Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
Готфрыд засмяяўся.
— Самая горшая хвароба свету, Фердынанд, — здольнасць думаць. Яна невылечная.
— Калі б гэтая хвароба была адзіная, ты аказаўся б бессмяротным, — адказаў Граў. — Ты — часовае злучэнне вугляводаў, вапны, фосфару і жалеза, якое на зямлі называецца Готфрыдам Ленцам.
Готфрыд задаволена пасміхаўся. Фердынанд страсянуў ільвінай галавой.
— Браты, жыццё — хвароба, а смерць пачынаецца з нараджэння. Кожны ўдых, і кожны выдых, і кожны ўдар сэрца — гэта часцінкі смерці… маленькі зрух да скону.
— І кожны глыток, — дадаў Ленц. — За тваё здароўе, Фердынанд! Бывае, паміраць надзвычай лёгка.
Граў падняў шклянку. Па твары яго, як бязгучная навальніца, праплыла ўсмешка.
— На здароўе, Готфрыд, — жывая блыха ў сыпучым пяску часу. Цікава, што думала чароўная сіла, якая ўладарыць над намі, ствараючы цябе?
— Гэта яе справа. Між іншым, менавіта табе не варта было б так незычліва гаварыць пра такія рэчы, Фердынанд. Калі б людзі жылі вечна, ты аказаўся б беспрацоўным, добры стары нахлебнік смерці.
Плечы Граў затрэсліся — ён рагатаў. Потым ён звярнуўся да Пат:
— А што вы скажаце пра нас, балбатуноў, вы — маленькая кветачка на бурлівай вадзе?
Потым мы з Пат ішлі па сцяжынцы саду. Месяц узняўся вышэй, лугі плавалі ў шэрым срэбным тумане. Цені ад дрэваў доўгімі чорнымі ўказальнікамі кіравалі ў невядомае. Мы спусціліся да возера, потым павярнулі назад. Па дарозе ўбачылі Готфрыда Ленца. Са складным крэслам ён залез у кусты бэзу. Цяпер ён сядзеў там, і толькі белая галава ды агеньчык цыгарэты свяціліся з кустоў. На зямлі перад ім стаяла шклянка і бутэлька з рэштай віна.
— Вось дык месца! — сказала Пат. — Між бэзавай квецені!
— Можна трываць. — Готфрыд устаў. — Паспрабуйце.
Пат села на крэсла. Яе твар быў ледзь бачны між гронак бэзу.
— Я без памяці люблю бэз, — сказаў апошні рамантык. — Настальгія ў мяне — пах бэзу. Вясной 1924 года я на злом галавы выехаў з Рыа-дэ-Жанейра толькі таму, што мне прыйшло ў галаву: тут расцвіў бэз. Але калі прыехаў, то ўжо было позна. — Ён засмяяўся. — І заўжды так.
— Рыа-дэ-Жанейра, — Пат падцягнула да сябе галінку з гронкай. — Вы былі там разам?
Готфрыд запнуўся. У мяне па спіне пацёк халодны пот.
— Паглядзіце, які месяц! — хутка сказаў я ў той самы момант, заклінаючы, ступіў Ленцу на нагу. Успыхнуў аганёк цыгарэты, і я ўбачыў, як Готфрыд непрыкметна ўсміхаўся і падміргваў мне. Я быў выратаваны.
— Не, мы былі там не разам, — заявіў Готфрыд. — У той час я быў адзін. Але… як наконт апошняга глытка гэтага ляснога пітва?
— Больш не хачу, — Пат пахітала галавой. — Так шмат віна я не п'ю.
Нас паклікаў Фердынанд, і мы рушылі да яго. Яго масіўная фігура засланяла дзверы.
— Хадзем, сябры, — сказаў ён. — Такім людзям, як мы, ноччу да прыроды няма справы. Ноччу ёй хочацца пабыць адной. Селянін ці рыбак — іншая справа. А мы, жыхары гарадоў, з іншымі прытупленымі інстынктамі — лішнія. — Ён паклаў руку Готфрыду на плячо. — Ноч — пратэст прыроды супроць чумы цывілізацыі, Готфрыд! Прыстойны чалавек доўга не вытрывае такога. Ён заўважыць, што выштурхнуты з маўклівага кола дрэў, звяроў, зорак і несвядомага жыцця.
Ён усміхнуўся дзіўнай усмешкай, пра якую нельга было сказаць, вясёлая яна ці сумная.
— Заходзьце, сябры. Пагрэем рукі каля ўспамінаў. Ах, цудоўны час, калі мы былі хвашчамі і яшчаркамі, пяцьдзесят — шэсцьдзесят тысяч год таму назад… О божа, як мы нізка апусціліся з той пары…
Ён узяў Пат за руку.
— Калі б у нас ужо не засталося ні кропелькі прыгожага, мы прапалі б… — Пяшчотным рухам сваёй вялізнай лапы ён падсунуў локаць ёй пад далоню. — Серабрысты зорны дах над грымучым прадоннем… зрабіце ласку, выпіце са старажытным чалавекам чарачку…
Пат згодна кіўнула.
— Давайце, — сказала яна. — Усё, што вы захочаце…
Яны ўвайшлі ў памяшканне. Побач з Фердынандам Пат здавалася яго дачкой. Статная, адважная маладая дачка зморанага асілка, які дайшоў да нас з дагістарычнага часу.
У адзінаццаць гадзін мы паехалі дадому. Валянцін і Фердынанд сядзелі ў таксі, вёў машыну Валянцін. Астатнія селі ў «Карла». Ноч была цёплая; Кёстэр зрабіў кругаля праз вёскі, якія, паснулыя, ляжалі абапал дарогі. Там-сям свяціліся вокны, зрэдку брахалі сабакі. Ленц сядзеў на пярэднім сядзенні побач з Ота і спяваў, мы з Пат прымасціліся на заднім сядзенні.