Шрифт:
– Будзем, Валечка, абавязкова будзем.
– Хвiлiну лейтэнант з замiлаваньнем глядзеў на дзьверы, потым абцягнуў мундур, прылашчыў валасы i, прамовiўшы: Добра, напiшаш iншым разам, - загадаў падсьледнаму падняцца.
Набраўшыся страху ў сьледчым габiнэце, Iван вяртаўся ў КПЗ, як у родную хату - з усьмешкай на твары. Плюхнуўшыся на ложак, ён закiнуў рукi за патылiцу, i ўваччу паўстаў чыгунок з гарачай капустай.
– Яны нас кармiць думаюць?
– прасiпеў, чытаючы Iванавы думкi, Мамедаў. Хоць бы чаю якога прынесьлi, шакалы, - сказаўшы так, Мамедаў скасiўся на Iвана, чакаючы, што сукамэрнiк падтрымае размову, але Iван змаўчаў, i каўказец, нешта буркнуўшы па-свойму, павярнуўся да сьцяны.
КПЗ - цудоўнае месца для одуму. Вось i Iвана апанавалi думкi. I думаў ён, глытаючы сьлiну, пра хатнюю кiлбасу, пра гарачую капусту, пра сопкую бульбу са скваркамi, i, каб пазбыцца дакучлiвых думак, жаласьлiва ўздыхнуў.
– Што так уздыхаеш?
– гукнуў Мамедаў, якому, вiдаць, таксама мроiлася ежа.
– Згадваеш, як касу браў?
– Ды я ня ў касу лазiў, - прамовiў Iван, пацягваючыся.
– У падсобку. Хацеў вiна ўзяць, а ўзяў...
– Iван запынiўся, маракуючы, цi варта казаць Мамедаву ўсю праўду, пасьля чаго iзноў уздыхнуў i цiхiм голасам скончыў: - ...пяць пляшак ацэтону.
– Каго-каго? Ацэтону?
– сукамэрнiк блiснуў вачыма, гаўклiва iкнуў i так адчайна зарагатаў, што панцырная сетка пад iм азвалася працяглым гудзеньнем.
– Ну i шакалы, - прамовiў Мамедаў, нарагатаўшыся ўдосыць.
– З-за пяцi бутэлек чалавека ў гадзючнiк уперлi.
Каўказец падняўся з ложку i, змагаючыся з позехам, прасьпяваў:
– А ты сам адкуль?
– З Баранавiчаў, - без асаблiвай ахвоты адказаў Iван.
– З Баранавiчаў?
– мяркуючы па голасе, каўказец ведаў, што гэта за горад i дзе ён знаходзяцца.
Мамедаў прайшоўся па камэры, пацёр рукi, акрыялым голасам зазначыў:
– А я зь Ленкаранi. Ты Ленкарань ведаеш?
Ленкаранi Iван ня ведаў.
– А Сальяны?
Сальянаў Iван ня ведаў таксама.
– У мяне ў Сальянах брат жыве. Алескерам клiчуць. Такога ж узросту, як i ты.
– Мамедаў зноў упаў на ложак, пазяхнуў i пачаў распавядаць Iвану пра брата Алескера, пра Ленкарань, пра нейкiя Талыскiя горы, дзе яго, Мамедава, аднойчы злавiлi памежнiкi. Загаварыўшыся, ён стаў балбатаць па-свойму i прыканцы аповеду спытаўся:
– Прозьвiшча тваё як?
– Бянькоў, - з пакутаю выдыхнуў Iван.
– Ну дык што, Бянькоў... Калi хочаш выйсьцi з гэтага гадзючнiку, я табе дапамагу. А ты мне дапаможаш, як выйдзеш на волю. Згода?
Iван у адказ кiсла пасьмiхнуўся. Ну чым яму мог дапамагчы гэты каўказец, якi ляжаў на суседнiм ложку i справаю якога зьбiраўся заняцца сам генэрал? I ўсё ж, каб не пакрыўдзiць таварыша па няшчасьцi, Iван кiўнуў галавой i ўголас прашаптаў:
– Згода.
Праз пару гадзiн Мамедава паклiкалi на допыт. Застаўшыся на самоце, Iван доўга хадзiў з кута ў кут, потым доўга ляжаў на ложку, потым зноў хадзiў, лiчачы пры гэтым крокi, i акурат ў той момант, калi ён зрабiў семсот сорак трэцi крок, дзьверы камэры расчынiлiся, i на парозе паўстаў перацягнуты рамянямi сяржант.
– Есьцi табе прынёс, - прабурчэў сяржант, несучы алюмiнiевую талерку i шклянку гарбаты.
Сяржант паставiў талерку i шклянку на адкiдны столiк, спытаў Iвана, цi хоча той у прыбiральню, i, паправiўшы на рукаве павязку дзяжурнага, выйшаў з камэры.
Iван праглынуў ежу i адчуў сябе весялей - нават замармытаў нейкую песьню з рэпэртуару Валерыя Абадзiнскага, але нейзабаве зноў зажурыўся. Сядзець адному ў камэры было страшнавата, таму ён i прыслухоўваўся да кожнага калiдорнага зыку, чакаючы вяртаньня Мамедава. Але сыходзiў час, усё радзей чулiся на калiдоры людзкiя крокi, а калi гэтых крокаў зусiм ня стала чутна, Iван зразумеў, што Мамедаў ня вернецца.
Ноччу ён ляжаў, закiнуўшы рукi за голаў, глядзеў на цьмяную лямпачку, што гарэла над галавой, i думаў пра мацi. У начной цiшы яму мроiўся матчын голас. Аднойчы ён нават разабраў словы, якiя прагучалi знадворку: "Ваня, не пускаюць да цябе!" Пачуўшы гэта, ён падбег да вакенца, ухапiўся рукамi за краты i доўга наструньваў слых у намаганьня ўцямiць, цi гэта сапраўды быў матчын голас, цi гэта толькi здалося.
Ранiцай наступнага дня сяржант вывеў яго з камэры i павёў па сходах на другi паверх. Яны прайшлiся доўгiм калiдорам, павярнулi направа i спынiлiся перад дыхтоўнымi, абабiтымi чорным дэрмацiнам дзьвярыма. Сяржант адчынiў дзьверы, упiхнуў галаву ў пройму:
– Iван Iванавiч... Бянькоў...
Iван увайшоў у габiнэт, i першае, што ўбачыў, - гэта партрэт Леванiда Iльлiча Брэжнева, якi вiсеў на сьцяне. Пад партрэтам сядзеў, апранены ў мiлiцэйскi мундур, Iван Iванавiч, якога Iван лiчыў генэралам i якi наяве аказаўся ўсяго толькi маёрам.
Iван Iванавiч акiнуў цёзку калючым позiркам i, паказаўшы на крэсла, запытаў:
– На Мамедава даўно працуеш?
Iван прысеў самы на край крэсла i, ня ведаючы, што адказаць, прамармытаў:
– Нядаўна.