Шрифт:
За дваццаць гадоў працы ў тэатрах Варэнуха бачыў ўсякае, але тут ён адчуў, што розум яго быццам затуманьваецца, ён нiчога не мог нават прамовiць, акрамя звычайнага:
– Гэтага быць не можа!
Рымскi зрабiў iнакш. Ён устаў, адчынiў дзверы i раўнуў кур'ершы, якая сядзела на табурэтцы:
– Нiкога, акрамя паштальёна, не ўпускаць!
– i замкнуў кабiнет на ключ.
Потым ён дастаў з пiсьмовага стала стос паперы i пачаў старанна параўноўваць тлустыя, з нахiлам улева, лiтары на фотаграме з лiтарамi на Сцяпанавых рэзалюцыях i яго подпiсах з вiнтавою закаручкаю. Варэнуха ўзлёг на стол i горача дыхаў у шчаку Рымскаму.
– Гэта яго почырк, - нарэшце прамовiў фiндырэктар, а Варэнуха адазваўся рэхам:
– Яго.
Адмiнiстратар прыгледзеўся да твару Рымскага i здзiвiўся перамене, якая адбылася з iм. I так худы фiндырэктар быццам яшчэ больш пахудзеў i нават пастарэў, а яго вочы ў рагавой аправе страцiлi сваю звычайную калючасць, i з'явiлася ў iх быццам не толькi трывога, але i смутак.
Варэнуха зрабiў усё, што робiць чалавек у хвiлiны вялiкага здзiўлення. Ён i па кабiнеце прабег, i рукi двойчы ўскiдаў угору, нiбы распяты, i выпiў цэлую шклянку вады з жаўтаватага графiна, i ўсклiкваў:
– Не разумею! Не ра-зу-ме-ю!
Рымскi ўсё глядзеў у акно i пра нешта напружана думаў. Становiшча ў фiндырэктара было даволi цяжкае. Трэба тут жа, адразу прыдумаць звычайнае тлумачэнне незвычайным з'явам.
Фiндырэктар прыплюшчыўся i ўявiў Сцёпу ў начной сарочцы i без ботаў, як той улазiў недзе а палове дванаццатае ў нейкi невядомы звышхуткасны самалёт, а потым яго, Сцёпу, i таксама а палове дванаццатае, як ён стаяў у адных шкарпэтках на аэрадроме ў Ялце... чортведама што такое!
Можа, i не Сцёпа сёння гаварыў з iм па тэлефоне з уласнае кватэры? Не, гэта гаварыў Сцёпа! Каб ён ды не ведаў Сцёпаў голас! Ды калi б сёння i не Сцёпа гаварыў, то не пазней чым учора, пад вечар, Сцёпа са свайго кабiнета прыйшоў у гэты самы кабiнет з гэтым праклятым дагаворам i раззлаваў фiндырэктара сваёй легкадумнасцю. Як гэта ён мог паехаць цi некуды паляцець, нiчога не сказаўшы ў тэатры? Ды каб ён i паляцеў учора вечарам, то да сённяшняга не даляцеў бы. Цi даляцеў бы?
– Колькi кiламетраў да Ялты?
– спытаўся Рымскi.
Варэнуха перастаў бегаць i закрычаў:
– Думаў! Ужо думаў! Да Севастопаля чыгункаю амаль паўтары тысячы кiламетраў, ды да Ялты яшчэ дадаць восемдзесят кiламетраў. Паветрам, вядома, менш...
Гмы... Ага... Нi пра якiя цягнiкi не можа быць i гаворкi. Але што ж тады? Знiшчальнiк? Хто i на якi знiшчальнiк прапусцiць Сцёпу без ботаў? Навошта? Можа, ён зняў боты, як прыляцеў у Ялту? Але таксама: нашто? Ды нават i ў ботах яго ў знiшчальнiк не пусцяць! Ды i знiшчальнiк тут нi пры чым. Напiсана ж у пасланнi крымiнальнага вышуку, што з'явiўся туды а палове дванаццатай удзень, а гаварыў ён па тэлефоне ў Маскве... дазвольце... тут перад вачыма ў Рымскага паўстаў цыферблат гадзiннiка... Ён успомнiў, дзе былi стрэлкi. Жах! Гэта было ў дваццаць хвiлiн на дванаццатую гадзiну. Дык гэта ж што атрымлiваецца? Калi дапусцiць, што iмгненна пасля гаворкi Сцёпа кiнуўся на аэрадром i дапяў туды праз пяць, напрыклад, хвiлiн, што, дарэчы, таксама немагчыма, то атрымлiваецца, што самалёт, калi ён адразу ўзляцеў, за пяць хвiлiн адолеў больш за тысячу кiламетраў!! Значыць, за гадзiну ён можа праляцець болей чым дванаццаць тысяч кiламетраў! Такога не можа быць, а значыць, яго няма ў Ялце.
Што ж застаецца? Гiпноз? Нiякага гiпнозу, каб закiнуць чалавека болей чым за тысячу кiламетраў, няма на свеце! Значыць, яму толькi мроiцца, што ён у Ялце! Яму няхай сабе мроiцца, а ялцiнскаму крымiнальнаму вышуку таксама мроiцца?! Ну, не, прабачце, такога не бывае!.. Але ж тэлеграфуюць яны адтуль?
Фiндырэктараў твар быў проста страшны. За ручку ў дзвярах тым часам тузалi i круцiлi, i было чуваць, як кур'ерша за дзвярыма адчайна крычала:
– Нельга! Не пушчу! Хоць рэжце мяне! Паседжанне!
Рымскi, як толькi змог, авалодаў сабой, узяў тэлефонную слухаўку i сказаў у яе:
– Дайце звыштэрмiновую гаворку з Ялтай.
"Разумна!" - усклiкнуў у думках Варэнуха. Але размова з Ялтаю не адбылася. Рымскi паклаў слухаўку i сказаў:
– Як на злосць, сапсавалася лiнiя.
Прыкметна было, што няспраўнасць на лiнii яго асаблiва засмуцiла i нават прымусiла задумацца. Ён крыху падумаў, зноў падняў слухаўку адной рукой, а другой пачаў запiсваць тое, што гаварыў у слухаўку:
– Адпраўце звышмаланкаю. Вар'етэ. Ага. Ялта. Крымiнальны вышук. Ага. "Сёння каля паловы дванаццатае Лiхадзееў гаварыў мною па тэлефоне Маскве, кропка. Пасля гэтага на работу не з'явiўся i знайсцi яго па тэлефоне не можам, кропка. Почырк пацвярджаю, кропка. Меры па назiраннi за названым артыстам ажыццяўляю. Фiндырэктар Рымскi".
"Вельмi разумна!" - падумаў Варэнуха, але не ўспеў раздумацца як след, у галаве прамiльгнула слова: "Глупства! Не можа яго быць у Ялце!"