Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— Даваенная натура, мамка. А ўвогуле — як ідуць справы?
— Дрэнна! Учора сем пар венскіх сасісак і дзевяць сардэлек. Ты ведаеш, каб не мае дзяўчаты, я даўно скапыцілася б. — Яна мела на ўвазе прастытутак, якія падтрымлівалі «мамку», як толькі маглі. Калі яны падчэплівалі кавалера, то пры магчымасці праводзілі яго каля кацялка «мамкі», каб перад «справай» з'есці сардэльку і даць крыху зарабіць старой.
— Неўзабаве пацяплее, — працягвала мамка, — а вось зімой, на золі і ў холадзе… як ні апранайся, усё роўна не ўберажэшся.
— Дай мне яшчэ сардэльку, — сказаў я. — Так прыемна жыць. А як справы дома?
Яна зірнула на мяне сваімі маленькімі празрыстымі вочкамі.
— Тое ж самае. Надоечы прадаў ложак.
«Мамка» была замужам. Дзесяць год назад яе муж трапіў пад электрычку, калі хацеў ускочыць на хаду. Яму ампутавалі абедзве нагі. Няшчасце дзіўным чынам адбілася на ім. Ён так саромеўся перад жонкай свайго калецтва, што перастаў з ёй спаць. Акрамя таго, у бальніцы ён прызвычаіўся да морфію. Гэта хутка даканала яго, ён трапіў у кампанію гомасексуалістаў, і скора мужчына, які пяцьдзесят гадоў быў нармальны, нікога не прызнаваў, акрамя хлопчыкаў. Іх ён не саромеўся, бо яны былі мужчыны. Для жанчын ён быў калека, якому здавалася, што ён выклікае агіду і спачуванне, а гэтага ён вытрымаць не мог. Для мужчын ён быў усяго толькі няшчасны. Каб мець грошы на хлопчыкаў і морфій, ён забіраў у «мамкі» ўсё, што знаходзіў, і прадаваў усё, што можна было прадаць. Але «мамка» не кідала яго, хоць ён часта яе лупцаваў. Яна разам з сынам стаяла каля свайго кацялка кожную ноч да чатырох гадзін. Удзень яна мыла бялізну і прыбірала лесвіцы. У яе ўжо даўно балеў страўнік, але ніхто ніколі не бачыў яе ў дрэнным настроі. Яна лічыла, што ёй жывецца нядрэнна. Часам да яе прыходзіў муж, калі адчуваў сябе асабліва мярзотна, і плакаў. Гэта былі лепшыя хвіліны яе жыцця.
— Ты ўсё яшчэ на сваім добрым месцы? — спытала яна мяне.
Я кіўнуў.
— Так, мамка. Я добра зарабляю.
— Глядзі ж, трымайся за месца.
— Пастараюся, мамка.
Я прыйшоў дамоў. Каля пад'езда стаяла, нібы з неба звалілася, служанка Фрыда.
— Вы чароўнае дзіця, — сказаў я, адчуваючы патрэбу зрабіць нешта добрае.
Яна скрывіла твар, быццам воцату каўтнула.
— Сур'ёзна! — працягваў я. — Які сэнс вечна сварыцца! Жыццё занадта кароткае, Фрыда, яно поўнае выпадковасцей і небяспекі. Сёння трэба жыць дружна. Дамовіліся?
Яна не заўважыла маёй працягнутай рукі, прамармытала нешта пра заклятых п'яніц і, грукнуўшы дзвярыма, знікла.
Я пастукаў у дзверы да Георгі Блока. Праз шчыліну пад дзвярыма пранікала святло. Ён зубрыў.
— Пайшлі, Георгі, кусанём, — сказаў я.
Ён зірнуў на мяне. Яго бледны твар зачырванеўся.
— Я не хачу есці.
Ён падумаў, што я клічу яго ад спачування. Таму і не хацеў.
— Спачатку паглядзі, — сказаў я. — А то потым пашкадуеш. Зрабі мне ласку.
Калі мы ішлі праз калідор, я заўважыў, што дзверы ў Эрны Бёніг зачынены не шчыльна. За дзвярыма чулася ціхае дыханне. «Ага», — падумаў я і пачуў, як у Хасэ вельмі асцярожна шчоўкнулі замком, і дзверы таксама прачыніліся на сантыметр. Увесь пансіянат, відаць, напружана чакаў маёй кузіны.
Пад зыркім святлом верхніх лямпаў стаялі парчовыя крэслы ад фраў Залеўскі. Ярка свяціла лямпа ад Хасэ, асвятляючы ананасы, дарагую пячоначную каўбасу, скрылькі судака, бутэльку чэры. Калі мы з анямелым Георгі пачалі ўплятаць яду, у дзверы пастукалі. Я ведаў, што будзе.
— Увага, Георгі, — прашаптаў я і крыкнуў: — Заходзьце!
Дзверы адчыніліся, і, згараючы ад цікаўнасці, увайшла фраў Залеўскі. Першы раз у жыцці яна сама асабіста прынесла мне пошту: нейкую рэкламу, якая тэрмінова заклікала мяне харчавацца сырымі прадуктамі. Яна прыбралася, як фея на баль, велікасвецкая дама з былых лепшых часоў — карункавая сукенка, шаль з махрамі і брошка з партрэтам нябожчыка Залеўскі. Саладжавая ўсмешка застыла раптам на яе твары, расчаравана яна ўзіралася на Георгі, які засаромеўся. Я бессардэчна зарагатаў. Яна хутка ўзяла сябе ў рукі.
— Ага, адстаўка, — сказала яна з'едліва.
— Так і ёсць, — пагадзіўся я, усё яшчэ любуючыся ёй. — Якое шчасце, што з майго запрашэння нічога не атрымалася!
Фраў Залеўскі нядобра глянула на мяне.
— І вы яшчэ смяецеся? Я ж заўсёды гаварыла: у вас замест сэрца бутэлька з гарэлкай.
— Моцна сказана, — адказаў я. — Можа, зробіце нам ласку, далучыцеся, шаноўная пані?
Яна вагалася. Але потым цікаўнасць перамагла, хацелася нешта даведацца. Я адкаркаваў бутэльку чэры.
Позна, калі ўсё заціхла, я ўзяў паліто і коўдру і праз калідор пракраўся да тэлефона. Я ўкленчыў перад сталом, на якім стаяў апарат, накрыўся коўдрай і паліто, зняў слухаўку, прытрымліваючы з-пад нізу левай рукой паліто. Я быў упэўнены, што так мяне ніхто не падслухае. У пансіяната былі надзвычай доўгія, цікаўныя вушы. Мне пашанцавала. Патрыцыя Хольман была дома.
— Вы даўно вярнуліся са сваёй таямнічай нарады? — спытаў я.
— Амаль гадзіну назад.
— Шкада. Каб я ведаў…
Яна засмяялася.
— Не, нічога не выйшла б. Я ляжу ў пасцелі, у мяне зноў паднялася тэмпература. Вельмі добра, што я ў час прыйшла дахаты.
— Тэмпература? Што гэта за тэмпература?
— А, нічога страшнага. А што вы рабілі сёння?
— Абмяркоўваў з гаспадыняй міжнароднае становішча. А вы? Уладкавалі свае справы?
— Здаецца, усё ў парадку.
Пад маім покрывам стала горача, як у тропіках. Таму, як толькі пачынала гаварыць дзяўчына, я рабіў вентыляцыю, паспешліва ўдыхаў свежае паветра і зноў накрываўся, калі трэба было гаварыць самому.