Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

Тут у кабiнеце неяк хутка пачало цямнець. Варэнуха выбег, замкнуў дзверы i праз бакавы выхад пакiраваў у летнi сад.

Адмiнiстратар быў узбуджаны i поўны энергii. Пасля нахабнага званка ён болей не сумняваўся, што хулiганская шайка вытварае брыдкiя штучкi i што штучкi гэтыя звязаны са знiкненнем Лiхадзеева. Жаданне вывесцi на чыстую ваду лiхадзеяў вяло адмiнiстратара, i, як нi дзiўна, у iм нарадзiлася прадчуванне чагосьцi прыемнага. Гэтак бывае, калi чалавек iмкнецца апынуцца ў цэнтры ўвагi, прынесцi куды-небудзь сенсацыйнае паведамленне.

У садзе вецер павеяў у твар адмiнiстратару i запарушыў яму вочы пяском, нiбы перасцерагаў, заступаў дарогу. Ляпнула на другiм паверсе рама гэтак, што ледзь не вылецела шкло, у вершалiнах лiп i клёнаў трывожна прашумела. Пацямнела i пасвяжэла. Адмiнiстратар працёр вочы i ўбачыў, што нiзка над Масквою паўзе жаўтапузая навальнiчная хмара. Удалечынi густа завуркатала.

Як нi спяшаўся Варэнуха, неадольнае жаданне прымусiла яго забегчы на хвiлiнку ў летнюю прыбiральню, каб на хаду праверыць, цi надзеў манцёр сетку на лямпачку.

Прабягаючы паўз цiр, Варэнуха трапiў у густы зараснiк бэзу, у якiм стаяла блакiтная будынiнка прыбiральнi. Манцёр аказаўся акуратным чалавекам, лямпачка пад дахам у мужчынскiм аддзяленнi ўжо была абцягнута металiчнай сеткай, але адно засмучала адмiнiстратара, што нават у пераднавальнiчным прыцемку было вiдаць, што сцены ўжо размаляваны вугалем i алоўкам.

– Ну што гэта за!..
– пачаў быў адмiнiстратар i раптам пачуў за сабой голас, якi мурлыкнуў:

– Гэта вы, Iван Савельевiч?

Варэнуха здрыгануўся, азiрнуўся i ўбачыў нейкага невялiчкага таўстуна, як здалося, з кашэчым тварам.

– Ну я, - непрыязна адказаў Варэнуха.

– Вельмi, вельмi прыемна, - пiсклявым голасам абазваўся котападобны таўстунок i раптам замахнуўся i ўлупiў Варэнуху ў вуха гэтак, што шапачка зляцела з галавы ў адмiнiстратара i знiкла ў адтулiне.

Ад таўстуновага ўдару ўся прыбiральня на iмгненне асвятлiлася дрыготкiм святлом, а з неба азваўся грамавы ўдар. Потым яшчэ раз блiснула, i перад адмiнiстратарам узнiк другi - маленькi, але з атлетычнымi плячыма, вогненна-рыжы, адно вока з бяльмом, рот з iклом. Гэты другi, мабыць, ляўша, упляжыў адмiнiстратару ў другое вуха. У адказ зноў грымнула ў небе, i на драўляны дах прыбiральнi абрынуўся лiвень.

– Што вы, тавары...
– прашаптаў ашалелы адмiнiстратар, змiкiцiў, што слова "таварышы" нiяк не падыходзiць да бандытаў, якiя напалi на чалавека ў грамадскiм туалеце, прахрыпеў: - Грамадзя...
– i спахапiўся, што i гэтае назвы яны не заслугоўваюць, i атрымаў трэцi страшэнны ўдар,ужо невядома ад каго з гэтых двух, гэтак, што з носа на талстоўку хлынула кроў.

– Што ў цябе ў партфелi, паразiт?
– пранiзлiва закрычаў падобны на ката. Тэлеграмы? А цябе папярэджвалi па тэлефоне, каб ты iх нiкуды не насiў? Папярэджвалi, я ў цябе пытаюся?

– Папярэдж... джвалi... джвалi...
– задыхаючыся, адказаў адмiнiстратар.

– А ты ўсё ж пабег? Давай сюды партфель, гад!
– тым самым гугнявым голасам, якi чуваць быў у тэлефоне, крыкнуў другi i вырваў партфель з дрыжачых рук у Варэнухi.

I абодва падхапiлi адмiнiстратара пад рукi, вывалаклi з саду i панеслiся з iм над Садовай. Навальнiца бушавала на ўсю сiлу, вада з грукатам i ровам ляцела ў каналiзацыйныя адтулiны, усюды пухiрылiся, уздымалiся хвалi, з дахаў перла i паўз трубы, з падваротнi цяклi пенiстыя рэкi. Усё жывое змылася з Садовае, i выратаваць Iвана Савельевiча не было каму. Падскокваючы ў каламутных рэках, асветленыя маланкамi бандыты ўмiг давалаклi напаўжывога адмiнiстратара да No 302-бiс, уляцелi разам з iм у падваротню, дзе да сцяны тулiлiся дзве босыя жанчыны, якiя свае туфлi i панчохi трымалi ў руках, затым кiнулiся ў шосты пад'езд, i амаль звар'яцелы Варэнуха быў узнесены на пяты паверх i кiнуты на падлогу ў добра знаёмым яму пярэднiм пакоi ў кватэры Сцёпы Лiхадзеева.

Тут абодва бандыты згiнулi, а замест iх з'явiлася ў прыхожым пакоi зусiм голая дзявуля - рыжая, з гарачымi фасфарычнымi вачыма.

Варэнуха зразумеў, што гэта i ёсць тое сама страшнае, што толькi можа здарыцца з iм, застагнаў, адступiўся да сцяны. А дзявуля падышла да адмiнiстратара i паклала далонi на яго плечы. Валасы на Варэнуху ўсталi дыба, таму што ён нават скрозь халодную вiльготную тканiну талстоўкi адчуў, што далонi гэтыя яшчэ халаднейшыя, што яны халодныя смяротным холадам.

– Ну, дай я цябе пацалую, - пяшчотна сказала дзявуля, i ля самых ягоных вачэй апынулiся яе зiхатлiвыя вочы.

I тады Варэнуха страцiў прытомнасць i пацалунка не адчуў.

Раздзел 11

IВАНАВА РАЗДВОЕНАСЦЬ

Бор на супрацьлеглым беразе рэчкi, яшчэ гадзiну таму асветлены травеньскiм сонцам, пацямнеў, размазаўся i растварыўся.

Вада суцэльнай сцяной стаяла за акном. У небе адзiн за адным успыхвалi пiсягi, неба трэскалася, пакой хворага залiвала дрыготкае страшнае святло.

Iван цiха плакаў, седзячы на ложку i гледзячы на каламутную рэчку, якая кiпела бурбалкамi. Пры кожным грамавым удары ён жаласлiва ўскрыкваў i закрываў твар рукамi. Спiсаныя Iванам папяровыя лiсткi валялiся на падлозе, iх здзьмула ветрам, якi ўварваўся ў пакой у самым пачатку навальнiцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: