Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Ну, стары, вялікі дзякуй табе, — сказаў я і пагладзіў яго. — Рыхтуйся да новых подзвігаў!

XV

Над лугамі стаяў светлы іскрысты ранак. Мы з Пат сядзелі на лясной паляне і снедалі. Я ўзяў два тыдні адпачынку. Мы вандравалі да мора. На дарозе стаяў невялічкі стары «сітраэн». Мы ўзялі яго ў кошт платы за стары «форд» булачніка, і Кёстэр даў мне яго на час водпуску. Ён напамінаў старога ішака — так быў абвешаны чамаданамі.

— Будзем спадзявацца, што за дарогу ён не зваліцца з ног, — сказаў я.

— Вытрымае, — адказала Пат.

— Адкуль ты ведаеш?

— Інакш не можа быць, бо гэта ж наш водпуск, Робі.

— Магчыма, — сказаў я. — Але, акрамя ўсяго, я ведаю, якая ў яго задняя вось. Яна не вельмі надзейная. Асабліва пад нагрузкай.

— Гэты аўтамабіль — брат «Карла». Ён не падвядзе.

— Жахліва рахітычны брат.

— Кінь ганьбіць, Робі. На сёння лепшай машыны я не ведаю.

Мы яшчэ крыху паляжалі на лузе. Ад лесу дзьмуў цёплы, мяккі вецер. Пахла смалой і травамі.

— Скажы мне, Робі, — спытала Пат неўзабаве, — што гэта за кветкі там, каля ручая.

— Анемоны, — адказаў я, не гледзячы.

— Ну што ты, дарагі! Гэта не анемоны. Анемоны маленькія, акрамя таго, яны цвітуць толькі вясной.

— Правільна, — сказаў я. — Гэта буйміна лугавая.

Яна пахітала галавой.

— Буйміну я ведаю. Яна выглядае зусім інакш.

— Тады гэта цыкута.

— Што ты, Робі? Цыкута ж белая, а не чырвоная.

— Тады я не ведаю. Да гэтага часу, калі ў мяне пыталіся, я абыходзіўся гэтымі трыма назвамі. І заўсёды адной з іх верылі.

Яна засмяялася.

— Шкада. Каб ведала, задаволілася б анемонай.

— Трэба было спыніцца на буйміне, — сказаў я. — З ёй у мяне часцей за ўсё бываў поспех.

Яна села.

— Вось гэта здорава! І часта ў цябе пыталіся?

— Не вельмі. І пры розных акалічнасцях.

Яна ўперлася далонямі ў зямлю.

— Шчыра кажучы, гэта ганьба, што мы ходзім па зямлі, амаль нічога не ведаючы пра яе. Не ведаем нават назваў, якіх не так шмат.

— Не перажывай, — сказаў я. — Яшчэ большая ганьба, што мы не ведаем, чаго ходзім па зямлі. Таму ведаць на некалькі назваў больш ці менш нічога не значыць.

— Не кажы так! Але мне здаецца, што ты гаворыш так толькі ад ляноты.

Я павярнуўся.

— Вядома. Лянота таксама яшчэ грунтоўна не асэнсавана. Яна — крыніца шчасця і канец філасофіі. Хадзем, ляж на сваё месца. Чалавек занадта мала ляжыць. Ён увесь час стаіць ці сядзіць. Гэта шкодна для жывёльнага самаадчування. Толькі лежачы, цалкам прыміраешся з самім сабой.

Загудзеў матор, міма праехала машына.

— Маленькі «мерседэс», — сказаў я, не ўстаючы. — Чатырохцыліндровы.

— Яшчэ адна ідзе, — падказала Пат.

— Так, я ўжо чую. «Рэно». Радыятар, як свіное рыла?

— Так.

— Тады гэта «рэно». Але паслухай, што за штуковіна ідзе цяпер. «Ланча»! Яна, напэўна, гоніцца за гэтымі дзвюма, як воўк за парай ягнятак. Паслухай толькі, як спявае матор! Як арган!

Машына праімчалася міма.

— Тут ты, мусіць, ведаеш больш за тры назвы? — спытала Пат.

— Вядома. І нават правільна.

Яна засмяялася.

— І гэта сумна ці не?

— Чаму сумна. Гэта нармальна. Мне бывае даражэй адна машына, чым дваццаць квяцістых лугоў.

— Тыповы сын дваццатага стагоддзя! Сентыментальнасці няма ў цябе ні кроплі…

— Ёсць, ты ж чуеш, у адносінах да машын…

Яна зірнула на мяне.

— Як і ў мяне, — сказала яна.

У ельніку закукавала зязюля. Пат пачала лічыць.

— Навошта ты гэта робіш? — спытаў я.

— А ты не ведаеш? Колькі разоў яна пракукуе, столькі гадоў мне застанецца жыць.

— Ах, вось што. Але тут ёсць яшчэ нешта. Калі кукуе зязюля, трэба трэсці грошы. Тады яны будуць весціся. Я дастаў з кішэні дробязь і пачаў трэсці яе ў жмені.

— Вось ты які, — сказала Пат і засмяялася. — Я хачу жыць, а ты хочаш грошай.

— Каб жыць, — адказаў я. — Сапраўдны ідэаліст імкнецца мець грошы. Грошы — гэта свабода. Свабода — гэта жыццё.

— Чатырнаццаць, — налічыла Пат. — Аднойчы ты казаў пра гэта інакш.

— Гэта было ў змрочную пару майго жыцця. Пра грошы нельга гаварыць з пагардай. Многія жанчыны нават кахаюць за грошы. І наадварот, у шмат якіх мужчын каханне выклікае цягу да грошай. Грошы, такім чынам, параджаюць ідэалы, каханне ж, наадварот — матэрыялізм.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: