Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

...I наняў кватэру ў забудоўшчыка ў завулку ля Арбата...

– Вы ведаеце, што такое - забудоўшчыкi?
– спытаўся госць у Iвана i сам растлумачыў: - Гэта невялiкая група жулiкаў, якая нейкiм чынам уцалела ў Маскве...

Наняў у забудоўшчыка два пакоi ў падвале маленькага домiка ў садзе. Службу ў музеi пакiнуў i пачаў выдумляць раман пра Понцiя Пiлата.

– Ах, гэта быў казачны час, - шаптаў расказчык, i вочы ў яго блiшчалi, зусiм асобная кватэра, i яшчэ пярэднi пакойчык, а там ракавiна з вадою, чамусьцi з асаблiвым гонарам падкрэслiў ён, - маленькiя акенцы над самымi ходнiкамi, якiя iдуць да варотцаў. Насупраць, крокi за чатыры, пад плотам бэз, лiпа i клён. Ай, ай, ай! Зiмой я вельмi рэдка бачыў у акенцы чые-небудзь чорныя ногi i чуў хрумст снегу пад iмi. А ў печцы ў мяне вечна палаў агонь! Але раптоўна прыйшла вясна, i скрозь туманныя шыбы ўбачыў я перш голыя, а потым апранутыя ў зелянiну кусты бэзу. I вось тады, мiнулаю вясною, адбылося нешта намнога больш цудоўнае, чым сума ў сто тысяч рублёў. А гэта, пагадзiцеся, вялiкiя грошы.

– Гэта праўда, - згадзiўся Iван, якi ўважлiва слухаў.

– Я адчынiў акенца i сядзеў у другiм, зусiм маленькiм пакойчыку, - госць пачаў адмерваць рукамi, - ага... вось канапа, а насупраць другая канапа, а мiж iмi столiк, на iм цудоўная начная лямпа, а да акенца блiжэй кнiгi, тут маленькi пiсьмовы столiк, а ў першым пакоi - вялiкi пакой, чатырнаццаць метраў, - кнiгi, кнiгi i печка. Ай, якая ў мяне была мэбля!

Незвычайна пахне бэз! I галава мая робiцца лёгкая ад стомленасцi, i Пiлат падлятаў да канца...

– Белая манцiя, чырвоны падбой! Разумею!
– усклiкнуў Iван.

– Зусiм правiльна! Пiлат падлятаў да свайго канца, i я ўжо ведаў, што апошнiя словы рамана будуць: "...пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат". Ну, вядома, я выходзiў пагуляць. Сто тысяч - вялiзная сума, i ў мяне быў цудоўны шэры гарнiтур. Iшоў у якi-небудзь недарагую рэстарацыю. На Арбаце была цудоўная рэстарацыя, не ведаю, цi ёсць яна цяпер.

Тут вочы ў госця шырока расплюшчылiся, i ён працягваў шаптаць, гледзячы на поўню:

– Яна несла ў руках зусiм дрэнныя, трывожныя жоўтыя кветкi. Чортведама як iх завуць, але яны чамусьцi першыя з'яўляюцца ў Маскве. I гэтыя кветкi вельмi выразна вiднелiся на чорным яе вясновым палiто. Яна несла жоўтыя кветкi! Нядобры колер. Яна завярнула з Цвярское вулiцы ў завулак i тут азiрнулася. Ну, Цвярскую вы ведаеце? Па Цвярской iшлi тысячы людзей, але я ручаюся, што ўгледзела яна толькi мяне аднаго i паглядзела не сказаць каб трывожна, а нават неяк балюча. I мяне ўразiла не гэтак яе прыгажосць, як незвычайная, нiкiм нязведаная адзiнота ў вачах!

Падпарадкуючыся гэтаму жоўтаму знаку, я таксама скiраваў у завулак i пайшоў па яе слядах. Мы iшлi па звiлiстым цесным завулку моўчкi, яна па адным баку, я - па другiм. I не было, уявiце, у завулку нi душы. Я пакутаваў, таму што мне здалося, што з ёй неабходна загаварыць, i баяўся, што не змагу прамовiць i слова, а яна пойдзе, i я нiколi болей яе не спаткаю.

I, уявiце, раптам загаварыла яна:

– Вам падабаюцца мае кветкi?

Я цудоўна памятаю, як прагучаў яе голас, нiзкi даволi, са зрывам, i, як гэта нi недарэчна, здалося, што рэха ўдарыла ў завулку i адбiлася ад бруднае жоўтае сцяны. Я хутка перайшоў на яе бок, наблiзiўся i адказаў:

– Не.

Яна паглядзела на мяне здзiўлена, а я раптам i зусiм нечакана зразумеў, што ўсё жыццё любiў вось гэтую жанчыну! Вось дык штука, га? Вы, вядома, скажаце, вар'ят?

– Нiчога я не гавару, - усклiкнуў Iван i дадаў: - Прашу, далей!

I госць працягваў:

– Ага, яна паглядзела на мяне здзiўлена, а потым спыталася:

– Вы наогул не любiце кветкi?

У яе голасе, як мне здалося, была варожасць. Я пайшоў побач з ёю, стараючыся iсцi ў нагу, i, надзiва, не адчуваў сябе няёмка.

– Не, я люблю кветкi, але не гэтакiя, - сказаў я.

– А якiя?

– Я ружы люблю.

Тут я пашкадаваў, што сказаў такое, таму што яна вiнавата ўсмiхнулся i кiнула свае кветкi ў канаву. Крыху разгублены, я ўсё ж падняў iх i падаў ёй, але яна ўсмiхнулася, не ўзяла кветкi, i я панёс iх у руках.

Гэтак iшлi нейкi час моўчкi, пакуль яна не вырвала кветкi з маiх рук i не кiнула iх на брук, потым усунула сваю руку ў пальчатцы з раструбам у маю, i мы пайшлi далей побач.

– Далей, - сказаў Iван, - i не прапускайце, калi ласка, нiчога.

– Далей?
– перапытаў госць.
– Што ж, далей вы можаце i самi ўсё ўгадаць. Ён раптам нечакана выцер слязу правым рукавом i прадоўжыў: - Каханне з'явiлася нам, як з-пад зямлi выскаквае забойца ў завулку, i спапялiла нас абаiх.

Гэтак б'е маланка, гэтак працiнае фiнскi нож!

Яна ж, дарэчы, сцвярджала потым, што гэта праўда, што кахалi мы адно аднаго даўным-даўно, але не ведалi адно аднаго, нiколi не бачылiся, i што яна жыла з другiм чалавекам, i я там тады... з гэтай, як яе...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: