Шрифт:
– Што, Кiра, маеш на ўвазе?
– Тваё "я".
– Ах, во яно як!
– Прытым, куды гэта падзелася Сумленевiчава перамаганьне зла дабром, га? Ды, наогул, адно ты гаворыш, а другое робiш. Дзiця, выдатнiк па тэорыi й двоечнiк па практыцы, анархiст, вулiчны, камiчны ў задуманым... Жыцьцё не пажартуе з табою! Крымiнальная служба падлiчыць твае векапомныя зьдзяйсьненьнi. Будзе рогату ў судзе, калi абвiнавачаны Сумленевiч пачне растлумачваць, што ён спалiў прыватнае аўта свайго шэфа, каб выкрыць яго нядобрасумленнасьць. Заплача публiка ад рагатаньня! Сэнсацыйны мэтад зьнiшчаньня камбiнатараў: спальваньне iх маёмасьцi. Стварайце брыгады сумленных падпальшчыкаў уласнасьцi людзей, у адрас якiх iснуюць маральныя закiды! Толькi справядлiвыя сядзяць у турмах! Сьвет - зварухнiся! Прачнiся!..
– Выйдзi, Кiра!
20
На працы, здавалася, нават стары бухгальтар паказаў спагадлiвасьць да Сьцяпана, не настойваючы на тэрмiновае афармленьне iм разьлiкаў у расходваньнi каапэратыўнымi аддзеламi будаўнiчых матэрыялаў, прызначаных на пабудову асабнякоў у Петрашоўскiм квартале ды ў Бельску й Саколцы.
Сакратарка падала Сьцяпану справаздачу камiсii, чысьценька перапiсаную. "Няўжо забыўся ён перахапiць крамолу?!" - падумаў Сьцяпан пра старшыню й падпiсаўся на ўсiх пяцi экзэмплярах, быццам спадзеючыся, што вось-вось расчыняцца дзьверы й зьявiцца ў iх ён, каб парваць на дробненькiя кавалачкi гэты нязручны яму дакумант.
Сумленевiч пазванiў членам камiсii, каб i яны падпiсалi. На жаль, нiкога зь iх ён не застаў на месцы: двух знаходзiлася ў каманьдзiроўцы, а трэцi хварэў.
"Пачнем ад хворага, якi, ёсьць надзея, пра нiшто яшчэ ня ведае", - Сьцяпан хутка сабраўся ў горад.
Ля пераходу цераз вулiцу, побач рэстарану "Гродна" мурашыўся людзкi натоўп. Прычэпа ад грузавiка, нахiленая, стаяла на тратуары, бокам падняўшы колы на сьцяну, бы вялiзны сабака. Мiлiцыянты мералi. Бамбiза ў юхтавых ботах пужнуў адурэлага ад вiдавоку крывi ката зь вiхрастай поўсьцю; хтосьцi загiнуў ля газону. Грузавiк-жа з галавастаю шафёркаю вiнавата чакаў, загарадзiўшы замурзаным сваiм тулавам дарогу машынам, якiя, спадцiшка, сыгналiлi й аб'яжджалi завалу Юравецкай. Праходжыя выцягвалi шыi, каб угледзець, як i дзе нехта крычаў аб чымсьцi да кагосьцi... Шайка вучняў з тлусьценькiмi мордачкамi, разявiўшыся, наглядала за замяшаньнем; адзiн зь iх, непаваротлiва, фатаграфаваў.
– Добры дзень, Сьцяпан!
Сумленевiч пазнаў у жанчыне прыгожую сяброўку са школы. На ўроках матэматыкi яна добра падказвала яму. Гарбаты настаўнiк ставiў ёй за гэта двойку. "От i напалохаў ён мяне, - пасьмейвалася яна падчас перапынку.
– Ня быў-бы ён мужчынам: хоць маленькую прыкрасьць, але зробiш!"
– Вiтай...
– Сьцяпан завагаўся над яе iмем, сымпатычным (Вера?).
– Бачу, расьцеш ты, як сабе! Банду хлопцаў адна ты разагрэла-б, i то на сьнезе, iначай, чамусьцi, ня мог ён гаварыць да яе.
– Ну, кажы, што добрага ў цябе чуваць? Муж - пад абцасам, дзяцей - рой, каханкаў - на выбар?..
– Не зьмянiўся ты, Сьцяпан, - адказала яна.
– Усё прыкiдваесься разбэшчаным...
– Гэта - блага цi добра?
– Нашто пытаеш? Сам ведаеш...
– З пакорай слухаю цябе, - i яшчэ дадаў ён: - Засаромела ты мяне, старога дурня, - Сьцяпан лакомлiва закурыў надломленую папяросiну, апошнюю ў пачку. Скажы што-лень пра сябе...
– Бацька мой памёр.
– Бацька? Ад чаго?
– Рак страўнiка...
– Якi чорт! Калiсьцi людзi памiралi ад сухотаў, застуды, пабояў, а цяпер, каго не спытай, дык усё - рак, рак, рак... Прабач...
– Нэрвы.
– Так, сапраўды, я замнога дазваляю сабе...
– Кажу пра нэрвы, як пра прычыну хваробы, захворваньняў на рак. I як нi дзiўна, але ў прасмуроджаных гарадох, пракурэлых, ня так i часта пачуеш, каб хто памiраў ад рака, - яна, вiдаць, думала пра тое.
– Горад, ведаеш, дае пачуццё ўласнай вартаснасьцi. Важнасьцi!
– Твой бацька быў зь вёскi?
– Зь вёскi. З Васiлькова. З гаспадаркi. Зь зямлi, якой аддаў сваё жыцьцё, але якую ня меў ужо каму пакiнуць. Старому i ў галаву не прыходзiла тое, што зноў настануць часы, калi гаспадар будзе самым пагарджаным чалавекам, у супастаўленьнi зь якiм чысьцiльнiк камунальных прыбiральняў здасца панам над мужыкамi. Вытворца галоўнага - хлеба... Кантынэнт сялянства апускаецца нiжэй травы, цiшэй вады...
Сьцяпан не перабiваў, агламажджаны нагавораным ёю.
Яна цiха разьвiталася.
"Чалавек, што дрыгва: дакранесься да яго й правалiсься, - Сьцяпан увайшоў у Юравецкую.
– Кожнага абыходзь бокам".
Яму ня верылася, што столькi даведаўся ён ад зграбнай жанчыны.
Член камiсii, да якога йшоў Сьцяпан, жыў на Вятрачнай. У даваенным домiку, у садку, згусьцелым ад разрослых вiшнякоў. Зьвяглiвы сабака ў глыбiнi панадворка кiдаўся на ланцузе, дзеручы лапамi зямлю. Ганак, спавiты дзiкiм вiнаградам, з каляровымi шыбкамi ствараў уражаньне крыху казачнага ўваходу ў даўно таемнае.
Выглянула адтуль тоўстая баба.
– Ён хворы, - сказала яна Сьцяпану пра гаспадара.
– Вам чаго трэба ад яго?
– Добры дзень вам, - прывiтаў яе Сьцяпан.
– Я толькi на хвiлiнку да вас. Мы працуем разам...
– Вiцюлiк!
– крыкнула яна ў сенi.
– Хтосьцi прыйшоў, чуй, да цябе, - i абаперлася мяккiм локцем аб вушак. Па-мацярынску самаўпэўненая, стаяла яна так з кухонным нажом у руцэ.
– Што? Прывезьлi цымант, - жыва выбег на парог Вiця й, звочыўшы Сьцяпана, сказаў: - А, гэта ты: здароў! Заходзь, - працягнуў Сьцяпану руку.
– Заходзь, заходзь... Дай нам, маленькая, гарбаты, - зьвярнуўся ён да гэтай гаспадынi, якая аказалася яго жонкай.
– Сядай, Сьцяпан, - ён паказаў яму фатэль на ножках, закопчаных iльвiнымi галоўкамi.
– З чым добрым ты да мяне?
– i сабраў ён у сабе ўсю ўвагу худога, высокага i даўганогага.