрабiлi, дружбу маеце... гэта-ж вашыя словы... Нi так вы казалi? Ну а калi нiма нi слуху нi духу пра маiх сыноў-галубкоў, дык як тады пра другiх? Што гэта? З усей вёскi людзi пад зямлю правалiлiся, цi што? I яшчо-ж сам казаў, што лiчна сам таварыш Сталiн гэтым займiцца... Мусiць ты такi брахун, як i той поп дубовiцкi!

Буйныя сьлёзы накацiлiся на Вульлянiны вочы. Стрымаўшы дыханьне, народ маўчаў. На ейным плячы лягла рука. Удава адвярнуллася й сустрэла спагадлiвыя, лёгка-блакiтныя вочы лiтоўскага патрыярха.

– Ты, дачушка, нi насядай на гэтага, каб яго макарэц, камiсара. Можа ён i забыцца мог, можа i нi знаiць. Трэба пацярпець, нахрапам нiчога ня зробiш, памагчы нi паможаш, а шкоду можаш на галаву сваю...

Вульляна, цяпер голасна расолакаўшыся, прытулiлася да дзеда. Гладзячы яе па валосах, як дзiця, Якуб улажыў у рот люльку.

Якраз калi дзедава ласкавая й дрыготкая рука суцяшала жанчыну, на дварэ "выбарчага ўчастку" зьявiўся Янук Бахмач. Басаногi, ў зрэбных портках, сiняй кужэльнай кашулi, ён спынiўся й прыглядаўся.

Даўно карцiла Януку пабегчы на тыя выбары, але трэба было карову падаiць, памагчы Мiколу гаспадарку ўпарадкаваць. Пасьля гэнай памятнай Косьцiкавай i Лявонавай вiзыты, зноў пачаў занемагаць бацька. Цi не праняў яго тады скразьняк у варыўнi. Змарнеў, асунуўся, але хваробе не здаваўся i ўсё прадаўжаў з жорнамi ходацца. Пасьля гадзiны-другой пры камянi пачынаў крактаць i зьлягаў у пасьцелю.

– Ты во, Пракоп, у цёплым вылiжся, дык чорт зараз тую трасцу прагонiць, гаварыў, зьнiмаючы банькi, лекар Зянькевiч.
– А жорны нiкуды нi ўцякуць. Паляжы во, кажу, дык i немач скарэй выхадзiш.

Каб гэта ў лежню чалавеку было. Духовы ўдар падчас тэй вiзыты нанава зрушыў балючае, падсяканае некалi Палякамi карэньне. Першыя подыхi "народнай улады" ледзянiлi сялянскiя сэрцы. Пракоп наадрэз адмовiўся йсьцi галасаваць.

– Даволi ўжо й так зьдзекуюцца, басякi!
– злосна казаў швагру Алесю. I гэта-ж во яшчо хочуць каб чалавек, сабе на душу напэцкаўшы, галасаваць за iх iшоў. Палякi нашто ўжо чэрцi былi, а гэтыя дык iх цi нi пiраплюнулi. А трасца-ж вам у бакацiну.

Гэтыя бацькавы словы прыгадалiся на Пятуховым дварэ, калi ўслужлiвы доктараў Стась падбег да яго й расказаў як Вульляна спачатку распытвала Маршалкава, а пасьля напала на бальшавiка. Мiгам зразумеў малады Бахмач чаму дзед намагаўся Вульляну спатолiць. Сам хваравiты, ледзь-ледзь клыпае, здаецца, а колькi нявычэрпнай сiлы, вялiкага духовага гарту меў гэты сiвы, прыгорблены, аднаногi чашчавiк.

З патэфоннай кружэлкi гарлапан зноў "гэч тавагыша Сталiна" пачаў. Янук спынiўся ля прачыненых дзьвярэй хаты й мяркаваў куды яму йсьцi. У хаце спасьцярог Захарука й побач Дуню. Нейкая рука страсанула яго за плячо.

– Ну а ты, пацан, чаму бацьку ня прывёў? Дзе ян?

Лявон стаяў перад iм, як важны генэрал. Твар прамянiўся зухаватаю нахабнасьцю, выклiкаў, зьдзекваўся. Муынаватыя, нецьвярозыя вочы памалу поўзалi па малым Бахмачу.

– Iдзi сам яго спытайся. Пусьцi!
– тузануўся Янук.

Рука яшчэ мацней сьцiснула хлопцава плячо, а ацяжэлы Лявонаў язык пагражаў: - Ты, гэта такую тваю маць, чаго на дыбы становiсься, жабянё? Як спрашываю, дык атвiчай! Начальства з табой гаворыць, пацан ты!

– Бацька хворы, - адказаў Янук.ж

– Хворы? Эгэ... прытварыўся, сукiн сын!

– Калi ня верыш, дык сам iдзi паглядзi!

Лявон паклiкаў Косьцiка й клешчы звольнiлi Янукова плячо. Падыйшоў Стась.

– Чаго ён цябе?
– спытаў.

– Нi знаiш? Чэпiцца, шэльма, што бацька нi прышоў, а бацька - сам знаiш - усе плечы ад банек сiнiя...

Ня меў Янук ахвоты Стасю свае крыўды вылiваць. Пераступiў парог i апынуўся ля стала перад Дуняй.

– Памагаiш, Дуня?
– спытаў, крыху зьбянтэжаны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: