Шрифт:
– Гэта дробязi, - сказаў Балу.
– Затое дзiцяня зноў з намi!
– Праўда, але гэта нам дорага каштавала: праз яго мы былi зранены, патрацiлi столькi часу, не схадзiлi на паляванне, заплацiлi ўласнай скурай - у мяне выскублена ўся спiна - i нават нашым гонарам. Бо, не забывай пра гэта, мне, чорнай пантэры, давялося прасiць дапамогi ў Каа, i мы з Балу страцiлi розум, як малыя птушаняты, калi ўбачылi Танец Голаду. А ўсё таму, што ты гуляў з Бандар-Логамi!
– Праўда, усё гэта праўда, - сказаў Маўглi засмучана.
– Я кепскае дзiцяня, i ў жываце ў мяне горка.
– Мф! Што гаворыць Закон Джунгляў, Балу?
Балу зусiм не хацеў новых непрыемнасцей для Маўглi, але з Законам не жартуюць, i таму ён прабурчаў:
– Гора не вызваляе ад пакарання. Толькi не забудзь, Багiра, што ён яшчэ малы!
– Не забуду. Але ён нарабiў бяды, i цяпер трэба яго набiць. Маўглi, што ты на гэта скажаш?
– Нiчога! Я вiнаваты. А вы абое паранены. Гэта толькi справядлiва.
Багiра дала яму з дзесятак плескачоў, лёгенькiх, на думку пантэры (яны нават не разбудзiлi б яе ўласнае дзiцяня), але для сямiгадовага хлопчыка гэта была суровая лупцоўка, ад якой кожны рад быў бы пазбавiцца. Калi ўсё скончылася, Маўглi чхнуў i моўчкi падняўся на ногi.
– А цяпер, - сказала Багiра, - залазь мне на спiну, Маленькi Брат, i мы рушым дадому.
Адным з прывабных бакоў Закону Джунгляў з'яўляецца тое, што пасля пакарання заканчваюцца ўсе разлiкi. Пасля яго не бывае нiякiх прыдзiрак.
Маўглi апусцiў галаву на спiну Багiры i заснуў так моцна, што нават не прачнуўся, калi яго паклалi на зямлю ў роднай бярлозе.
"ТЫГР, ТЫГР!"
Пасля бойкi на Скале Рады Маўглi пайшоў з воўчага логава i спусцiўся ўнiз, да палеткаў, дзе жылi людзi, але не застаўся там - джунглi былi занадта блiзка, а ён ведаў, што на Радзе нажыў сабе не аднаго лютага ворага. I таму ён пабег далей, трымаючыся дарогi па дне далiны, i адмахаў каля дваццацi мiляў роўнай рыссю, пакуль не дабраўся да мясцiн, якiх яшчэ не ведаў. Тут пачыналася шырокая раўнiна, усыпаная скаламi i зрэзаная ярамi. На адным краi раўнiны стаяла маленькая вёсачка, з другога канца густыя джунглi дугой падыходзiлi да самага выгану i адразу абрывалiся, быццам зрэзаныя матыкай. Па ўсёй раўнiне пасвiлiся каровы i буйвалы, i хлопчыкi, што пiльнавалi статак, убачыўшы Маўглi, уцяклi з крыкам, а бяздомныя рудыя сабакi, якiх заўсёды многа каля кожнай iндыйскай вёскi, узнялi брэх. Маўглi пайшоў далей, бо быў галодны, i калi дайшоў да вясковай аколiцы, дык убачыў, што вялiкi цярновы куст, якiм на змярканнi загароджваюць вароты, адсунуты ўбок.
– Гм!
– сказаў Маўглi (ён не ўпершыню натыкаўся на такiя загароды ў час сваiх начных вылазак у пошуках ежы).
– Значыцца, людзi i тут баяцца Народа Джунгляў!
Ён сеў каля варотаў, i як толькi за вароты выйшаў чалавек, усхапiўся на ногi, разявiў рот i паказаў на яго пальцам, паказаў, што хоча есцi. Чалавек паглядзеў на яго, пабег назад па адзiнай вясковай вулiцы i паклiкаў жраца высокага i тоўстага чалавека, апранутага ва ўсё белае, з чырвоным i жоўтым знакам на лбе. Жрэц падышоў да варотаў, а за iм прыбегла не менш сотнi жыхароў вёскi: яны вылуплiвалi вочы, балбаталi, крычалi i паказвалi на Маўглi пальцамi.
"Якiя яны няветлiвыя, гэтыя людзi!
– сказаў сам сабе Маўглi.
– Толькi шэрыя малпы гэтак сябе паводзяць". I, адкiнуўшы назад свае доўгiя валасы, ён панура зiрнуў на натоўп.
– А чаго тут баяцца?
– сказаў жрэц.
– Бачыце знакi ў яго на руках i нагах? Гэта воўчыя ўкусы. Ён воўчы прыёмыш i прыбег да нас з джунгляў.
Гуляючы з Маўглi, ваўчаняты даволi часта кусалi яго мацней, чым хацелi, i рукi i ногi хлопчыка былi спрэс усыпаны белымi шрамамi. Але Маўглi нiколi ў жыццi не назваў бы гэтыя шрамы ўкусамi: ён добра ведаў, якiя бываюць сапраўдныя ўкусы.
– Вой! Вой!
– сказалi ў адзiн голас дзве-тры кабеты.
– Увесь пакусаны ваўкамi, бедненькi! Прыгожы хлопчык. Вочы ў яго, як агеньчыкi. Дапраўды, Месуа, ён вельмi падобны на твайго сына, якога схапiў тыгр.
– Дайце мне зiрнуць, - сказала жанчына з цяжкiмi медзянымi бранзалетамi на запясцях i шчыкалатках i, пазiраючы з-пад далонi, паглядзела на Маўглi.
– Ага, вельмi падобны! Ён худзейшы, затое з твару вылiты мой сын.
Жрэц быў чалавек хiтры i ведаў, што муж Месуi - адзiн з найпершых вясковых багацеяў. I таму ён узняў вочы да неба i ўрачыста прамовiў:
– Што джунглi ўзялi, тое джунглi i аддалi. Вазьмi хлопчыка да сябе ў дом, сястра мая, i не забывайся аказваць пашану жрацу, перад якiм адкрыта ўся будучыня чалавека.
"Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, - падумаў Маўглi, - усё гэта вельмi нагадвае тое, як мяне аглядала Чарада! Што ж, калi я чалавек, дык буду чалавекам".
Натоўп расступiўся, i жанчына зрабiла Маўглi знак, каб ён iшоў за ёю ў хацiну, дзе стаяў чырвоны лакiраваны ложак. А яшчэ там было шмат рэчаў: вялiкая глiняная пасудзiна для збожжа, аздобленая пацешным выпуклым узорам, з паўтузiн медных кацялкоў для прыгатавання ежы, бажок у маленькай нiшы i на сцяне - сапраўднае люстэрка, якое можна купiць на вясковым кiрмашы за восем цэнтаў.
Жанчына дала Маўглi ўволю малака i кавалачак хлеба, потым паклала руку яму на галаву i зазiрнула ў вочы; ёй усё-такi думалася, што, магчыма, гэта i сапраўды яе родны сын вярнуўся з джунгляў, куды яго знёс тыгр. I яна паклiкала:
– Натху! О Натху!
Маўглi нiчым не паказаў, што гэтае iмя ямў знаёма.
– Хiба ты забыўся пра той дзень, калi я падарыла табе новыя чаравiкi? Яна дакранулася да яго ступнi, цвёрдай, амаль як рог.
– Не, - сказала яна засмучана, - гэтыя ногi нiколi не ведалi чаравiкаў. Але ты вельмi падобны на майго Натху i будзеш маiм сынам.