Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

Iван чамусьцi не пакрыўдзiўся з-за "дурня", гэта яго нават прыемна ўразiла, усмiхнуўся спрасонку i зацiх. Сон падкрадваўся да Iвана, i ўжо прымроiлася яму i пальма на слановай назе, i кот прайшоў паблiзу - не страшны, а вясёлы, адным словам, вось-вось накрые сон Iвана, як раптам рашотка паехала ўбок без адзiнага гуку, i на балконе ўзнiкла таямнiчая постаць, якая хавалася ад месячнага святла, i пакiвала Iвану пальцам.

Iван зусiм не спалохаўся, прыўстаў на ложку i ўбачыў, што на балконе знаходзiцца мужчына. I гэты мужчына прытулiў палец да губ i прашаптаў:

– Цiха!

Раздзел 12

ЧОРНАЯ МАГIЯ I ЯЕ ВЫКРЫЦЦЁ

Маленькi чалавек у дзiравым жоўтым кацялку i з падобным на грушу чырвоным носам, у клятчастых штанах i лакiраваных чаравiках выехаў на сцэну Вар'етэ на звычайным двухколавым веласiпедзе. Пад гукi факстрота ён праехаў укруга, а потым раптоўна ўскрыкнуў, ад чаго веласiпед устаў на дыбкi. Чалавек, праехаўшы на адным коле, стаў угору нагамi, умудрыўся на хаду адкруцiць пярэдняе кола i пакацiць яго за кулiсы, а потым працягваў ехаць на адным коле i круцiў педалi рукамi.

На высокай металiчнай мачце з сядлом наверсе i на адным коле выехала поўная бландзiнка ў трыко i ў спаднiчцы, усеянай блiскучымi срэбнымi зорачкамi, i пачала ездзiць укруга. Сустракаючыся з ёю, чалавек прывiтальна ўскрыкваў i нагою здымаў з галавы кацялок.

Нарэшце выехаў малы гадоў васьмi са старэчым тварам, пачаў ныраць памiж дарослымi на маленькiм двухколавiку з вялiзным аўтамабiльным сiгналам.

Кампанiя закруцiла некалькi петляў, пад трывожны грукат барабана падляцела да самага краёчка сцэны, i гледачы на першых радах аж вухнулi i адхiснулiся, таму што публiцы здалося, што ўся тройка разам са сваiмi веласiпедамi рухне на аркестр.

Але веласiпедысты спынiлiся якраз у тое iмгненне, калi пярэднiя колы гатовы былi ўжо зляцець у пустату над галовамi ў музыкантаў. Веласiпедысты моцна крыкнулi "Ап!", саскочылi з машын i пачалi кланяцца, бландзiнка пасылала публiцы паветраныя пацалункi, а малы смешна сiгналiў сваiм аўтамабiльным гудком.

Воплескi скаланулi будынак, блакiтная заслона паплыла з абодвух бакоў i закрыла веласiпедыстаў, зялёныя агнi з надпiсам: "Выхад" над дзвярыма патухлi, а ў павуцiне трапецый пад самым купалам, як сонцы, запалiлiся белыя шары. Пачаўся антракт перад апошнiм аддзяленнем.

Адзiным чалавекам, якога нiяк не цiкавiлi дзiвосы веласiпеднай тэхнiкi сям'i Джулi, быў Рыгор Данiлавiч Рымскi. У абсалютнай адзiноце ён сядзеў у сваiм кабiнеце, кусаў тонкiя губы i па яго твары час ад часу прабягала сутарга. Да незвычайнага знiкнення Лiхадзеева дадалася зусiм неспадзяваная прапажа i адмiнiстратара Варэнухi.

Рымскi ведаў, куды ён пайшоў, але ён пайшоў i... не вярнуўся назад! Рымскi пацiскаў плячыма i шаптаў сам сабе:

– Але за што?!

I дзiва дзiўнае: такому дзелавому чалавеку, як фiндырэктар, прасцей за ўсё было патэлефанаваць туды, куды накiроўваў Варэнуху, i даведацца, што з iм здарылася, а мiж тым да дзесяцi гадзiн вечара ён не мог прымусiць сябе зрабiць гэта.

У дзесяць, лiчыце, згвалтаваўшы сябе, Рымскi зняў слухаўку i пераканаўся, што тэлефон яго мёртвы. Кур'ер далажыў, што i астатнiя апараты ў будынку сапсавалiся. Гэтае непрыемнае, але не звышнатуральнае здарэнне зусiм даканала дырэктара i адначасова ўзрадавала: адпала патрэба тэлефанаваць. У гэты час над галавой у дырэктара ўспыхнула i замiргала чырвоная лямпачка, паведамiла, што пачаўся антракт, увайшоў кур'ер i папярэдзiў, што прыехаў замежны артыст. Фiндырэктара чамусьцi аж скаланула ўсяго, ён пацямнеў з твару, як навальнiчная хмара, i накiраваўся за кулiсы сустракаць гастралёра, бо больш не было каму сустракаць.

У вялiкую прыборную з калiдора, дзе ўжо трашчалi сiгнальныя званкi, знаходзiлi прычыну зазiрнуць занадта цiкаўныя. Тут былi фокуснiкi ў яркiх халатах i ў чалме на галовах, канькабежцы ў белых вязаных куртках, бледны ад пудры расказчык i грымёр.

Знакамiтасць уразiла ўсiх сваiм неверагодна доўгiм фракам дзiўнага крою i тым, што з'явiлася ў чорнай паўмасцы. Але яшчэ дзiўнейшыя былi спадарожнiкi ў чорнага мага: доўгi клятчасты з пабiтым пенснэ i чорны тлусты кот, якi зайшоў у грымёрную на заднiх лапах, зусiм па-свойску сеў на канапу i прыплюшчыўся на аголеныя грымiравальныя лампiёны.

Рымскi пастараўся напусцiць на твар усмешку, але твар ад гэтага стаў кiслы i злосны, пакланiўся маўклiваму магу, якi сядзеў побач з катом на канапе. Поцiску рук не было. Затое бесцырымонны клятчасты сам назваўся, сказаў пра сябе "iхнi памочнiк". Гэта здзiвiла фiндырэктара, i зноў непрыемна: у кантракце нават i ўпамiнання не было нi пра якога памочнiка.

Даволi вымушана i суха Рыгор Данiлавiч папытаўся ў клятчастага, якi навязаўся яму на галаву, пра тое, дзе апаратура артыста.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: