Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

– Ну, добра, - адказаў госць i важка i раздзельна прамовiў: - Учора на Патрыярхавых сажалках вы сустрэлiся з сатаной.

Iван не расхваляваўся, як i абяцаў, але быў надзвычай уражаны.

– Не можа гэтага быць! Яго не iснуе.

– Злiтуйцеся! Каму-каму гэта гаварыць, а вам... Вы былi, мабыць, адзiн з першых, хто ад яго пацярпеў. Седзiце, як самi разумееце, у псiхiятрычнай бальнiцы, а ўсё даўнаеце, што яго няма. Сапраўды, дзiўна гэта!

Збiты з панталыку Iван замоўк.

– Як толькi вы пачалi яго апiсваць, - працягваў госць, - я ўжо пачаў здагадвацца, з кiм вы ўчора мелi гонар гаварыць. I я шчыра дзiўлюся з Берлiёза! Ну, вы чалавек неадукаваны, - тут госць зноў папрасiў прабачэння, але той, як я чуў пра яго, усё ж нешта чытаў! Першыя выказваннi гэтага прафесара развеялi ўсе мае сумненнi. Яго нельга не пазнаць, мой дарагi! Дарэчы, вы... вы мне выбачайце, але я не памыляюся, вы чалавек неадукаваны?

– Несумненна, - згадзiўся Iван.

– Ну вось... гэтая асоба, пра якую вы расказвалi... розныя вочы, бровы! Даруйце, магчыма, вы нават i оперы "Фаўст" не слухалi?

Iван чамусьцi страшэнна збянтэжыўся i пачырванеў, пачаў штосьцi мармытаць пра нейкую паездку ў санаторый у Ялту...

– Ну вось, няма нiчога дзiўнага! А Берлiёз мяне ўражвае. Ён чалавек не толькi начытаны, але нават i хiтры. Хаця, каб абаранiць яго, я магу сказаць, што, вядома, Воланд можа зацьмiць вочы i хiтрэйшаму чалавеку.

– Як?
– у сваю чаргу ўскрыкнуў Iван.

– Цiха!

Iван з размаху шлёпнуў сябе па лбе i зашыпеў:

– Разумею, разумею. У яго лiтара "В" была на вiзiтнай картцы. Ая-яй, вось дык штука!
– ён памаўчаў крыху ўсхвалявана, паглядзеў на месяц, якi плыў за рашоткаю, i загаварыў: - Дык ён, выходзiць, сапраўды мог быць у Понцiя Пiлата? Ён ужо тады нарадзiўся? А мяне вар'ятам называюць!
– дадаў Iван i абурана паказаў на дзверы.

Горкая маршчына абазначылася ля губ у госця.

– Будзем глядзець праўдзе ў вочы, - i госць павярнуў свой твар да лятучага скрозь воблака начнога свяцiла.
– I вы, i я - вар'яты, што прытварацца! Разумееце, ён вас узрушыў - i вы звiхнулiся, таму што ў вас, мабыць, для гэтага падыходзячая аснова. Але тое, пра што вы расказваеце, несумненна было на самай справе. Ды гэта такая незвычайнасць, што нават Стравiнскi, генiяльны псiхiятр, вам, вядома, не паверыў. Ён аглядаў вас? (Iван кiўнуў.) Ваш субяседнiк быў у Пiлата i на снеданнi ў Канта, а цяпер ён наведаў Маскву.

– Дык ён тут чортведама чаго наробiць! Як-небудзь яго трэба злавiць?
– не зусiм упэўнена, але ўсё ж падняў галаву ў новым Iване Iван ранейшы, яшчэ не да канца дабiты.

– Вы ўжо паспрабавалi, i хопiць з вас, - iранiчна адгукнуўся госць, iншым таксама спрабаваць не раю. А тое, што навытварае, у гэтым не сумнявайцеся. Ай, ай! Але як шкада, што спаткалiся з iм вы, а не я! Хоць усё i перагарэла i вуголле зашарэла попелам, але ўсё ж клянуся, што за гэтую сустрэчу я аддаў бы звязак ключоў. Я жабрак!

– Нашто ён вам?

Госць доўга сумаваў, перасмыкаўся ўсiм целам, але нарэшце загаварыў:

– Бачыце, даволi дзiўная гiсторыя, я сяджу тут з-за таго, што i вы, менавiта з-за Понцiя Пiлата, - тут госць спалохана азiрнуўся i сказаў: Справа ў тым, што год таму я напiсаў раман пра Понцiя Пiлата.

– Вы пiсьменнiк?
– зацiкаўлена спытаўся паэт.

Госць пацямнеў з твару, пагразiў Iвану кулаком, потым сказаў:

– Я майстар, - ён стаў суровым i дастаў з кiшэнi халата зусiм зашмальцаваную чорную шапачку з вышытай на ёй жоўтым шоўкам лiтарай "М". Ён надзеў гэтую шапачку, паказаўся Iвану i ў профiль, i ў фас, каб даказаць, што ён - майстар.
– Яна сваiмi рукамi пашыла яе мне, - таямнiча дадаў ён.

– А як ваша прозвiшча?

– У мяне болей няма прозвiшча, - з чорнаю пагардаю адказаў дзiўны госць, я адмовiўся ад яго, i наогул ад жыцця. Забудзем пра яго.

– Дык вы хаця пра раман скажыце, - далiкатна папрасiў Iван.

– Калi ласка. Мая гiсторыя сапраўды не зусiм звычайная, - пачаў госць.

...Гiсторык згодна адукацыi, ён яшчэ год назад працаваў у адным з маскоўскiх музеяў, акрамя таго, займаўся перакладамi.

– З якое мовы?
– зацiкаўлена спытаўся Iван.

– Я ведаю пяць моў, акрамя роднае, - адказаў госць, - ангельскую, французскую, нямецкую, лацiнскую i грэцкую. Ну, яшчэ крыху чытаю па-iтальянску.

– Бач ты!
– зайздросна шапнуў Iван.

Жыў гiсторык адзiнока, родных не меў нiдзе i знаёмых у Маскве таксама. I, уявiце сабе, аднойчы выйграў сто тысяч рублёў.

– Уявiце маё здзiўленне, - шаптаў госць у чорнай шапачцы, - калi я ўсунуў руку ў кош з бруднаю бялiзнаю i гляджу: на ёй той жа нумар, што ў газеце! Аблiгацыю, - растлумачыў ён, - мне ў музеi далi.

Пасля выйгрышу ста тысяч загадкавы Iванаў госць зрабiў так: накупiў кнiг, пакiнуў свой пакой на Мяснiцкай...

– У-у, праклятая яма!
– прабурчаў госць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: