Вход/Регистрация
Маўглi (на белорусском языке)
вернуться

Киплинг Редьярд Джозеф

Шрифт:

– Багiра, Багiра, Багiра!
– шаптаў хлопчык, настойлiва i лёгка пагладжваючы шыю i дрыготкую спiну.
– Супакойся, супакойся! Гэта ноч вiнаватая, а зусiм не ты!

– Гэта ўсё начныя пахi, - сказала Багiра. Яна апамяталася.
– Паветра быццам клiча мяне. Але адкуль ты гэта ведаеш?

Паветра вакол iндыйскай вёскi напоена ўсякiмi пахамi, а для звера, якi прывык чуць i думаць носам, пахi азначаюць тое самае, што музыка або вiно для чалавека.

Маўглi яшчэ некалькi хвiлiн супакойваў пантэру, i нарэшце яна легла, як кошка перад агнём, склаўшы лапы пад грудзьмi i прыжмурыўшы вочы.

– Ты наш i не наш, з джунгляў i не з джунгляў, - сказала яна нарэшце.
– А я толькi чорная пантэра. Але я люблю цябе, Маленькi Брат.

– Яны штосьцi доўга гамоняць пад дрэвам, - сказаў Маўглi, не зважаючы на яе апошнiя словы.
– Балдзео, мабыць, расказаў iм не адну гiсторыю. Яны хутка прыйдуць для таго, каб выцягнуць гэтую жанчыну з мужам з пасткi i кiнуць iх у Чырвоную Кветку. I ўбачаць, што пастка апусцела. Хо-хо!

– Не, паслухай, - сказала Багiра.
– Няхай яны знойдуць там мяне! Мала хто асмелiцца выйсцi з дому, пасля таго як пабачыць мяне. Не ўпершыню мне сядзець у клетцы, i наўрад каб iм удалося звязаць мяне вяроўкамi.

– Ну, дык будзь разумнiцай!
– сказаў Маўглi смеючыся.

А пантэра ўжо пракралася ў хацiну.

– Брр!
– прынюхалася Багiра.
– Тут пахне чалавекам, але ложак якраз гэткi ж, на якiм я ляжала ў княжацкiм звярынцы ва Ўдайпуры. А цяпер я лягу!

Маўглi пачуў, як зарыпела вяровачная сетка пад цяжарам вялiкага звера.

– Клянуся зламаным замком, якi вызвалiў мяне, яны падумаюць, што злавiлi важную птушку! Iдзi сядзь побач са мною, Маленькi Брат, i мы разам пажадаем iм добрага палявання!

– Не, у мяне iншае ў галаве. Чалавечая чарада не павiнна ведаць, што я таксама ўдзельнiчаю ў гэтай гульнi. Палюй адна. Я не хачу iх бачыць.

– Хай будзе так, - сказала Багiра.
– Вось яны iдуць!

Гамонка пад смакоўнiцай на тым краi вёскi станавiлася ўсё больш шумнай. Пад канец узняўся крык, i натоўп павалiў па вулiцы, размахваючы дубiнкамi, бамбукавымi кiямi, сярпамi i нажамi. Наперадзе ўсiх бег Балдзео, але i астатнiя не адставалi ад яго, яны крычалi:

– Ведзьмара i вядзьмарку сюды! Падпалiце страху над iх галавой! Мы iм пакажам, як няньчыцца з пярэваратнямi! Не, спачатку аддубасiм iх! Факелаў! Болей факелаў.

Тут выйшла невялiкая затрымка з дзвярной засаўкай. Дзверы былi замкнуты вельмi моцна, але натоўп вырваў засаўку, i святло факелаў залiло пакой, дзе, расцягнуўшыся на ўвесь рост на ложку, скрыжаваўшы лапы i злёгку звесiўшы iх з аднаго краю, чорная i страшная, ляжала Багiра. Хвiлiну ўсе маўчалi, ахопленыя жахам; пярэднiя рады з усяе сiлы пачалi прадзiрацца назад на вулiцу. I ў гэты момант Багiра пазяхнула, старанна i ўсiм напаказ, як пазяхнула б, хочучы зняважыць роўнага сабе. Вусатыя губы прыўзнялiся i рассунулiся, чырвоны язык загарнуўся, нiжняя скiвiца абвiсала ўсё нiжэй i нiжэй, так што вiдаць было гарачае горла; вялiзныя iклы бялелi ў чорным правале рота, пакуль не ляснулi, быццам стальныя затворы. У наступную хвiлiну вулiца апусцела.

Багiра выскачыла праз акно i стала побач з Маўглi. А людзi, ашалелыя ад страху, iрвалiся ў хацiны, спатыкаючыся i штурхаючы адзiн аднаго.

– Яны не крануцца з месца да свiтання, - спакойна сказала Багiра.
– А цяпер што?

Здавалася, нямая цiшыня, што пануе апоўднi ў час сну, навiсла над вёскай, але, калi прыслухацца, было чуваць, як перасоўваюць па земляной падлозе цяжкiя скрынi са збожжам, падпiраюць iмi дзверы. Багiра казала праўду: да самай ранiцы ў вёсцы нiхто не пашавелiцца.

Маўглi сядзеў нерухома i думаў, i яго твар станавiўся ўсё больш змрочным.

– Што я такое зрабiла?
– сказала нарэшце Багiра i прылашчылася да яго.

– Нiчога, апрача добрага. Папiльнуй iх цяпер да свiтанку, а я засну.
– I Маўглi пабег у лес, павалiўся на камень i заснуў - i праспаў увесь дзень i ўсю ноч.

Калi ён прачнуўся, побач з iм сядзела Багiра i каля яго ног ляжаў толькi што забiты алень.

Багiра з цiкаўнасцю пазiрала, як Маўглi працаваў паляўнiчым нажом, як ён еў i пiў, а потым зноў лёг, абапёршыся падбародкам на руку.

– Жанчына з мужчынам дабралiся да Канхiвары жывыя i здаровыя, - сказала Багiра.
– Твая мацi прыслала вестачку з каршуном Чылем. Яны знайшлi каня яшчэ да поўначы, у той жа вечар, i паехалi вельмi хутка. Хiба гэта не добра?

– Гэта добра, - сказаў Маўглi.

– А твая чалавечая чарада не зварухнулася, пакуль сонца не ўзнялося высока сёння ранiцай. Яны прыгатавалi сабе паесцi, а потым зноў замкнулiся ў сваiх дамах.

– Яны, можа, убачылi цябе?

– Можа. На досвiтку я качалася ў пыле перад варотамi i, здаецца, нават спявала. Ну, Маленькi Брат, больш тут няма чаго рабiць. Хадзем на паляванне са мною i з Балу. Ён знайшоў новыя вулеi i збiраецца паказаць iх табе, i мы ўсе хочам, каб ты, як i раней, быў з намi... Не глядзi гэтак, я баюся цябе! Мужчыну з жанчынай не кiнуць у Чырвоную Кветку, i ўсё ў джунглях застаецца па-ранейшаму. Хiба гэта не праўда? Забудземся пра чалавечую чараду!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: