Вход/Регистрация
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
вернуться

Хомченко Василий Федорович

Шрифт:

У калоне часам наладжвалiся самадзейныя канцэрты. Зэкi паказвалi хто што мог - спявалi, танцавалi, выступалi з фокусамi. Больш чым за тры гады зняволення я нi разу i нiдзе не ўдзельнiчаў у самадзейнасцi. А тут вырашыў i я выступiць. А матыў быў адзiн - блiснуць перад Таняй. Я ўсё ж не пакiдаў надзеi выклiкаць да сябе яе сiмпатыю. Я прачытаў два вершы Блока, чытаў пафасна, узнёсла i асаблiва спадзяваўся прыцягнуць увагу да гэтых страсных радкоў:

Вползи ко мне змеей ползучей,

В глухую полночь оглуши,

Устами томными замучай,

Косою черной задуши.

Аднак жаданай рэакцыi ў Танi на гэта маё выступленне я не ўбачыў. Яна толькi разы са два пляснула, i ўсё. I я пакрыўдзiўся, дэманстратыўна сышоў са сцэны i выйшаў са сталовай, дзе праходзiў гэты самадзейны канцэрт.

"Шалашоўкi чортавы, сцервы, раскладушкi, - лаяў я iх, у тым лiку i Таню, iм блатары трэба i пасцель, а не Блок i паэзiя..." I сумна мне было, i крыўдна. Праўда, супакоiўся я хутка. Што на iх, непiсьменных крымiнальнiц, крыўдаваць, гэта ж не палiтычныя iнтэлiгенткi, а iх тут няма, яны ў тайзе на лесапавале. Вось каму Блок патрэбны i зразумелы...

I ўсё ж мне, дваццацiгадоваму хлопцу, хацелася кахання. Я разумеў, што спаборнiчаць з блатарамi не змагу. Хто я, стрыжаны, цыбаты, ва ўсiм лагерным? Хто з жанчын зверне на мяне такога ўвагу? Чым я магу пачаставаць тую ж Таню, як частуе яе экспедытар Шам? Ёй ён нават i духмяны дорыць, лак для пазногцяў, панчохi. А я?

Помню, як я ляжаў на штабелi мяхоў мукi пад навесам i шкадаваў сябе.

Была ранняя вясна, i сонца ласкава грэла. Унiзе на сонейку прыгрэлiся хлопцы-грузчыкi i жанчыны. Гамана, смех, анекдоты самыя што нi ёсць вострыя, з якiх нiводнага слова не выкiдвалася, не замянялася. I я падумаў: чорт пабяры, я згадзiўся б пажыць толькi дзесяць гадоў (тады здавалася гэта вельмi многа), але так, як я захачу, - багатым i ў славе.

Я ўявiў сябе ў шыкоўным каверкотавым касцюме, у бобрыкавым палiто, канечне, у капелюшы i пры гальштуку, з гадзiннiкам на руцэ - мой вышэйшы тагачасны iдэал, бо такога ў мяне яшчэ нiчога не было. I вось я такiм франтам з поўным кашальком грошай прыязджаю на легкавушцы "эмка" на гэтую базу, вылажу з машыны, дастаю з кiшэнi пачак "Казбека", закурваю. "Ну што, шалавы, пазналi, хто я?" - кажу i кладу перад iмi каробку шакаладных цукерак. Яны б, канечне, заахалi, заохалi: "Дурнiцы мы, курыцы мы, такога франта ўпусцiлi..." Вось i пакусалi б сабе тады локцi. А я б дэманстратыўна паглядзеў на свой гадзiннiк i сказаў бы: "Ну, дзеўкi, можа, хто хоча на "эмцы" пракацiцца? У рэстарацыi са мной бутэлечку шампанскага выпiць? Запрашаю". I ўсе б яны, гэтыя шалашоўкi, навыперадкi кiнулiся б да мяне. Усе, i першая - Таня.

Такiм багатым, раскошным жыццём я гатоў быў пажыць толькi дзесяць гадоў. Бясспрэчна, цяпер успамiнаць тое жаданне смешна, бо жыву намнога багацей, чым тады ў марах, i не дзесяць ужо гадоў, дзякуй Богу.

Ад Танi я ўсё ж не алхiляўся i па-ранейшаму стараўся з ёю пабыць, пагаварыць i ўвесь час чытаў ёй вершы. Як бы часам яна нi была мне знявiднай, мяне цягнула да яе. Я адчуў, што ёй усё ж было са мной прыемней, чым з тымi, хто там, на базе, да яе падлашчваўся. I вельмi ўзрадавала мяне, калi яна, паслухаўшы мае вершы, сказала:

– А ты - паэт.
– Памаўчаўшы, дадала: - Будзеш iм.

– Буду, - упэўнена паверыў я сам сабе.

Бог мой, як я ёй хлусiў пра сваё мiнулае, пра сябе, бацькоў, i для адной i той жа мэты - спадабацца. Вось так, напрыклад, я хлусiў ёй:

– Дома ў нас аднойчы быў перапалох. На сцяне вiсела татава нямецкая стрэльба. Аднойчы, калi я iграў на пiянiна, стрэльба ўпала на яго, разбiла крыштальную вазу i цыферблат татавага залатога гадзiннiка...

Сорамна ўспамiнаць цяпер такую хлусню. Якое пiянiна, крыштальная ваза, залаты гадзiннiк у сямл жабрацкага прыгоннага мужыка-калгаснiка? А я не толькi не ўмеў iграць, а нi разу ў жыццi да пiянiна i пальцам не дакранаўся.

Яна паверыла гэтай маёй хлуснi i раптам спытала, цi люблю я iграць "Баркаролу" Чайкоўскага. Што такое баркарола, я не ведаў, але нахабна сказаў, што люблю i граю яе.

Калi я спрабаваў распытаць у яе пра мiнулае, пра бацькоў, яна ўхiлялася i пра сябе нiчога не расказвала. Адно выпытаў, што яна скончыла дзесяць класаў.

Размова гэта была на базе днём. Тады ж я ўсё-такi выбраў момант i Таню пацалаваў, тайком ад людзей. Апынуўшыся памiж штабялямi мяхоў i скрынак, я абхапiў яе, прыцягнуў да сябе i пацалаваў. Яна адказала пацалункам, узаемным, доўгiм, упершыню мною пазнаным. Пацалавала, нагнуўшы маю галаву ўнiз, бо Таня ж была мне па плячо, i сказала:

– Ён жа, калi даведаецца, цябе i мяне зарэжа.

Хто ён, здагадаўся, - Шам.

Але мяне не страх апанаваў, а шчасце, радасць, i ўвесь той дзень i наступны я хадзiў пад уражаннем гэтых пацалункаў, i ў душы гучалi радкi гётэўскага верша:

Да, она была, была!

Да, была! Всё это было:

Мимоходом обняла

И всю жизнь переменила.

Я цяпер зноў чакаў такой жа патаемнай сустрэчы, а такога не надаралася некалькi дзён. Але бог закаханым памагае. Аднойчы загадчык склада, калi мы грузчыкi i жанчыны - разгружалi вагоны з бульбай, падышоў, паказаў на мяне i Таню i сказаў, каб памаглi яму разабрацца з накладнымi. Мы пайшлi ўслед за iм. На складзе загадчык даў нам цэлы стос папер, сказаў, што iх трэба раскласцi па днях i кожную запiсаць у журнал. Мы ўзялiся за працу, а ён пайшоў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: