Вход/Регистрация
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
вернуться

Булгаков Михаил Афанасьевич

Шрифт:

– З кiм?
– спытаўся Бяздомны.

– З гэтай... ну... з гэтай, ну...
– адказаў госць i запстрыкаў пальцамi.

– Вы былi жанаты?

– Ага, вось я вам i пстрыкаю... На гэтай... Варачцы, Манечцы... не, Варачцы... яшчэ сукенка паласатая... музей... хаця я не памятаю.

Дык вось, яна гаварыла, што з жоўтымi кветкамi ў руках яна выйшла ў той дзень, каб я яе нарэшце знайшоў, i калi б гэта не здарылася, яна атруцiлася б, таму што жыццё ў яе было пустое.

Так, каханне пранiзала нас iмгненна. Я ведаў пра гэта ў той самы дзень, ужо праз гадзiну, калi мы апынулiся неўпрыкмет ля Крамлёўскае сцяны, на набярэжнай.

Мы размаўлялi гэтак, быццам развiталiся толькi ўчора, быццам ведалi адно аднаго многа гадоў. Мы дамовiлiся спаткацца заўтра там, на Маскве-рацэ, i сустрэлiся. Травеньскае сонца свяцiла нам. I хутка, хутка стала гэтая жанчына маёй тайнаю жонкаю.

Яна прыходзiла да мяне кожны дзень, а чакаць яе я пачынаў зранку. Чаканне гэтае ўвасаблялася ў перастаўлянне на стале прадметаў. За дзесяць хвiлiн я сядаў да акенца i пачынаў прыслухоўвацца, цi не грукнуць старэнькiя варотцы. I якi кур'ёз: да спаткання з ёй у наш дворык мала хто прыходзiў, а дакладней, нiхто не прыходзiў, а цяпер мне здавалася, што ўвесь горад накiраваўся сюды. Грукнуць варотцы, грукне сэрца, i, уявiце, на ўзроўнi майго твару за акенцам абавязкова нечыя брудныя боты. Тачыльшчык. Ну, каму патрэбны тачыльшчык у нашым двары? Што тачыць? Якiя нажы?

Яна заходзiла праз варотцы адзiн раз, а ўдараў сэрца я адчуваў не меней чым дзевяць. Я не хлушу. А потым, калi прыходзiў прызначаны час i стрэлка паказвала поўдзень, яно нават i не пераставала бiцца да таго часу, пакуль без стуку, амаль бясшумна не раўнялiся з акном туфлi з чорнымi замшавымi накладкамi-бантамi, са сталёвымi спражкамi.

Часам яна затрымлiвалася ля другога акенца, пагруквала наском у шкло. У адно iмгненне я апынаўся ля акна, але туфлiк знiкаў, чорны шоўк, якi засланяў святло, знiкаў, - я iшоў ёй адмыкаць.

Нiхто не ведаў пра нашу сувязь, за гэта я ручаюся, хаця так нiколi не бывае. Не ведаў яе муж, не ведалi знаёмыя. У старым асабнячку, дзе мне належаў гэты падвал, ведалi, вядома, бачылi, што прыходзiць да мяне нейкая жанчына, але iмя яе не ведалi.

– А хто яна такая?
– спытаўся Iван, страшэнна зацiкаўлены любоўнаю гiсторыяй.

Госць зрабiў жэст, якi абазначаў, што ён нiколi i нiкому пра гэта не скажа, i працягваў свой расказ.

Iван даведаўся, што майстар i незнаёмка пакахалi адно аднаго гэтак моцна, што сталi зусiм неразлучныя. Iван выразна ўяўляў ужо i два пакойчыкi ў падвале асабнячка, у якiх заўсёды было прыцемна з-за кустоў бэзу i з-за плота. Чырвоную абшарпаную мэблю, бюро, на iм гадзiннiк, якi звiнеў праз кожнае паўгадзiны, i кнiгi, кнiгi ад пафарбаванае падлогi да закуранае столi, i печку.

Iван даведаўся, што яго госць i тайная жонка ўжо ў першыя днi прыйшлi да вываду, што звёў iх на рагу Цвярское сам лёс i што створаны яны адно для аднаго навек.

Iван даведаўся з госцевага расказу, як бавiлi дзень закаханыя. Яна прыходзiла i спачатку падвязвала фартух, у вузкiм пярэднiм пакойчыку, дзе знаходзiлася тая самая ракавiна, якой чамусьцi гэтак ганарыўся бедны хворы, на драўляным стале запальвала газавую плiтку i гатавала страву i ставiла яе ў першым пакоi на авальным стале. Калi iшлi травеньскiя навальнiцы i ля самых падслепаватых вокнаў шумна iмчала да падваротнi вада з пагрозай затапiць апошнi прытулак, закаханыя запальвалi ў печцы i пяклi бульбу. Ад бульбы iшла пара, прыгарэлая чорная бульбяная скарыначка чарнiла пальцы. У падвальчыку чуўся смех, дрэвы ў садзе скiдалi зломаныя галiнкi i суквеццi. Калi скончылiся навальнiцы i прайшло душнае лета, у вазе з'явiлiся доўгачаканыя абаiмi ружы.

Той, хто назваў сябе майстрам, працаваў, а яна запускала ў валасы тонкiя, з востра наточанымi пазногцямi пальцы, перачытвала напiсанае, а скончыўшы, шыла вось гэтую самую шапачку. Часам яна прысядала ля нiжнiх палiц або стаяла на крэсле ля верхнiх i анучкаю выцiрала сотнi пыльных пераплётаў. Яна абяцала яму славу, яна падганяла яго i вось тады i пачала называць яго майстрам. Яна чакала гэтых паабяцаных ужо апошнiх слоў пра пятага пракуратара Юдэi, нараспеў i гучна паўтарала асобныя сказы, якiя ёй падабалiся, i гаварыла, што ў гэтым рамане яе жыццё.

Ён быў дапiсаны ў жнiўнi месяцы, быў аддадзены нейкай невядомай машынiстцы, i тая перадрукавала яго ў пяцi экземплярах. I нарэшце прыйшоў час, калi давялося пакiнуць тайны прытулак i выйсцi ў жыццё.

– I я выйшаў у жыццё, трымаючы яго ў руках, i тады маё жыццё скончылася, прашаптаў майстар i апусцiў галаву, i доўга хiсталася журботная чорная шапачка з лiтарай "М". Ён павёў далей свой расказ, але той зрабiўся крыху блытаным. Можна было зразумець толькi, што з Iванавым госцем адбылася нейкая катастрофа.

– Я ўпершыню трапiў у лiтаратурны свет, але цяпер, калi ўсё ўжо скончылася i мая пагiбель вiдавочная, успамiнаю пра яго з жахам!
– урачыста прашаптаў майстар i падняў руку.
– Так, ён надзвычай уразiў мяне, ай, як уразiў!

– Хто?
– ледзь чутна шапнуў Iван, баючыся перабiць усхваляванага расказчыка.

– Ды рэдактар, я ж гавару пра рэдактара. Ага, ён прачытаў. Ён глядзеў на мяне, нiбы ў мяне шчака распухла ад флюсу, неяк касавурыўся ў кут i быццам хiхiкнуў. Ён без патрэбы камячыў манускрыпт i нават крахтаў. Пытаннi, якiя ён мне задаваў, здалiся мне вар'яцкiмi. Не гаварыў нiчога пра сутнасць рамана, а пытаўся ў мяне, хто я такi i адкуль узяўся, цi даўно я пiшу i чаму пра мяне нiчога не было чуваць раней, i нават задаў, па-мойму, зусiм iдыёцкае пытанне: хто гэта падбухторыў мяне напiсаць раман на гэту дзiўную тэму?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: