Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— У цябе сёння ўдалы дзень, — сказала на гэта Пат. — Трыццаць пяць.
— Мужчына, — разважаў я далей, — робіцца сквапным на грошы толькі праз жаданні жанчын. Калі б не было жанчын, не было б і грошай, і мужчыны хадзілі б усе героямі. У акопах не было жанчын, таму і не надавалася значэння, хто чым валодае, глядзелі толькі, што ты за чалавек. Гэта я кажу не ў абарону акопаў, а толькі каб высветліць, што такое каханне. Яно абуджае ў чалавеку горшыя інстынкты — прагу штосьці мець, нешта значыць, зарабляць, не хвалявацца. Нездарма дыктатары любяць, каб іх памагатыя мелі сям'ю, — тады яны не такія небяспечныя. І нездарма каталіцкія духоўнікі не маюць жонак, інакш яны не сталі б адважнымі місіянерамі.
— У цябе сёння нават незвычайны дзень, — сказала Пат лагодна. — Пяцьдзесят два.
Я схаваў дробязь у кішэню і запаліў.
— Ці не пара табе ўжо перастаць лічыць? — спытаў я. — Табе ўжо за семдзесят.
— Сто, Робі. Сотня — добрая лічба. Я хачу дажыць да ста.
— Малайчына! Вось гэта — мужнасць! Але навошта табе такое доўгае жыццё?
Яна кінула на мяне беглы погляд.
— Будзе відаць. Я на гэта гляджу інакш, чым ты.
— Ну, вядома. Між іншым, найцяжэй жыць толькі першыя семдзесят гадоў. Потым, як кажуць, будзе лягчэй.
— Сто! — заявіла Пат, і мы ўсталі.
Мора набліжалася, як вялізны срабрысты ветразь. Ужо здалёку мы адчулі яго салёнае дыханне. Гарызонт пашыраўся і святлеў, і раптам яно адкрылася перад намі — неспакойнае, магутнае, бясконцае.
Дарога, зрабіўшы дугу, падбегла да самага берага. Потым з'явіўся лес, а за ім — вёска. Мы знайшлі дом, дзе думалі жыць. Ён стаяў крыху ў баку ад вёскі. Адрас нам даў Кёстэр. Ён жыў тут каля года пасля вайны.
Гэта была невялічкая адзінокая віла. Я, зрабіўшы на сваім «сітраэне» элегантны разварот, спыніўся і пасігналіў. У адным акне з'явіўся шырокі твар, невыразна зыркнуў на нас і знік.
— Будзем спадзявацца, што гэта не фройляйн Мюлер, — сказаў я.
— Ці не ўсё роўна, як яна выглядае? — сказала Пат.
Дзверы адчыніліся. Ну, дзякуй богу, гэта была не фройляйн Мюлер. Гэта была служанка. Фройляйн Мюлер, гаспадыня дома, з'явілася праз хвіліну. Гэта была манерная старая дзева з сівымі валасамі. На ёй была закрытая чорная сукенка, а замест брошкі — залаты крыжык.
— На ўсякі выпадак надзень зноў панчохі, Пат, — прашаптаў я, глянуўшы на крыжык.
Я выйшаў з машыны.
— Спадзяюся, што пан Кёстэр ужо паведаміў пра нас, — сказаў я.
— Так, ён прыслаў тэлеграму, што вы едзеце. — Яна строгім выпрабавальным позіркам аглядала мяне. — Дарэчы, як пажывае пан Кёстэр?
— Ах, выдатна, наколькі можна сёння ўжываць гэтае слова.
Яна кіўнула галавой і зноў зірнула на мяне, ацэньваючы.
— Вы даўно знаёмыя?
«Сапраўдны экзамен», — падумаў я і далажыў, з якога часу мы знаёмыя з Ота. Здалося, яна задаволена адказам. Падышла Пат. Яна ўжо была ў панчохах. Позірк фройляйн Мюлер памякчэў. Да Пат у яе, відаць, было больш даверу, чым да мяне.
— У вас ёсць пакой для нас? — спытаў я.
— Калі пан Кёстэр просіць тэлеграмай, вам заўсёды знойдзецца пакой, — заявіла фройляйн Мюлер і глянула на мяне крыху пагардліва. — Я адцам вам нават самы лепшы пакой, — звярнулася яна да Пат.
Пат усміхнулася. Фройляйн Мюлер адказала ёй усмешкай.
— Пойдзем глянем, — сказала яна.
Яны пайшлі ўдзвюх поплеч па вузкай дарожцы праз невялічкі сад. Я цягнуўся ззаду, як лішні тут — фройляйн Мюлер звярталася толькі да Пат.
Пакой, які яна паказала нам, быў на першым паверсе, з асобным уваходам з саду. Гэта вельмі мне спадабалася. Пакой быў даволі вялікі, светлы і ўтульны. З аднаго боку, у нішы, стаялі два ложкі.
— Ну як? — спытала фройляйн Мюлер.
— Выдатна, — сказала Пат.
— Нават шыкоўна, — дадаў я, каб падлізацца да гаспадыні. — А дзе другі?
Фройляйн Мюлер павольна павярнулася да мяне.
— Другі? Які — другі? Вы гэтага не хочаце? Ён вам не падабаецца?
— Пакой проста цудоўны, — адказаў я. — Але…
— Але? — сказала фройляйн Мюлер крыху з'едліва. — На жаль, лепшага за гэты ў мяне няма.
Я ўжо хацеў растлумачыць ёй, што нам патрэбны два асобныя пакоі, але яна дадала:
— Вашай жонцы пакой спадабаўся…
«Вашай жонцы…» Мне здалося, што я нават адступіў на крок. На самай справе я не зрушыўся з месца. Я асцярожна зірнуў на Пат, якая, прыхіліўшыся да падаконніка, намагалася не засмяяцца, убачыўшы мой выгляд.
— Вядома, мая жонка… — сказаў я і ўтаропіўся на залаты крыжык на грудзях фройляйн Мюлер. Нічога не зробіш, не тлумачыць жа ёй, як і што. Яна, пэўна, адразу самлела б.
— Мы проста прывыклі спаць у двух пакоях, — сказаў я. — Кожны ў асобным.